Выбрать главу

Але шматлікія агні кастроў, запаленых на беразе, сведчылі аб тым, што дзікуны і не думалі пакідаць яго.

Я заставаўся ў адзіноце на палубе на працягу доўгіх гадзін, то ўспамінаючы пра тубыльцаў, але ўжо без ніякай трывогі, бо капітан Нэма заразіў мяне сваёй упэўненасцю, то проста аддаўшыся захапленню гэтай трапічнай ноччу. Мае мары звярталіся да Францыі пры поглядзе на бліскучыя на паўночным схіле неба зоркі, якія праз некалькі гадзін павінны былі ўбачыць маю радзіму. Месяц пачаў падымацца, гасячы сузор’і. Я падумаў, што гэты адданы спадарожнік зямлі праз два дні падыме марскую ваду і здыме «Наўтылус» з мелі. Каля поўначы, пераканаўшыся, што пацямнеўшая паверхня вады таксама спакойная, як і сонны бераг, я вярнуўся ў сваю каюту і спакойна заснуў.

Ноч прайшла без здарэнняў. Дзікуны, відаць, спалохаліся аднаго выгляду страшыдлы, якое ляжала на вадзе, бо скрозь адчыненыя люкі яны мелі вольны доступ ва ўнутр «Наўтылуса».

А шостай гадзіне раніцы 8 студзеня я зноў падняўся на палубу. Ранне толькі разганяла начныя цені. Неўзабаве скрозь разарваныя клоччы туману паказаўся востраў — раней пляж, а потым і верхавіны дрэў.

Тубыльцы ўсё яшчэ былі тут, толькі стала іх болей — чалавек пяцьсот-шэсцьсот. Некаторыя з іх, карыстаючыся адлівам, па аголеных верхавінах рыфаў наблізіліся да «Наўтылуса» і спыніліся на адлегласці не больш двух кабельтоваў ад яго.

Я добра бачыў іх няўзброеным вокам. Гэта былі папуасы гіганцкага росту, добра складзеныя, з высокім прамым ілбом, з вялікім, але не сплюснутым носам і з асляпляюча белымі зубамі; іхнія кучаравыя валасы, афарбаваныя ў чырвоны колер, рэзка вылучаліся на бліскучым чорным целе. У мочках іхніх вушэй, разрэзаных на дзве часткі і адцягнутых уніз, віселі касцяныя бусы.

Большасць мужчын былі зусім голымі. Некалькі жанчын, якія знаходзіліся тут-жа, былі апрануты ў сплеценую з траў спадніцу да кален, падтрымліваемую поясам з ліян. У некаторых, як відаць, правадыроў, шыя была ўбрана паўкальцом альбо маністамі з каляровых — белых і чырвоных — шкелак. Усе былі ўзброены лукамі, стрэламі, шчытамі. У многіх за спіной матляліся сеткі з круглымі каметамі, якімі яны з надзвычайным майстэрствам страляюць з прашчы.

Адзін з правадыроў падышоў бліжэй, за ўсіх да «Наўтылуса» і разглядваў яго з пільнай увагай. Відаць, гэта была важная персона, бо ён быў захутаны ў накідку з лісцяў банана, з зубцамі па краях, размалёванымі яркімі фарбамі.

Мне няцяжка было забіць гэтага дзікуна, які стаяў вельмі блізка, але я рашыў, што лепш пачакаць, пакуль ён сам не выявіць варожых намераў. Калі еўрапеец сустрэнецца з дзікуном, ён павінен абараняцца, а не нападаць.

Увесь час, пакуль працягваўся адліў, дзікуны бадзяліся каля «Наўтылуса». Але яны нічым не выяўлялі сваёй варожасці. Я чуў, як яны часта паўтаралі слова «окан» і па іхніх жэстах я зразумеў, што яны запрашаюць мяне сыйсці на бераг. Аднак я палічыў за лепшае адхіліць гэтае запрашэнне.

У той дзень, вядома, шлюпка не пакідала борта «Наўтылуса», на вялікі жаль Нэда Лэнда, якому надта хацелася папоўніць свае запасы харчоў. А пакуль што канадзец заняўся рыхтаваннем на запас прывезеных з вострава Гвебараара мяса і «хлеба».

Дзікуны вярнуліся на бераг каля адзінаццаці гадзін раніцы, як толькі прыліўныя хвалі пачалі пакрываць верхавіны скал. Але колькасць іх на беразе ўвесь час павялічвалася. Магчыма, што яны сцякаліся сюды з суседніх астравоў. Але, з другога боку, я пакуль яшчэ не бачыў ніводнай тубыльскай пірогі. Не маючы магчымасці лепш правесці час, я рашыў паскрабсці драгай празрыстую ваду, дазваляўшую бачыць на дне мноства чарапашак, зоафітаў і марскіх раслін. Гэта было тым больш своечасовым, што сёння быў апошні дзень нашай стаянкі ля берагоў Новай Гвінеі, — у тым выпадку, вядома, калі прароцтва капітана Нэма спраўдзіцца, і прыліў сапраўды падыме «Наўтылус» на паверхню.

Я паклікаў Канселя, і ён прынёс мне лёгкую драгу, падобную да тых, якімі ловяць вустрыц.

— А як сябе трымаюць дзікуны? — запытаўся Кансель. — З дазволу гаспадара скажу, што на мяне яны робяць уражанне не надта злых людзей.

— І тым не менш гэта людаеды, сябар мой!

— Можна быць людаедамі і ў той час заставацца добрымі хлопцамі, — адказаў Кансель, — таксама, як можна быць ласуном і разам з тым прыстойным чалавекам. Адно не выключае другога.

— Добра, Кансель, я ўступлю табе, — гэта сумленныя людаеды і яны паядаюць сваіх нявольнікаў з захаваннем усіх правіл далікатнасці. Аднак мне не хочацца быць з’едзеным нават чэснымі асобамі, і я буду на варце, бо капітан «Наўтылуса» не прымае ніякіх мер перасцярогі. А цяпер — за працу!