Выбрать главу

Якое нечаканае ачараванне было ў гэтым відовішчы! Магчыма, што атмасферныя ўмовы павялічвалі інтэнсіўнасць свячэння інфузорый. Можа над паверхняй мора разгулялася навальніца? Але на глыбіні некалькіх метраў, дзе плыў «Наўтылус», непагадзь не мела сілы, і мы ціха гойдаліся ў спакойнай вадзе.

Гэтак мы ціханька прасоўваліся сярод усё новых і новых цудаў: Кансель глядзеў ва ўсе вочы і класіфікаваў бясконца ўсё новых зоафітаў, членістаногіх, малюскаў і рыб.

Дні цяклі хутка, і я перастаў іх лічыць. Нэд, з уласцівай яму прывычкай, імкнуўся ўнесці разнастайнасць у наша харчаванне.

Мы не пакідалі сваёй ракавіны, як слімакі. Я на сабе самім упэўніўся, што быць слімаком зусім няцяжка.

Такім чынам, мы прызвычаіліся да свайго спосабу жыцця, лічылі яго лёгкім і прыемным і зусім забыліся на тое, што на паверхні зямнога шара жыццё ідзе зусім па-іншаму. Раптам адно здарэнне напомніла нам пра рэчаіснасць.

18 студзеня «Наўтылус» знаходзіўся пад 105° даўгаты і 15° паўднёвай шыраты. Надвор’е было навальнічнае, мора лютавала высокімі хвалямі. Вецер дзьмуў з усходу з вялікай, бадай, ураганнай сілай. Барометр ужо некалькі дзён безупынна падаў і абяцаў блізкую буру.

Я падняўся на палубу ў тую хвіліну, калі памочнік капітана рабіў назіранні. Я чакаў, што ён, як звычайна, скажа сваю таямнічую фразу. Але ў гэты дзень ён сказаў іншую, хоць і ў такой-жа ступені незразумелую фразу. Амаль зараз-жа ўслед за гэтым на палубу выйшаў капітан Нэма і, прыставіўшы да вачэй бінокль, пачаў углядацца ў кругавід.

На працягу некалькіх хвілін капітан стаяў, не адводзячы бінокля ад нейкай кропкі на кругавідзе. Першым, апусціўшы бінокль, ён сказаў памочніку некалькі слоў на незразумелай мне мове.

Памочнік здаваўся нечым узбуджаным і ледзь стрымліваў хваляванне. Капітан Нэма лепш уладаў сабою і захоўваў спакой.

Мне здалося, што ён зрабіў заўвагу памочніку, на што той адказаў палкім абяцаннем. Прынамсі гэткае ўражанне засталося ў мяне ад інтанацыі іх галасоў і жэстаў.

Я ўважлівейшым чынам углядаўся ў тое месца на кругавідзе, куды глядзелі капітан Нэма і яго памочнік, але нічога не бачыў. Вада і неба злучаліся здалёк у адну рысу, ідэальная прамізна якой нідзе не парушалася.

Тым часам капітан Нэма хадзіў па палубе з канца ў канец, не гледзячы, а магчыма, і не заўважаючы мяне. Яго крокі былі такімі-ж упэўненымі, толькі можа крыху менш раўнамернымі, як звычайна. Часам ён спыняўся і, скрыжаваўшы рукі на грудзях, аглядаў мора.

Што ён шукаў у вялізнай воднай пустыні? «Наўтылус» знаходзіўся на адлегласці некалькіх міль ад бліжэйшай зямлі.

Памочнік капітана зноў паднёс бінокль да вачэй і паглядзеў у тым-жа кірунку. Пасля ён замітусіўся па палубе ўперад, назад, раптам спыняўся, тупаў нагой і зноў пачынаў бегаць. Яго хваляванне асабліва рэзка вызначалася ў параўнанні са стрыманасцю капітана.

Тайна, відаць, павінна была хутка высветліцца, бо па загаду капітана Нэма машыны пусцілі поўным ходам, і вярчэнне вінта адразу паскорылася.

У гэтую хвіліну памочнік зноў гукнуў свайго начальніка. Той спыніў хаду па палубе і ўтаропіў бінокль ва ўказаную кропку. Ён доўга не адымаў бінокль ад вачэй.

Зацікаўлены дзіўнымі паводзінамі гэтых звычайна спакойных людзей, я спусціўся ў салон і ўзяў там надзвычай добрую падзорную трубу, якой звычайна карыстаўся. Затым, вярнуўшыся на палубу, я ўсеўся на ўзвышэнні, дзе змяшчаўся пражэктар, і паднёс трубу да вока, каб агледзець кругавід. Але не паспеў я наставіць трубу, як яе раптам вырвалі ў мяне з рук.

Я жвава абярнуўся. Перада мной стаяў капітан Нэма, але я не пазнаў яго. Твар яго змяніўся. Вочы яго бліскалі хмурым полымем. Рот скрывіўся, паказваючы зубы. Яго напружанае цела, сціснутыя кулакі, уцягнутая ў плечы галава гаварылі аб тым, што ўся яго істота ахоплена вялікай нянавісцю і гневам. Ён не варушыўся. Труба, якую ён вырваў з маіх рук, валялася каля ног.

Няўжо гэта я выклікаў гэты выбух гневу? Можа гэты дзівак падумаў, што я разгадаў нейкую тайну, якую нельга было ведаць палонніку «Наўтылуса».

Але не, не я быў прычынай яго нянавісці. Ён нават не глядзеў на мяне. Вочы яго ўтаропіліся ў тую-ж нябачную кропку на гарызонце.

Але капітан Нэма ўжо зноў аўладаў сваімі пачуццямі. Яго скажоны твар расправіўся і набыў звычайны выгляд халоднага спакою. Ён кінуў некалькі слоў на незразумелай мове свайму памочніку і тады звярнуўся да мяне:

— Спадар прафесар, — сказаў ён уладна, — я павінен патрабаваць ад вас выканання аднае з умоў майго дагавора з вамі.