Выбрать главу

— Якой іменна, капітан?

— Вам і вашым спадарожнікам прыйдзецца прасядзець пад замком да таго часу, пакуль я не знайду магчымым вярнуць вам волю.

— Я вымушаны падпарадкавацца вашаму загаду, — адказаў я, уважліва гледзячы на яго, — але дазвольце задаць вам адно пытанне…

— Не, не дазваляю!

Спрачацца было бескарысна, таму што супраціўляцца яму ў мяне не было сілы.

Прыйшлося падпарадкавацца.

Я спусціўся ў каюту да Нэда Лэнда і Канселя і паведаміў ім загад капітана. Прадастаўляю чытачу самому здагадацца, якое ўражанне зрабіла маё паведамленне на канадца. Аднак на доўгія размовы ў нас не хапіла часу. Чатыры матросы ўжо чакалі нас каля дзвярэй і павялі ў тую каюту, дзе нас замкнулі ў першы дзень пражывання на «Наўтылусе». Нэд Лэнд хацеў быў пратэставаць, але замест адказу дзверы зачыніліся перад самым яго носам.

— Ці не скажа нам гаспадар, што ўсё гэта азначае? — запытаўся Кансель.

Я расказаў сваім таварышам усё, што здарылася на палубе. Яны таксама здзівіліся, як і я, але ад гэтага мы нічога не даведаліся болей.

Я аддаўся панураму разважанню. Дзіўны выраз твара капітана Нэма не выходзіў у мяне, з галавы. Я знаходзіўся ў такім становішчы, што не мог звязаць нават і двух думак, блытаўся ў самых бессэнсоўных здагадках і дапушчэннях. Раптам мяне вывелі з развагі словы Нэда Лэнда:

— Глядзіце, снеданне на стале!

Сапраўды, стол быў застаўлены стравамі. Відаць, капітан Нэма аддаў распараджэнне аб гэтым адначасова з загадам паскорыць ход «Наўтылуса».

— Ці дазволіць гаспадар даць яму адну параду? — запытаўся Кансель.

— Вядома, сябар мой, — адказаў я.

— Дык вось, я раю гаспадару паснедаць. Гэтага патрабуе і асцярожнасць. Невядома-ж, што здарыцца.

— Твая праўда, Кансель.

— Ох, — уздыхнуў Нэд Лэнд, — нам падалі толькі рыбную страву і нічога з нашых запасаў…

— Падумайце, Нэд, што-б вы сказалі, каб нам не далі ніякай стравы?

Гэты аргумент адразу ўціхамірыў канадца.

Мы селі за стол. Снедалі моўчкі. Я еў мала. Кансель прымушаў сябе есці болей, усё з прычыны той-жа асцярожнасці, а Нэд Лэнд, не гледзячы на сваё нездавальненне, не пакінуў аніводнага кавалка стравы.

Пасля снедання кожны з нас усеўся ў свой кут. У гэтую хвіліну матавае паўшар’е, якое асвятляла нашу камеру, згасла, і мы засталіся ў паўнейшай цемры. Нэд Лэнд тут-жа захроп. Мяне здзівіла, што і Кансель зараз-жа паследваў яго прыкладу. Я пытаў сябе, што магло выклікаць у маіх сяброў раптоўную санлівасць, і хутка адчуў, што і мяне апанаваў сон. Я імкнуўся не зачыняць вачэй, але павекі мае так абцяжэлі, што зачыніліся проці маёй волі. Мяне ахапіў цяжкі паўсон, які суправаджаўся галюцынацыямі. Відаць, у пададзеную нам страву падмяшалі нешта снатворнае.

Значыцца, капітану Нэма мала было схаваць нас у турму, каб мы не даведаліся пра яго дзеянні, яму патрэбна было яшчэ, каб мы спалі?..

Скрозь паўсон я чуў стук зачыняемых люкаў. Лёгкае калыханне, выкліканае хваляваннем на паверхні вады, спынілася. «Наўтылус», як відаць, апусціўся ў вечна спакойныя глыбіні акіяна.

Я ўсё яшчэ спрабаваў змагацца са сном. Але гэта было немагчыма. Дыханне маё паслаблялася, я адчуў, як смяротны холад падбіраецца да майго сэрца. Набраклыя свінцом павекі немагчыма было падняць. Цяжкі сон, поўны кашмараў, аўладаў мною. Затым здані зніклі, і я страціў прытомнасць.

Раздзел дваццаць чацвёрты

Царства каралаў

Назаўтра я прачнуўся са страшэннай пустатой у галаве. На вялікае дзіва, я ўбачыў, што знаходжуся ў сваёй уласнай каюце. Відаць, і маіх сяброў таксама перанеслі, калі яны спалі. Значыцца, яны не больш за мяне павінны ведаць аб здарэннях папярэдняй ночы, і мне заставалася толькі спадзявацца, што будучае якім-небудзь чынам раскрые таямніцу.

Мне захацелася выйсці з сваёй каюты. Я не ведаў, ці быў я палоннікам, ці зноў вольным. Аказалася, што я зусім вольны. Я расчыніў дзверы і калідорам прайшоў да лесвіцы, што вяла на палубу. Зачынены папярэдне люк быў насцеж адчынены. Я выйшаў на палубу. Нэд Лэнд і Кансель чакалі мяне там. Я пачаў распытвацца ў іх. Яны нічога не ведалі. Заснуўшы ўчора цяжкім сном, без сноў, яны прачнуліся толькі сёння ў сваёй каюце.

«Наўтылус» быў, як звычайна, спакойны і таямнічы. Ён плыў з умеранай хуткасцю па паверхні мора. Здавалася, нічога не змянілася на ім.

Нэд Лэнд агледзеў краявід. Мора было бязлюдным, — нават зоркія вочы канадца не ўбачылі воддалі ні паруса, ні трубы парахода, ні зямлі. Моцны вецер з захаду развёў на моры вялікую хвалю. «Наўтылус» добра хістала.