Выбрать главу

Назаўтра, 5 студзеня, шлюпку выцягнулі з гнязда і пусцілі на ваду. Гэта лёгка зрабілі два матросы. Вёслы былі складзены на дне, і нам заставалася толькі заняць месцы на лаўках.

У восем раніцы, узброеныя стрэльбамі і сякерамі, мы адплылі ад борта «Наўтылуса». Мора было даволі спакойнае. Лёгкі брыз дзьмуў з берагу. Кансель і я сядзелі на вёслах. Мы энергічна граблі, а Нэд накіраваў шлюпку ў вузкія праходы між рыфамі. Шлюпка добра слухалася стырна і ляцела, як страла.

Нэд Лэнд не стрымліваў свайго захаплення. Ён адчуваў сябе нявольнікам, які вярнуўся на волю і не думаў аб тым, што хутка прыйдзецца зноў вярнуцца ў турму.

— Мы зараз будзем есці мяса! — нібы спяваў ён. — І якое мяса! Сапраўдную, не падробленую дзічыну! Праўда, без хлеба… Я не кажу, што рыба не смачная ежа, але згадзіцеся самі, нельга-ж увесь час есці рыбу і рыбу! Кавалак добрага мяса, засмажаны на вугольчыках, можа толькі ўнесці прыемную разнастайнасць у надакучыўшую ежу!

— Вось ненажэра! — сказаў Кансель. — У мяне ад яго размоў ужо слінкі цякуць.

— Застаецца толькі даведацца, — сказаў я, — ці ёсць дзічына ў гэтых лясах, і калі ёсць, дык ці не дасягае яна такіх памераў, пры якіх сам паляўнік можа зрабіцца дзічынай?

— Гэта глупства, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд, зубы якога, здавалася, былі завостраныя як лязо сякеры, — я гатовы з’есці нават тыгра, — добры кавалак смажанага тыгра, — калі на гэтым востраве няма іншых жывёл!

— Нэд проста палохае мяне, — сказаў Кансель.

— І да якой-бы пароды ні належала спатканая намі жывёліна — хай то неаперанае чацвераногае, альбо аперанае двухногае, — я гатовы вітаць яго трапным стрэлам са стрэльбы!

— Ага! — ускрыкнуў я. — Містэр Лэнд зноў пачынае вар’яцець!

— Не бойцеся, прафесар, — аказаў канадзец, — грабіце смела! Не пройдзе і гадзіны, як я прапаную вам страву, згатаваную па майму рэцэпту!

А палове дзявятай гадзіны шлюпка «Наўтылуса» павольна прыстала да пясчанага берагу, шчасліва абмінуўшы каралавае кальцо, што акружала востраў Гвебараар.

Раздзел дваццаць першы

Некалькі дзён на сухазем’і

Я памятаю, што першы дотык да цвёрдай зямлі зрабіў на мяне досыць моцнае ўражанне. Нэд Лэнд крануў зямлю нагой, як быццам прабуючы яе грунтоўнасць. Між тым не прайшло і двух месяцаў з таго часу, як мы зрабіліся пасажырамі «Наўтылуса», па выразу капітана Нэма, альбо, дакладней кажучы, палоннікамі капітана гэтага падводнага карабля.

За некалькі хвілін мы аддаліліся на адлегласць стрэлу ад берагу мора. Глеба складалася амаль выключна з каралавага вапняку, але, судзячы па рэчышчах высахлых рэк, усеяных гранітнымі грудамі, можна было дапусціць, што востраў гэты існуе з першабытных часоў.

Увесь кругавід быў закрыты гушчарнікам раскош нага лесу. Велічэзныя дрэвы, некаторыя з якіх дасягалі двухсот футаў у вышыню, злучаліся адно з адным густой сеццю паўзучых ліян — сапраўднымі натуральнымі гамакамі, якія гушкаліся ад подыху ветру.

Тут былі мімозы, казуары, фукусы, гібіскавыя дрэвы, пальмы, пальмы бясконца. Ля падножжа дрэў, пад аховай іх зялёных шапак, красаваліся гіганцкія архідэі, бабовыя расліны і папараці.

Але канадзец, увесь захоплены думкамі аб карысным, не звяртаў увагі на прыемнае — на гэтыя дзівосныя ўзоры новагвінейскай флоры. Знайшоўшы какосавую пальму, ён збіў з яе каменем некалькі какосаў і, ускрыўшы іх, прапанаваў нам. Мы выпілі какосавае малако і згелі мякаць з асалодай, якую нельга было разглядаць інакш, як пратэст супраць звычайнага меню «Наўтылуса».

— Цудоўна — заявіў Нэд Лэнд.

— Надзвычайна! — падтрымаў яго Кансель.

— Як вы думаеце, няўжо капітан Нэма забароніць нам прынесці на борт «Наўтылуса» некаторы запас гэтых какосаў? — запытаўся ў мяне канадзец.

— Не думаю, — адказаў я, — але ўпэўнены, што ён не датыкнецца да іх.

— Тым горш для яго! — адказаў Кансель.

— І тым лепш для нас! — падхапіў Нэд Лэнд. — Нам-жа больш застанецца.

— Хвілінку, дружа Нэд! — сказаў я канадцу, які мерыўся атакаваць другую пальму. — Какосавыя арэхі — надзвычайная рэч, але раней як напоўніць імі. даверху шлюпку, мне здаецца разумным высветліць ці няма на востраве іншых прадуктаў, не менш карысных. Я думаю, што свежая гародніна будзе добра спаткана на кухні «Наўтылуса».

— Гаспадар мае рацыю, — сказаў Кансель. — Я прапаную падзяліць шлюпку на тры часткі: першую пакінуць для пладоў, другую для гародніны, а трэцюю — для дзічыны, якой, дарэчы кажучы, мы пакуль зусім не бачым.