Выбрать главу

Гэтак я думаў, калі да мяне падышоў капітан Нэма, добра ўладаючы сабою, як звычайна спакойны і халодны. На яго твары нельга было прачытаць ні трывогі, ні хвалявання.

— Няшчасны выпадак? — запытаў я яго.

— Не, проста здарэнне, — адказаў ён.

— Але ўсё-ткі гэтае здарэнне можа прымусіць вас зноў стаць жыхаром той самай зямлі, ад якой вы бяжыце?

Капітан Нэма неяк дзіўна паглядзеў на мяне і адмоўна паківаў галавой. Ён, відаць, хацеў даць мне зразумець, што ніколі нішто не прымусіць яго вярнуцца на зямлю. Затым ён сказаў:

— Што вы, прафесар? Становішча «Наўтылуса» зусім не такое безнадзейнае. Ён яшчэ будзе насіць нас сярод цудаў акіяна. Наша падарожжа толькі пачалося, і я не хачу яшчэ так хутка страціць гонар быць вашым спадарожнікам!

— Аднак, капітан, — супярэчыў я, робячы выгляд, што не заўважыў іроніі ў яго словах, — «Наўтылус» сеў на мель у самы прыліў. Заўважце, што ціхаакіянскія прылівы наогул невысокія, і калі толькі вы не знойдзеце спосабу як-небудзь палегчыць «Наўтылуса», я не бачу, якім чынам вы прымусіце яго зноў усплыць на ваду.

— Ваша праўда, прафесар, — адказаў капітан Нэма, — ціхаакіянскія прылівы невысокія, але ўсё-такі ў Тарэсавай пратоцы ўзровень высокай і нізкай вады розніцца на паўтара метра. Сёння ў нас 4 студзеня, і праз пяць дзён наступіць поўналунне. Я буду вельмі здзіўлены, калі месяц, гэты верны спадарожнік зямлі, не падыме марскую ваду да такой вышыні, каб зрабіць мне гэтую дробную для яго паслугу.

З гэтымі словамі капітан Нэма, разам са сваім памочнікам, пайшоў унутр «Наўтылуса». Падводны карабель стаяў нерухома, як прыросшы да месца, нібы каралавыя паліпы паспелі ўжо замураваць яго ў скалу сваім непарушымым цэментам.

— Ну што, спадар прафесар? — запытаў Нэд Лэнд, зараз-жа падышоўшы да мяне пасля ўходу капітана.

— Вось што, дружа Нэд: мы спакойненька дачакаемся прыліву 9 студзеня. Выходзіць так, што месяц ласкава дапаможа зняцца нам з мелі.

— Толькі ўсяго?

— Толькі ўсяго!

— І капітан не закіне якара далей і не пусціць машыну поўным ходам, каб паспрабаваць зняцца з мелі!

— Навошта ўсё гэта, калі нас зніме з мелі прыліў? — проста адказаў Кансель.

Канадзец паглядзеў на Канселя і паціснуў плячыма. У ім загаварыла цяпер абражанае пачуццё марака.

— Помніце маё слова, спадар прафесар, — звярнуўся ён да мяне, — ніколі больш гэтая жалезная памыйніца не будзе плаваць ні па вадзе, ні пад вадой! Яна варта цяпер толькі для продажу на злом! Я думаю таму, што прыйшоў час вызваліць капітана Нэма ад нашай кампаніі!

— Бачыце, дарабі Нэд, — адказаў я, — я не так песімістычна гляджу на будучае гэтага выдатнага карабля, як вы. Пачакайце чатыры дні — мы даведаемся дакладна, якая сіла прыліваў Ціхага акіяна. Дарэчы кажучы, парада уцякаць была-б пажаданай каля берагоў Англіі альбо Праванса. А каля берагоў Новай Гвінеі не варта спяшацца, бо ніколі няпозна будзе звярнуцца да гэтага спосабу, калі «Наўтылус» не здымецца з мелі. Павінен толькі сказаць вам, што гэты апошні выпадак я лічу небяспечным і зусім непажаданым.

— Але ці нельга хоць сыйсці на зямлю? — з прыкрасцю запытаўся Нэд Лэнд. — Вось напрыклад, востраў. На гэтым востраве растуць дрэвы. Пад імі вандруюць зямныя жывёліны — жывыя катлеты, ростбіфы і біфштэксы… З якой-бы прыемнасцю я іх пакаштаваў!

— Вось у гэтым праўда Нэда, — сказаў Кансель. — Я цалкам далучаюся да яго погляду. Ці не можа гаспадар дамагчыся ў свайго прыяцеля, капітана Нэма, дазволу сыйсці на гэты бераг, хаця-б для таго, каб мы не адвыклі ступаць па цвёрдай зямлі?

— Я магу папрасіць у яго дазволу, але я ўпэўнены, што ён адмовіць.

— Няхай гаспадар усё-такі паспрабуе, — сказаў Кансель, — прынамсі мы будзем ведаць мяжу ласкавасці капітана Нэма!

На маё шчырае здзіўленне, капітан Нэма даў дазвол зараз-жа і з вялікай ахвотай. Ён нават не патрабаваў ад мяне абяцання вярнуцца на борт. Але трэба сказаць, што падарожжа па астравах Новай Гвінеі было настолькі небяспечным, што я не параіў-бы Нэду Лэнду пачынаць яго. Лепш было заставацца ў палоне на «Наўтылусе», чымся трапіць у рукі тубыльцаў-папуасаў.

Я не спрабаваў даведацца, ці збіраецца капітан Нэма суправаджаць нас. Больш таго, я быў упэўнены, што ніхто з матросаў не будзе адпушчаны з намі, і Нэду Лэнду самому прыйдзецца кіраваць шлюпкай. Але зямля знаходзілася толькі на дзве мілі ад нас, і канадзец, як добры марак, безумоўна здолее пераправіць лёгкі човен цераз грады скал, пагібельныя для вялікіх караблёў.