Выбрать главу

— Кансель, не трэба прыходзіць у роспач, — адказаў канадзец.

— Такім чынам, прапаную ісці далей, але ўвесь час быць пільнымі. Хаця востраў і здаецца не заселеным, але ўсё-ж тут могуць быць жыхары, менш разборлівыя ў выбары стравы, як мы…

— Эге-ге — ускрычаў Нэд Лэнд, ляскаючы сківіцамі пры гэтым напамінку.

— Далібог, — сказаў канадзец, — я пачынаю разумець прывабнасць людаедства.

— Нэд! Нэд! Што вы сказалі? — ускрыкнуў Кансель. — Выходзіць, што вы людаед? Значыцца, падзяляючы з вамі каюту, я ўвесь час быў у небяспечным становішчы? Значыцца, мне пагражае адным прыгожым ранкам прачнуцца напалову з’едзеным?

— Сябра Кансель, я вас кахаю, але не настолькі, каб есці вас!

— Не веру вам, — адказаў Кансель. — Давайце паляваць. Трэба хутчэй падсунуць якую-небудзь дзічыну гэтаму канібалу, а то ў адзін з бліжэйшых дзён гаспадар знойдзе толькі кавалкі свайго былога слугі.

У той час, як Нэд і Кансель перакідваліся гэтымі жартамі, мы дайшлі да ўскраю лесу. Прайшоўшы пад яго густыя галіны, мы на працягу двух гадзін абышлі яго з усіх бакоў.

Выпадак спрыяў нам у пошуках ужыткоўных раслін, і мы натрапілі на адну з самых карысных раслін трапічнага пояса: яна забяспечыла нас ежай, па якой мы нудзіліся на борце «Наўтылуса».

Я кажу пра хлебнае дрэва, якое пышна расце на востраве Гвебараар; мы вельмі хутка натрапілі на яго безнасенную разнавіднасць, атрымаўшую ў малайцаў назву «рыма».

Хлебнае дрэва адрознівалася ад іншых прамым ствалом вышынёю ў сорак футаў. Яго стройная закругленая верхавіна, складзеная з шматдольчатых лісцяў, адразу кідаецца ў вочы натуралісту. Сярод масы лісцяў звешваліся вялікія шаравідныя плады з шурпатай скурай, шырынёю адзін дэцыметр. Гэта карыснае дрэва, якім прырода ўзнагародзіла месцы, пазбаўленыя хлебных злакаў, без ніякага догляду і клопатаў дае плады на працягу васьмі месяцаў за год.

Нэд Лэнд добра ведаў гэтыя плады. Яму даводзілася ўжо есці іх у час сваіх шматлікіх падарожжаў, і ён ведаў, як ужываць іх.

Выгляд гэтых пладоў абудзіў яго апетыт.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — я памру ад нецярпення, калі не пакаштую зараз-жа мякаці, гэтага дрэва!

— Пакаштуйце, Нэд, пакаштуйце. Мы-ж для таго і забраліся сюды, каб рабіць доследы. Не саромцеся-ж.

— На гэта не пойдзе шмат часу, — сказаў ён.

Узброіўшыся запальваючым шклом; ён хутка запаліў касцёр з ламачча. Агонь весела затрашчаў. Тым часам Кансель і я выбіралі адпаведнае хлебнае дрэва.

Плады некаторых з іх не дасягнулі патрэбнай ступені спеласці, і іх тоўстая лушпіна пакрывала белую няспелую мякаць. Затое іншыя — а гэткіх было шмат, — празрыстыя і жаўтаватыя, здавалася, чакалі, каб іх сарвалі.

Плады хлебнага дрэва не маюць ніякага насення. Кансель прынёс Нэду некалькі гэтых пладоў. Канадзец разрэзаў іх на лустачкі і палажыў смажыцца на гарачыя вуголлі. Пры гэтым ён увесь час прыгаварваў:

— Вы ўбачыце, прафесар, які смачны гэты хлеб!

— Асабліва, калі даўно наогул не еў хлеба, — дадаў Кансель.

— Гэта нават не хлеб, — прадаўжаў канадзец. — Гэта смачнейшае пірожнае. Вам ніколі не даводзілася пакаштаваць яго, спадар прафесар?

— Ніколі, Нэд.

— У такім выпадку, рыхтуйцеся паласавацца смачнейшай стравай. Калі вы не папросіце другой порцыі — я не варты годнасці караля гарпуншчыкаў!

Праз некалькі хвілін той бок лустак, які быў бліжэй да агню, зусім абсмаліўся. У сярэдзіне лусты паказалася белая мякаць, пахам нагадваючая арцішок.

Трэба прызнацца, што хлеб быў дужа смачным, і я еў яго з вялікай прыемнасцю.

— На жаль, — сказаў я, — наўрад ці гэтая мякаць захаваецца ў свежым выглядзе… Таму мне здаецца, не варта браць запас яе на борт.

— Што вы, спадар прафесар! — абурыўся Нэд Лэнд. — Вы гаворыце, як тэарэтык-натураліст, я-ж зраблю, як практык-пекар. Кансель, зрабіце запас гэтых пладоў, мы возьмем яго з сабою на борт.

— А як вы іх захаваеце?

— Зраблю з мякаці цеста. Пасля таго, як яно падыйдзе, яно можа захавацца бясконца доўга, не папсаваўшыся. Перад ужываннем яго трэба будзе згатаваць на кухні «Наўтылуса», і, не гледзячы на кіславаты прысмак, вы пальчыкі абліжаце, калі вам яго пададуць.

— Я бачу, Нэд, што за хлеб — дасканаласць, і нам няма чаго болей жадаць…

— Наадварот, спадар прафесар, — сказаў канадзец, — можна пажадаць яшчэ гародніны і садавіны для большай прыемнасці.

— Што-ж, давайце шукаць садавіну і гародніну.

Скончыўшы збор пладоў хлебнага дрэва, мы зноў пусціліся на пошукі новых страў для нашага «сухаземнага» абеда.