Выбрать главу

— Пакуль што гэта толькі птушкі, — сказаў Кансель.

— Але сярод іх ёсць і ядомыя, — адказаў гарпуншчык.

— Наўрад, браточку. Па-мойму, гэта папугаі.

— Сябра мой, Кансель, — важна заявіў канадзец, — папугай будзе замест фазана ў людзей, якім няма чаго есці!

— З свайго боку, магу пацвердзіць, — сказаў я, — што добра прыгатаваны папугай — досыць смачная страва.

І сапраўды, пад густым лісцем дрэва тулілася цэлая калонія папугаяў, гатовых загаварыць на чалавечай мове, калі хто-небудзь зацікавіцца іхнім выхаваннем.

А пакуль што яны балбаталі са сваімі рознакаляровымі самкамі, пераскокваючы з галіны на галіну, з аднаго дрэва на другое. Тут былі прадстаўлены ўсе разнавіднасці падатрада папугаеў: і марудныя, важныя какаду, як быццам занятыя рашэннем нейкай філасофскай праблемы, і яркаафарбаваныя арары, у часе палёту падобным на кавалкі рознакаляровай тканіны, і разумныя папугаі-жако, больш за іншых здольныя пераняць чалавечую мову, і шмат іншых відаў гэтых чароўных, але невядомых птушак.

Аднак у гэтай калекцыі не хапала аднаго экспаната — птушкі, якая водзіцца выключна ў гэтых краях і ніколі не бывае па-за межамі астравоў Ару і Новай Гвінеі. Але лёс быў ласкавы да мяне і даў выпадак цешыцца і з гэтай птушкі.

Прайшоўшы праз негусты лясок, мы вышлі на лугавінку, паросшую хмызнякам. Нашы крокі спудзілі нейкіх надзвычайна прыгожых птушак, апярэнне якіх размеркавана так, што яны могуць лятаць толькі насупраць ветру. Іх хвалісты палёт, грацыя, з якой яны апісваюць у паветры кругі, неперадаваемая ігра фарбаў у іх апярэнні — усё гэта чаравала і цешыла вочы. Я адразу пазнаў іх.

— Гэта райскія птушкі! — ускрыкнуў я.

— Аддзел кілегрудых, атрад вераб’інападобных, сямейства райскіх птушак, — зараз-жа дадаў Кансель.

— А можа сямейства курапатак? Ты не памыліўся, Кансель? — запытаўся Нэд Лэнд.

— Не, сябра Нэд — сказаў я. — Але хоць гэта і не курапаткі, я буду вам вельмі абавязаны, калі вы, з уласцівай вам спрытнасцю, дапаможаце мне злавіць адну з гэтых чароўных трапічных птушак.

— Паспрабую, спадар прафесар, — хаця, шчыра кажучы, я больш прызвычаены да гарпуна, чымся да стрэльбы.

Малайцы, гандлюючыя райскімі птушкамі, ужываюць разнастайныя спосабы лоўлі іх: то яны расстаўляюць сілкі на верхавіне высокага дрэва, дзе з найбольшай ахвотай гнездзяцца райскія птушкі; то яны ловяць іх пры дапамозе спецыяльнага, вельмі ліпучага клея; то, нарэшце, атручваюць вадаёмы, з якіх гэтыя птушкі прызвычаіліся піць ваду.

Што датычыцца нас, дык нам заставалася толькі страляць іх улёт з малымі шансамі на поспех. І сапраўды, мы страцілі значную частку сваіх зарадаў, але не забілі ніводнай з гэтых птушак.

К адзінаццаці гадзінам раніцы мы прайшлі першы рад узвышшаў, у цэнтры вострава, але яшчэ нічога не забілі. Голад падганяў нас. Спадзяючыся на паспяховае паляванне, мы не захапілі з сабой харчоў і цяпер горка каяліся. Але тут на першую радасць і вялікае здзіўленне самога Канселя, яму пашчасціла двума стрэламі ўзапар забіць белага голуба і вяхіра. Мы хутка абскублі іх і, насадзіўшы на прут, пачалі смажыць на кастры з сухога галля.

У той час, як забітая дзічына смажылася пад наглядам Канселя, Нэд Лэнд гатаваў плады хлебнага дрэва.

Як і можна было чакаць, вяхір і голуб былі з’едзены да апошняй костачкі і, па агульнаму водзыву аказаліся выдатнымі. Мускатныя арэхі, якімі яны жывяцца, прыдалі асаблівы пах іхняму мясу і смажаніна з іх атрымалася сапраўды надзвычайная.

— Яны такія-ж смачныя, як пуляркі, узгадаваныя на труфелях! — сказаў Кансель.

— Ну-с, Нэд, — запытаўся я, — чаго вам цяпер не хапае?

— Чацвераногай дзічыны, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Гэтыя птушкі — толькі закус, а не сапраўдная ежа. Таму я не супакоюся да таго часу, пакуль не заб’ю якую-небудзь жывёлу, з якой можна зрабіць катлету.

— А я, Нэд, не супакоюся да таго часу, пакуль не злаўлю райскую птушку.

— У такім разе будзем працягваць паляванне, — сказаў Кансель. — Толькі вернемся назад, бліжэй да мора. Мы забраліся ўжо надта далёка, і я думаю, што лепш было-б усё-ткі вярнуцца ў прыморскі лес.

Кансель меў рацыю, і мы паследвалі яго парадзе. Пасля гадзіны хады мы прышлі ў лес, які складаўся выключна з самага дрэва. З-пад нашых ног некалькі разоў вырываліся змеі, але не атрутныя. Райскія птушкі адляталі, як толькі мы набліжаліся да іх на адлегласць стрэлу; я ўжо страціў быў надзею злавіць хоць адну з іх, але раптам Кансель, які ішоў наперадзе, нахіліўся і, радасна ўскрыкнуўшы, павярнуўся тварам да мяне.

Ён трымаў у руцэ прыгожы экземпляр райскай птушкі.