Выбрать главу

Аднавіўшы запас паветра, «Наўтылус» апусціўся метраў на пятнаццаць у ваду з такім, відаць, разлікам, каб можна было ўсплыць зараз-жа, як толькі гэта спатрэбіцца. Супроць звычайнага, гэты манеўр некалькі разоў паўтараўся на працягу дня 19 жніўня. Кожны раз памочнік капітана падымаўся на палубу і адтуль кідаў звычайную фразу ў люк.

Капітан Нэма не паказваўся. З каманды я бачыў у гэты дзень толькі спакойнага сцюарда, які прыслугоўваў мне за сталом са звычайнай акуратнасцю і маўклівасцю.

Каля двух гадзін дня ў салон, дзе я прыводзіў у парадак свае запісы, увайшоў капітан Нэма. Я пакланіўся яму. Ён у адказ крыху матнуў галавой і не сказаў ні слова. Я зноў узяўся за сваю працу, спадзяючыся, што ён што-небудзь раскажа аб здарэннях учорашняга дня. Але ён гэтага не зрабіў.

Я цішком зірнуў на яго. Ён здаваўся стомленым, вочы яго пачырванелі, як ад бяссоння, твар выражаў глыбокую журбу, нават гора.

Ён хадзіў па пакоі, садзіўся на канапу, зноў уставаў, браў у рукі абы-якую кнігу і тут-жа кідаў яе, падыходзіў да прыбораў, глядзеў на іх, але не рабіў, як звычайна, запісаў. Здавалася, ён не мог ні секунды сядзець на адным месцы.

Нарэшце ён падышоў да мяне і запытаўся:

— Ці не ўрач вы, спадар Аранакс?

Я быў зусім не падрыхтаваны да гэтага пытання, таму некалькі секунд глядзеў на яго, не адказваючы.

— Я пытаюся, ці не ўрач вы? Многія-ж з вашых калег-натуралістаў атрымалі медычную асвету…

— Я сапраўды быў урачом і ардынатарам клінікі і шмат гадоў займаўся медычнай практыкай да паступлення ў музей, — адказаў я.

— Добра, — сказаў капітан.

Мой адказ, відаць, сапраўды ўзрадаваў яго. Але я яшчэ не ведаў чаго ён ад мяне хоча, і чакаў новых пытанняў, падрыхтаваўшыся адказваць на іх у залежнасці ад іхняга характару.

— Спадар прафесар, — сказаў капітан пасля нядоўгага маўчання, — ці не згадзіцеся вы аказаць медычную дапамогу аднаму з маіх матросаў?

— У вас на борце ёсць хворы?

— Так.

— Я гатоў ісці за вамі.

— Хадземце.

Прызнаюся, сэрца маё моцна стукалася. Не ведаю чаму, але мне адразу прыйшло ў галаву, што паміж хваробаю матроса і здарэннямі ўчарашняй ночы ёсць нейкая сувязь, і гэтая таемнасць цікавіла мяне больш, як сам хворы.

Капітан Нэма павёў мяне на карму «Наўтылуса» і адчыніў дзверы маленькай каюты, якая знаходзілася побач з матроскім кубрыкам.

У каюце на ложку ляжаў чалавек гадоў сарака з мужным тварам сапраўднага англасакса. Я схіліўся над ім. Гэта быў не столькі хворы, колькі паранены. Яго галава, завязаная акрываўленымі бінтамі, ляжала на двух падушках.

Я зняў бінты. Ранены ўважліва глядзеў на мяне шырака адчыненымі вачыма, але не перашкаджаў развязваць сябе і нават ні разу не застагнаў.

Рана была жудасная. Скрозь чэрап, прабіты нейкай тупой прыладай, віднеўся мозг. Відаць было, што мазгавыя тканкі сур’ёзна папсаваны. Крывавыя падцёкі, якія віднеліся на шэраватай масе мозга, былі падобныя да вінных плям на абрусе. Такім чынам, у хворага было адначасова і сатрасенне мозга і мясцовыя кровезліянні. Небарака цяжка дыхаў. Часамі яго твар крывіўся ў сударзе. Перада мной быў тыповы выпадак запалення мозга з паралічам рухаючых цэнтраў.

Пульс у хворага быў пераменлівы. Рукі і ногі пачалі ўжо халадзець. Я бачыў, што смерць набліжаецца і што яе нічым нельга адхіліць. Я зноў перавязаў рану і павярнуўся да капітана Нэма.

— Што параніла гэтага чалавека? — запытаўся я.

— Хіба гэта важна? — увільваючы, сказаў ён. — «Наўтылус» атрымаў штуршок, ад якога рычаг машыны зламаўся і ўпаў на галаву гэтаму чалавеку. Але скажыце, што вы думаеце аб яго становішчы?

Я адчуў сябе няёмка.

— Можаце гаварыць, — сказаў капітан Нэма, — гэты чалавек не ведае французскай мовы.

Я яшчэ раз паглядзеў на хворага і сказаў:

— Гэты чалавек пражыве не больш двух гадзін.

— Нішто не можа яго выратаваць?

— Нішто.

Капітан Нэма сударгава сціснуў кулакі. Слёзы пакаціліся з яго вачэй, якія здаваліся мне не створанымі для плачу.

На працягу некалькіх хвілін я не спускаў вачэй з паміраючага. Жыццё паступова пакідала яго. Халоднае электрычнае святло яшчэ больш падкрэслівала яго бледнасць. Я глядзеў на яго разумны твар, пакрыты заўчаснымі зморшчкамі — няўхільнымі вынікамі жабрацтва і няшчаснага жыцця. Я хацеў прачытаць сакрэт гэтага жыцця ў апошніх словах, якія скажуць халадзеючыя вусны. Але капітан Нэма сказаў мне:

— Я не затрымліваю вас, спадар прафесар.

Прыйшлося выйсці.

Я пакінуў капітана ля ложка паміраючага і, узрушаны толькі што бачаным, вярнуўся ў сваю каюту. На працягу ўсяго дня мяне прыгняталі цяжкія прадчуванні. Ноччу я дрэнна спаў. Праз сон мне чуўся далёкі плач і нібы жалобныя мелодыі.