Выбрать главу

— Брава, Кансель! — крыкнуў я.

— Гаспадар вельмі ласкавы, — адказаў ён.

— Не, не, дружа мой, ты сапраўды зрабіў цуд. Злавіць райскую птушку жывой, ды яшчэ голымі рукамі — гэта надзвычайна!

— Калі гаспадар захоча паглядзець на яе бліжэй, ён зразумее, што мая заслуга не такая вялікая.

— Чаму, Кансель?

— Таму, што гэтая птушка п’яная, удрызг п’яная!

— П’яная?!

— П’яная?

— Так. П’яная ад мускатных арэхаў, якімі яна частавалася пад мускатным дрэвам, і мне нічога не каштавала ўзяць яе. Глядзіце ўважліва, Нэд, вось наглядны доказ шкоды неўстрыманасці!

— Ну, ведаеце, Кансель, грэх вам папракаць мяне колькасцю выпітай за апошнія два месяцы гарэлкі, — адказаў канадзец.

Тым часам я разглядаў цікавую птушку. Кансель не маніў: райская птушка сапраўды ап’янела ад дурманавага соку мускатных арэхаў і была зусім бездапаможнай. Яна не толькі не магла лятаць, але і ледзь хадзіла.

Злоўлены Канселем экземпляр належаў да прыгажэйшай з васьмі разнавіднасцей райскіх птушак, якія водзяцца на Новай Гвінеі і суседніх з ёю землях. Гэтая разнавіднасць атрымала назву «смарагдавай» і была самай рэдкай. Птушка мела трыццаць сантыметраў даўжыні. Галоўка ў яе была вельмі маленькая, вочы, што змяшчаліся побач з дзюбай, таксама зусім малыя. Афарбоўка яе была вельмі стракатая: жоўтая дзюба, цёмна-карычневыя лапы і кіпці, светла-карычневыя з чырвонай аблямоўкай крыллі, бледна-жоўты хахалок, смарагдавазялёная шыя і каштанавыя грудзі і бруха. Два пышных і пушыстых, выгнутых дугою пяра, незвычайнай далікатнасці і прыгажосці, упрыгожвалі яе хвост: Наогул, птушка была незвычайна прыгожая і цалкам заслугоўвала сваю тубыльскую назву «сонечнай птушкі».

Мне вельмі хацелася прывезці ў Парыж жывым гэты рэдкі экземпляр і падараваць Заалагічнаму саду, у якім яшчэ не было жывых райскіх птушак.

— Гэта сапраўды рэдкая птушка? — запытаўся Нэд Лэнд тонам паляўніка, для якога невядомая дзічына не мае ніякай каштоўнасці.

— Сапраўды, Нэд, і да таго яшчэ іх цяжка злавіць жывымі. Але нават і мёртвыя, гэтыя птушкі вельмі высока цэняцца. Таму тубыльцы дадумаліся да таго, што пачалі падрабляць іх, таксама як падрабляюць перлы і брыльянты.

— Як! — усклікнуў Кансель. — Яны падрабляюць райскіх птушак?

— Так, Кансель.

— І гаспадар ведае, як тубыльцы гэта робяць?

— Ведаю, Кансель. Райскія птушкі ў час летніх мусонаў губляюць сваё выдатнае хваставое апярэнне. Птушыныя «фальшываманетчыкі» збіраюць гэтыя пер’і і ўдала ўклейваюць або ўшываюць у хвост якога-небудзь няшчаснага папугая, загадзя абскубаўшы яго. Потым яны фарбуюць шоў, «лакіруюць» птушку і… пасылаюць у Еўропу — музеям альбо аматарам — вынікі гэтага своеасаблівага мастацтва.

— Што-ж — заўважыў Нэд Лэнд, — тым няма на што скардзіцца. Яны-ж атрымліваюць пер’і, а гэта самае галоўнае, калі птушка не прызначана для яды.

Мая мара — заўладаць райскай птушкай — такім чынам ажыццявілася, але з мараю Канселя пра катлету справа пакуль не клеілася. Але а другой гадзіне дня канадцу нарэшце пашчасціла падстрэліць сапраўднага ляснога кабана з пароды тых, якіх тубыльцы называюць «бары-утанг».

Стрэл Нэда, які даставіў нам смажаніну, быў сустрэты ўсеагульнай радасцю. Нэд Лэнд ганарыўся сваёй удачай. Кабан зваліўся на месцы мёртвым, як толькі яго датыкнулася электрычная куля. Канадзец спрытна разабраў яго і выразаў добры кавалак мяса на вячэру. Пасля гэтага паляванне пачалося зноў.

Праціскаючыся сквозь хмызняк, Нэд Лэнд і Кансель, нечакана для сябе, спудзілі статак кенгуру, якія кінуліся бегчы, высока падскокваючы на сваіх пругкіх нагах. Але як ні хутка беглі гэтыя жывёлы, электрычныя кулі паляцелі яшчэ шпарчэй.

— Ах, спадар прафесар, — закрычаў Нэд Лэнд, ап’янелы шчаслівым паляваннем, — якая добрая дзічына, асабліва ў тушаным выглядзе! Які запас прадуктаў для «Наўтылуса»! Два, тры, чатыры кенгуру. І падумаць толькі, што мы адны з’ямо гэтую гару мяса, а тыя аслы нават і не панюхаюць яго!

Я думаю, што калі-б ад радасці канадзец не разбалбатаўся, ён перабіў-бы ўвесь статак. Але цяпер яму прыйшлося задаволіцца тузінам гэтых цікавых сысуноў, якія належылі да сямейства кенгуровых, атрада сумчатых і падкласа двуутробных, як паведаміў Кансель.

Забітыя кенгуру былі маларослыя. Яны належалі, да пароды зайцападобных кенгуру. Гэта начныя жывёлы, і ўдзень яны моцна спяць. Акрамя дужа вялікай хуткасці бегу, гэты від кенгуру адзначаецца вялікай вываротлівасцю. Не гледзячы на маленькую велічыню гэтага звярка, скуркі яго высока цэняцца.