Выбрать главу

— Куды паедзе гаспадар, туды паеду і я, — сказаў Кансель.

— Падумай добра! Я нічога не хачу ад цябе хаваць. Гэта адно з тых падарожжаў, адкуль не заўсёды вяртаюцца.

— Як будзе пажадана гаспадару…

Праз чвэртку гадзіны нашы чамаданы былі складзены. Кансель зрабіў усё адным мігам, і я быў упэўнены, што ён нічога не запамятаў. Гэты дзяцюк класіфікаваў кашулі і адзенне таксама ўдала, як птушак і звяроў. Слуга гасцініцы склаў нашы рэчы ў вестыбюлі. Я спусціўся ў кантору заплаціць па рахунку і загадаў, каб мне пакункі з прэпарыраванымі жывёламі і засушанымі раслінамі былі адпраўлены ў Парыж. Я адкрыў значны крэдыт аленняму кабану і нарэшце ўскочыў у каляску разам з Канселем.

Экіпаж спусціўся па Брадвею да Юніён-сквера, завярнуў на Чацвертую авеню, ехаў па ёй да Катрын-стрыт і нарэшце спыніўся ля Трыццаць чацвёртай наберажнай. Адтуль паром перавёз усіх нас — людзей, коней і экіпаж — у Бруклін, прадмесце Нью-Ёрка, што ляжыць на левым беразе ракі Гудзон. Праз некалькі хвілін каляска пад’ехала прама да ўсходцаў «Аўраама Лінкальна», выпускаўшага густыя клубы чорнага дыму з абодвух труб.

Наш багаж зараз-жа быў узняты на палубу фрэгата. Я паспешна ўзбег па трапу. Спытаў, дзе можна знайсці капітана Фарагута. Адзін з матросаў завёў мяне на мосцік і паказаў мне на высокага з ветлівым тварам афіцэра. Той працягнуў мне руку.

— Спадар П’ер Аранакс? — спытаў ён.

— Ён самы, — адказаў я. — Капітан Фарагут?

— Я і ёсць. Калі ласка, спадар прафесар! Кабіна чакае вас.

Я адкланяўся і, каб не перашкаджаць капітану ў гэтыя гарачыя перадад’ездныя хвіліны, папрасіў матроса паказаць прызначаную мне каюту.

Выбар «Аўраама Лінкальна» для задуманай экспедыцыі быў вельмі ўдалым.

Гэта быстраходны фрэгат, абсталяваны самымі дасканалымі машынамі, дазваляўшымі яму развіваць хуткасць васямнаццаць і тры дзясятых мілі ў гадзіну Але і гэтая вялікая хуткасць была недастатковай для барацьбы з гіганцкім нарвалам.

Унутранае абсталяванне не было горшым за яго навігацыйныя якасці. Я быў зусім задаволены данаю мне каютаю, якая змяшчалася ў афіцэрскім аддзяленні на карме.

— Мы добра тут абсталюемся, — сказаў я Канселю.

— З дазволу гаспадара, я скажу — таксама ўтульна, як раку-пустэльніку ў ракавіне ўліткі, — адказаў мой вучоны слуга.

Я пакінуў Канселя ў каюце распакоўваць чамаданы, а сам выйшаў на палубу, каб сачыць за падрыхтоўкай да адплыцця.

У гэтую хвіліну капітан Фарагут якраз загадаў аддаць канцы, прывязаўшыя «Аўраама Лінкальна» да Бруклінскай наберажнай. Варта мне было затрымацца на чвэртку гадзіны — «Аўраам Лінкальн» адплыў-бы без мяне, я-б не ўдзельнічаў у гэтай надзвычайнай экспедыцыі, самая праўдзівая справаздача аб якой напэўна будзе ўсё-такі недаверліва сустрэта многімі скептыкамі.

Капітан Фарагут не хацеў адкладаць не толькі на дзень, але і на гадзіну, нават на хвіліну пачатак паходу супраць нарвала.

Ён выклікаў карабельнага інжынера.

— Ціск пары выстарчальны? — спытаў ён.

— Так, капітан.

— Малы ход! — скамандаваў капітан.

Атрымаўшы гэты загад па машыннаму тэлеграфу, што дзейнічае сціснутым паветрам, механік павярнуў пускавы рычаг. Пара са свістам ірванула ў цыліндры, і поршні пачалі рухаць грабны вал. Лопасці вінта пачалі круціцца з усё ўзрастаючай хуткасцю, і «Аўраам Лінкальн» важна паплыў, суправаджаемы сотнямі катэраў і буксірных параходзікаў, перапоўненых праводзячымі.

Наберажныя Брукліна былі перапоўнены сотнямі тысяч гледачоў: Трохразовае «ура» з пяцісот тысяч глотак прагучала, як гром. Тысячы хустачак затрапяталі ў паветры над шчыльным натоўпам, вітаючы «Аўраама Лінкальна», пакуль фрэгат не зайшоў у раку Гудзон, у канцы таго выцягнутага ў даўжыню паўвострава, за якім стаіць горад Нью-Ёрк.

Спусціўшыся ўніз па плыні ракі Гудзона, удоўж Нью-Джэрсея, што выцягнуўся ланцугом прыгожых віл, «Аўраам Лінкальн» мінаваў фарты і адказаў на іх пушачныя салюты тройчы ўзнятым і спушчаным кармавым сцягам, усыпаным трыццаццю дзевяццю зоркамі. Потым сцішыўшы ход, фрэгат увайшоў у няроўны фарватэр марскога канала, адзначаны бакенамі; пасля таго абагнуў пясчаную касу Сэндзі-Гука, дзе яго зноў вітаў тысячны натоўп гледачоў, і вышаў у адкрыты акіян.

Чарада катэраў і буксіраў праводзіла фрэгат да плывучых маякоў, агні якіх паказваюць суднам уваход у Нью-Ёрк.