Выбрать главу

На працягу двух гадзін мы шчыра закідвалі драгу, але нічога цікавага не злавілі: трапляліся кальмары, грабенчатыя вісельнікі, марскія звёзды, — бадай самыя прыгожыя экземпляры, якія калі-небудзь трапляліся мне, — галатурыі і маленькія чарапахі, якіх мы рашылі перадаць на кухню. І вось у тую хвіліну, калі я менш за ўсё чакаў, я ўбачыў цуд… Уласна кажучы, убачыў незвычайна рэдкае выродства. Кансель толькі што закінуў драгу і выцягнуў яе, поўную рознымі чарапашкамі, не маючымі нічога цікавага. Таму ён быў надзвычайна здзіўлены, калі ўбачыў, як я раптам рвануў драгу, выцягнуў з яе ракавіну і выдаў крык канхіліёлага, гэта значыць, самы прарэзлівы, які калі-небудзь вырываўся з чалавечай глоткі.

— Што здарылася з гаспадаром? — здзіўлена запытаўся Кансель. — Гаспадара ўкусіў хто-небудзь?

— Не, мой сябар, але я з ахвотай аддаў-бы палец за гэтую находку!

— Якую нахадку?

— За гэтую чарапашку! — радасна сказаў я.

— Але-ж гэта самая звычайная пурпуравая аліва, з віду аліў, сямейства грабенчатажаберных, атрада бруханогіх, класа малюскаў…

— Зусім правільна, Кансель, але замест таго, каб закручвацца справа налева, гэтая ракавіна закручваецца злева направа!

— Ці мажліва гэта? — крыкнуў Кансель.

— Так, мой любы. Гэта ракавіна-ляўша!

— Ракавіна-ляўша? — паўтарыў Кансель з дрыготай у голасе.

— Паглядзі на яе закрутак.

— Гаспадар можа мне паверыць, — сказаў Кансель, з замілаваннем беручы ў рукі чарапашку, — што я ніколі яшчэ гэтак не хваляваўся.

І сапраўды было з чаго прыйсці ў хваляванне. Усім вядома, што ў прыродзе рух часцей за ўсё ідзе справа налева. Зоркі і іхнія спадарожнікі круцяцца справа налева. У чалавека правая рука дужэйшая за левую, і таму ўсе яго інструменты, прылады, апараты, замкі, гадзіннікавыя пружыны прыстасаваны да карыстання імі справа налева. Прырода захоўвае гэты-ж закон, — калі толькі можна назваць гэта законам, — і ў закручванні малюскаў: усе яны закручаны справа налева, і ў тых вельмі рэдкіх выпадках, калі трапляюцца ракавіны-ляўшы аматары гатовы плаціць за іх якія хочаш сумы.

Кансель і я былі захоплены разглядваннем нашага скарба.

Я ўжо марыў аб тым, як я падарую яго Музею прыродазнаўства ў Парыжы, — і вось раптам камень, кінуты дзікуном, разбіў гэтую каштоўнасць у руках Канселя.

Я дзіка закрычаў. Кансель кінуўся да маёй стрэльбы і нацэліўся ў дзікуна, які размахваў прашчой за дзесяць метраў ад нас. Я хацеў стрымаць Канселя, але не паспеў. Ён стрэліў і куля разбіла бранзалет з амулетаў на руцэ дзікуна.

— Кансель! — з дакорам крыкнуў я. — Кансель!

— Што? Хіба гаспадар не бачыць, што гэты людаед першы напаў на нас?

— Ніякая ракушка не варта чалавечага жыцця, Кансель!

— Ах, нягодны!.. Я лепш згадзіўся-б, каб ён зламаў мне плячо! — ускрыкнуў Кансель.

Кансель казаў зусім шчыра, але не пераканаў мяне ў сваёй правасці.

Між тым за апошнія хвіліны, пакуль мы былі захоплены разгляданнем ракавіны-ляўшы, становішча змянілася. Штук дваццаць тубыльскіх пірог акружылі «Наўтылус». Гэтыя пірогі, выдзяўбаныя ў ствале дрэва, вузкія, даўгія, прыстасаваны для хуткага ходу, ураўнаважваюцца на вадзе пры дапамозе падвойнага бамбукавага балансіра, які плыве побач з іхнімі бортамі.

Мяне ўстрывожыла гэтае наступленне.

Было відаць, што папуасы ўжо сустракаліся з еўрапейцамі і бачылі раней іхнія караблі. Але што яны павінны былі падумаць аб гэтай жалезнай цыгары, без мачт, без труб, ледзь выступаючай з вады? Відаць, нічога добрага, бо яны доўга трымаліся на значнай адлегласці ад яе. Аднак, пераканаўшыся, што яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, яны паступова прызвычаіліся да яе выгляду, набраліся адвагі і цяпер рашылі бліжэй пазнаёміцца з ёй. Але акурат гэтаму знаёмству і трэба было перашкодзіць. Нашы стрэльбы, страляючыя без шуму, не маглі зрабіць моцнага ўражання на дзікуноў, паважаючых толькі магутныя грымоты гармат. Гэтак і маланка, каб яна не была разам з громам, не палохала-б людзей, хоць усім вядома, што небяспечная іменна маланка, а не гром.

У гэтую хвіліну некалькі пірогаў злучыліся вакол «Наўтылуса», і хмара стрэлаў пасыпалася на палубу.

— Чорт вазьмі! — крыкнуў Кансель. — Ідзе град! І яшчэ можа атручаны…

— Трэба папярэдзіць капітана Нэма, — сказаў я, накіроўваючыся да люка.

Я зайшоў у салон, але там нікога не было. Тады я паспрабаваў пастукаць у дзверы пакоя капітана Нэма.

— Уваходзьце, — адказалі мне з-за дзвярэй.