Выбрать главу

Пошукі не засталіся без поспехаў, і да поўдня мы сабралі добры запас бананаў. Гэтыя на дзіва далікатныя трапічныя фрукты спеюць на працягу круглага года, і малайцы, якія завуць іх «пізангамі», ядуць іх сырымі. Акрамя бананаў, мы набралі смачных пладоў манга і непраўдападобнай велічыні ананасаў. Хоць на гэтыя зборы і пайшло ў нас шмат часу, мы не шкадавалі аб гэтым.

Кансель не зводзіў вачэй з Нэда Лэнда. Гарпуншчык ішоў наперадзе і, праходзячы каля кустоў альбо дрэва, упэўненай рукой зрываў лепшыя плады для папаўнення запасаў.

— Ну, — сказаў нарэшце Кансель, — спадзяюся, цяпер задаволены, дружа Нэд? Вы атрымалі ўсё, што жадалі?

— Гм, — адказаў канадзец.

— Няўжо-ж вы яшчэ не задаволены?

— Уся гэтая траўка — толькі прыправа да абеда, — дэсерт, салодкае. А дзе суп? Дзе мяса?

— Так, так, Нэд, — сказаў я, — не запамятайце, калі ласка, свайго абяцання накарміць нас катлетамі! Штосьці я не бачу гэтых катлетак…

— Спадар прафесар, — адказаў канадзец, — паляванне не толькі не скончылася, але нават яшчэ не пачыналася. Цярпенне! Раней ці пазней, але мы сустрэнем крылатую альбо чацвераногую дзічыну, не тут, дык дзе-небудзь у другім месцы…

— І калі не сёння, дык у які-небудзь іншы дзень, — у тон канадцу падхапіў Кансель. — Аднак-жа забірацца ў глыбіню лесу няварта. Я раю вярнуцца да шлюпкі.

— Як? Ужо? — ускрыкнуў Нэд.

— Мы павінны вярнуцца на борт да наступлення цемры, — сказаў я.

— Але колькі цяпер часу? — нявесела запытаўся канадзец.

— Не меней двух гадзін, — адказаў, Кансель.

— Як хутка бяжыць час на цвёрдай зямлі! — глыбока ўздыхнуўшы, сказаў Нэд Лэнд.

— У дарогу! — адказаў Кансель.

Мы пайшлі назад лесам. Па дарозе мы папоўнілі свае запасы лісцямі капуснай пальмы, за якімі прыйшлося лезці на самую верхавіну дрэва, бобам, які малайцы завуць «абру», і добрай якасці ямсам.

Мы аж гнуліся ад цяжару, калі падыходзілі да лодкі. Аднак Нэд Лэнд лічыў, што мы яшчэ мала сабралі харчоў. І лёс дапамог яму. Ужо ўсеўшыся ў лодку, ён раптам заўважыў некалькі сагавых пальмаў, вышынёю ў дваццаць пяць — трыццаць футаў. Гэтыя дрэвы таксама карысныя, як і хлебныя, і па справядлівасці лічацца адным з каштоўнейшых прадуктаў Меланезіі.

Нэд Лэнд ведаў, як трэба абыходзіцца з імі.

Узяўшыся за сякеру, ён праз некалькі хвілін зрубіў два-тры дрэвы, аб спеласці якіх сведчыў белы пыл на іх ствалах.

Я сачыў за канадцам больш вачыма натураліста, як згаладалага чалавека. Ён пачаў з таго, што ад кожнага ствала адарваў па кавалку кары, таўшчынёю з вялікі палец; пры гэтым агалілася сець валокнаў, пераплеценых у блытаныя вузлы, між якімі віднелася клейкая мука.

Гэтая мука і была тым рэчывам, якое з’яўляецца галоўнаю ежай меланезійскага насельніцтва.

Нэд Лэнд задаволіўся на гэты раз тым, што пасек ствалы на кавалкі, як сякуць дровы, а здабыванне мукі адклаў напотым, бо гэта патрабавала шмат часу на прасейванне, адлучэнне ад валокнаў, сушку на сонцы і на зацвярдзенне ў формах.

Нарэшце а пятай гадзіне па поўдні, нагружаныя багаццем, мы пакінулі бераг вострава і праз паўгадзіны прысталі да «Наўтылуса». Нас ніхто не сустрэў. Вялізны жалезны цыліндр здаваўся бязлюдным. Скінуўшы цяжар, я спусціўся ў свой пакой. Там чакала мяне вячэра. Я паеў і лёг спаць.

На другі дзень, 6 студзеня, не здарылася нічога новага. Ніякага шуму ўнутры судна, ніякай адзнакі жыцця. Шлюпка боўталася каля борта, на тым самым месцы, дзе мы яе пакінулі. Мы захацелі вярнуцца на востраў Гвебараар. Нэд Лэнд спадзяваўся, што на гэты раз паляванне будзе значна лепшае, як напярэдадні. Акрамя таго, нам вельмі хацелася наведаць другую частку лесу.

З усходам сонца мы крануліся ў дарогу. Лодка, падхопленая бягучай да берага хваляй, хутка падплыла да вострава.

Мы высадзіліся і, даверыўшыся інстынкту Нэда Лэнда, пайшлі за ім, сочачы толькі за тым, каб доўганогі канадзец не надта аддаляўся ад нас.

Нэд Лэнд павёў нас у глыбіню заходняй часткі вострава. Перайшоўшы ўброд некалькі раўчакоў, мы вышлі на раўніну, з аднаго боку якой рос пышны лес. Некалькі зімародкаў скакалі на беразе раўчака, але ніводзін не дазволіў наблізіцца да сябе на стрэл. Паводзіны птушак навялі мяне на думку, што яны не першы раз сустракаліся з двуногімі істотамі і ведаюць, чаго можна чакаць ад чалавека. З гэтага я зрабіў вывад, што калі востраў і не заселены ў гэты момант, дык у кожным выпадку яшчэ нядаўна яго наведвалі людзі.

Прайшоўшы ўсю вялікую раўніну мы падышлі да маленькага лясочка, адкуль даносілася пяянне мноства птушак.