Між тым я толькі што вярнуўся з цяжкага падарожжа, бясконца змарыўся і мне патрабаваўся адпачынак. Я марыў аб звароце на радзіму, да сваіх сяброў, у сваю маленькую кватэрку каля батанічнага саду, да сваіх дарагіх і бясцэнных калекцый! Але нішто не магло стрымаць мяне. Я забыўся на ўсё — на стому, на сяброў, калекцыі — і, доўга не думаючы прыняў запрашэнне амерыканскага ўрада.
«Да таго-ж, — думаў я, — усе дарогі вядуць у Еўропу, і можа здарыцца, што нарвал ласкава прыцягне мяне да берагоў Францыі. Гэтая паважаная жывёла можа дазволіць прыкончыць сябе ў Еўрапейскіх морах, і я завязу тады прынамсі паўметровы кавалак яго алебарды ў музей прыродазнаўства ў Парыжы!»
Але пакуль што нарвала прыходзілася шукаць у паўночнай частцы Ціхага акіяна, гэта значыць варочацца ў Францыю вакол свету.
— Кансель! — крыкнуў я нецярпліва.
Кансель быў маім слугой і суправаджаў мяне ва ўсіх паездках. Я шчыра палюбіў гэтага слаўнага фламандца, і ён плаціў мне тою-ж самаю манетай. Гэта быў чалавек флегматычны па прыродзе, сур’ёзны і салідны па характару, старанны і паслухмяны па звычках; ён спакойна сустракаў усе жыццёвыя нечаканасці, быў майстра на ўсе рукі, прагны да работы і, наперакор свайму імю[9], ніколі і нікому не даваў парад, нават калі ў яго іх прасілі.
Маючы заўсёды дачыненне да гуртка вучоных, наведваўшых маю маленькую кватэру, Кансель паступова сам многаму навучыўся і ператварыўся ў спецыяліста ў галіне прыродазнаўчай класіфікацыі, здольнага са шпаркасцю акрабата прабягаць усе ступені аддзелаў, груп, класаў, падкласаў, атрадаў, сем’яў, родаў, відаў і падвідаў. Але ўсе яго веды гэтым і абмяжоўваліся. Класіфікаваць — у гэтым заключалася ўсё яго жыццё і на гэтым ён спыніўся. Многа ведаючы ў тэорыі класіфікацыі і вельмі далёка ад практычных ведаў, ён не здолеў-бы, я думаю, адрозніць кіта ад кашалота!
І ўсё-ж які харошы дзяцюк!
На працягу дзесяці год Кансель суправаджаў мяне усюды, куды толькі вабіла мяне навука. Ніколі ніводнай скаргі на працягласць падарожжа або стому!
Заўсёды згодны адправіцца ў якую хочаш краіну, на якую хочаш адлегласць, хай гэта будзе Кітай або Конго, ён гатовы быў ехаць абы куды, ні пра што не распытваючы.
У яго было выключнае здароўе, пры якім не страшны ніякія хваробы, моцныя мускулы і сапраўды жалезныя нервы.
Яму было трыццаць гадоў, і яго ўзрост адносіўся да ўзросту яго гаспадара, як пятнаццаць да дваццаці. Прашу прабачэння за гэты некалькі складаны спосаб прызнання ў тым, што мне сорак год. Кансель меў толькі адзін недахоп. Непапраўны фармаліст, ён гаварыў са мною не інакш, як у трэцяй асобе, і гэта нярэдка выводзіла мяне з цярплівасці.
— Кансель! — паўтарыў я, пачынаючы ў той-жа час паспешна рыхтавацца да ад’езду.
Я быў упэўнены, што Кансель бязмежна адданы мне. Звычайна я ніколі не пытаў яго, ці згодзен ён суправаджаць мяне ў падарожжа; але на гэты раз меркавалася экспедыцыя, якая пагражала нямаведама паколькі зацягнуцца і да таго яшчэ была рызыкоўным прадпрыемствам. Гэта не жарты: праследваць жывёлу, здольную патапіць фрэгат, як арэхавую лушпайку! Было над чым задумацца нават самаму спакойнаму чалавеку ў свеце! Што скажа Кансель?
— Кансель! — клікнуў я яго трэці раз.
Кансель з’явіўся.
— Гаспадар клікаў мяне? — спытаў ён, уваходзячы.
— Так, галубок. Прыгатуй усё, што патрэбна для мяне і для цябе. Праз дзве гадзіны мы адпраўляемся.
— Як будзе пажадана гаспадару, — спакойна адказаў Кансель.
— Нельга траціць ніводнай хвіліны. Складзі ў мой чамадан усё неабходнае для дарогі, вопратку, кашулі, шкарпэткі, палажы іх столькі, колькі ўлезе, але толькі як мага хутчэй!
— А калекцыі гаспадара? — заўважыў Кансель.
— Мы зоймемся імі пазней. Яны застануцца на схову ў гасцініцы.
— А аленні кабан?
— Яго будуць карміць і без нас. Дарэчы, я распараджуся, каб увесь наш звярынец адправілі ва Францыю.
— Значыцца мы не вяртаемся ў Парыж? — спытаў Кансель.
— Але, так, — ухіляючыся, адказаў я, — але робячы крук…
— Які хочаце друк, калі гэта да спадобы гаспадару.
— О, гэта дробязь! Той-жа шлях, толькі крыху даўжэйшы. Вось і ўсё. Мы адправімся на «Аўрааме Лінкальне».
— Як пажадае гаспадар, — спакойна адказаў Кансель.
— Ты ведаеш, любы мой, справа ідзе аб страшыдле… вядомым нарвале… Мы павінны вызваліць ад яго мора!.. Аўтар двухтомных «Таямніц марскога дна» не можа адмовіцца ад падарожжа з капітанам Фарагутам… Слаўная місія, але разам з тым і небяспечная! Зусім невядома куды нас завядзе нарвал… Гэтая жывёла можа аказацца дужа капрызнай. І ўсё-ж паедзем! Наш капітан— малайчына!