Выбрать главу

У поўдзень, калі памочнік капітана «браў» секстантам вышыню сонца, я ўбачыў верхавіны гор Арфалькса, якія ўздымаліся ўступамі і канчаліся вострымі пікамі.

Новая Гвінея была адкрыта ў 1511 годзе партугальцам Францыскам Серано; яе наведалі паслядоўна дон Хозе Менесес у 1526 годзе, Грыхальва — у 1527, іспанскі генерал Альвар дэ Сааведра — у 1528, Хіго Ортэц — у 1545, галандзец Шутэн — у 1616, Нікалай Стрэйк — у 1753, Тасман, Дамп’е, Фюмель, Картрэ, Эдвардс, Бугенвіль, Кук, Форэст, Мак Клёр, д’Антркасто ў 1792, Дзюперэй у 1823 і нарэшце Дзюмон-Дзюрвіль у 1827.

«Гэта цэнтр усяго чорнаскурага насельніцтва Меланезіі», сказаў аб Новай Гвінеі дэ Рыенцы.

Мне і ў галаву не прыходзіла, што выпадковасці нашага плавання прывядуць мяне да гэтых цікавых берагоў.

«Наўтылус» падышоў да ўваходу ў гэтую самую небяспечную ў свеце пратоку, перад якой у разважанні спыняліся нават самыя адважныя мораплаўцы. Гэтая пратока была адкрыта Луі Пац дэ-Торэсам на зваротным шляху з паўднёвых мораў у Меланезію; тут у 1848 годзе ледзь не загінулі на мяліне экспедыцыі Дзюмон-Дзюрвіля. Нават «Наўтылус», які не баіцца ніякіх небяспек у вадзе, павінен быў пазнаёміцца з яго каралавымі рыфамі.

Тарэсава пратока мае прыкладна сто трыццаць пяць — сто сорак кіламетраў у шырыню, але яна завалена незлічымай колькасцю астравоў і астраўкоў, скал і падводных рыфаў, якія робяць амаль немагчымым праход праз яе.

Капітан Нэма, улічваючы гэта, прыняў усе неабходныя перасцярогі: «Наўтылус» плыў на паверхні вады з вельмі малай хуткасцю. Лопасці яго вінта, як хвост стомленага кіта, павольна білі ваду.

Карыстаючыся гэтым, я і абодва мае таварышы вышлі на заўсёды пустую палубу і сталі за стырнавой будкай. Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што капітан Нэма сапраўды знаходзіўся там, асабіста кіруючы «Наўтылусам».

У мяне перад вачыма ляжала вельмі добрая карта Тарэсавай пратокі, складзеная інжынерам-гідрографам Вінцэндонам Дзюмуленам і мічманам экспедыцыі — цяпер адміралам — Купван-Дзюбуа, прымаўшым удзел у апошняй кругасветнай экспедыцыі Дзюмон-Дзюрвіля. Гэта карта, а таксама карта складзеная капітанам Кінгам, — лепшыя карты Тарэсавай пратокі, разблытваючыя гэты непраходны лабірынт. Я сачыў па іх з надзвычайнай увагай.

Вакол «Наўтылуса» мора шалёна клекатала. Моцнае цячэнне, якое несла свае воды з паўднёвага ўсходу на паўночны захад з хуткасцю двух з паловай міль у гадзіну, разбівалася аб рыфы, выступаўшыя з вады амаль на кожным кроку.

— Вось шкоднае мора! — сказаў мне Нэд Лэнд.

— Сапраўды, горш нельга прыдумаць, — адказаў я, — нават для «Наўтылуса», які ўсюды праходзіць.

— Трэба думаць, што гэты пракляты капітан добра ведае свой шлях, бо я бачу там такую каралавую кашу, што пры першай сутычцы з ёй «Наўтылус» рассыплецца на кавалкі.

І сапраўды, станавішча было вельмі сур’ёзным. Але «Наўтылус», нібы пад чараўніцтвам, шчасліва прапаўзаў каля самых грозных скал. Ён не трымаўся шляху, пракладзенага караблямі Дзюмон-Дзюрвіля, «Астралябіяй» і «Стараннай», якія ледзь не загінулі на гэтым шляху. Падводны карабель трымаў курс: больш паўночны і толькі абышоўшы востраў Мёрэя, завярнуўся на паўночны захад, да праходу Кумбэрлэнда. Я было падумаў, што цяпер «Наўтылус» пойдзе прама гэтым праходам, як раптам ён павярнуў на паўночны захад і паплыў, абмінаючы незлічоную колькасць малавядомых астравоў і астравочкаў да вострава, Таўнда і Небяспечнага канала.

Я са здзіўленнем запытваў сябе, няўжо капітан Нэма будзе такім неасцярожным, што павядзе свой карабель гэтым каналам, дзе селі на мель абодва караблі Дзюмон-Дзюрвіля, але ў гэты час, зноў змяніўшы кірунак, «Наўтылус» пайшоў прама на захад да вострава Гвебаару.

Ужо было каля трох гадзін дня. Прыліў амаль дасягнуў свайго вышэйшага пункту і хваляванне сціхала. «Наўтылус» падышоў да гэтага вострава. Мы былі ад яго толькі за дзве мілі. Я і цяпер яшчэ бачу прыгожы бераг, парослы пальмамі.

Раптам моцны штуршок паваліў мяне на палубу.

«Наўтылус» напароўся на рыф і спыніўся, трохі нахіліўшыся ўправа.

Падняўшыся на ногі, я ўбачыў, што на палубу ўжо вышлі капітан Нэма і яго памочнік. Яны аглядалі судна, і адрывіста гаварылі між сабой на невядомай мне мове.

Вось якое было становішча. За дзве мілі, за штырбортам, віднеўся востраў Гвебараар, які цягнуўся з поўначы на поўдзень, як гіганцкая рука. На ўсходзе з вады ўжо сталі паказвацца аголеныя адлівы верхавіны рыфаў.

Мы грунтоўна селі на мель, ды яшчэ ў такім месцы, дзе прылівы не бываюць высокімі. Гэта не абяцала нічога добрага «Наўтылусу». Аднак карабель не пацярпеў ад сутычкі, настолькі моцным быў яго корпус. Але калі «Наўтылус» не здолее ні зняцца з мелі, ні апусціцца ў ваду, то як-бы ён ні быў добра зроблены, цячэнне хутка расправіцца з ім, і тады — бывай, капітан Нэма!..