Выбрать главу

Якое дзівоснае відовішча! Шкада, што мы не маглі выказваць адзін аднаму свае ўражанні. Крыўдна было ў гэткія незабыўныя хвіліны адчуваць, што твая галава ў палоне ў гэтай касцы са шкла металу! Чаму мы не можам жыць у вадзе, як гэтыя рыбы, што стралой праносяцца каля нас, альбо, яшчэ лепш, як амфібіі, якія доўгія гадзіны могуць знаходзіцца ў вадзе і на сушы, аднолькава добра сябе адчуваючы ў абодвух стыхіях — паветранай і воднай?

Між тым капітан Нэма спыніўся. Мае сябры і я паследвалі яго прыкладу. Я ўбачыў, што матросы «Наўтылуса» выстраіліся паўкругам за сваім начальнікам. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што чацвёра з іх неслі на плячах нейкі прадаўгаваты прадмет.

Мы знаходзіліся ў цэнтры прасторнай палянкі, аблямаванай з усіх бакоў высокім каралавым лесам. Нашы ліхтары кідалі на дно цмянае святло, ад якога вырасталі велізарныя цені. Па краях палянкі была густая цемра, і толькі дзе-ні-дзе шугалі і зараз-жа згасалі крывавыя аганькі — гэта прамень ліхтара адсвечваўся на момант у каралах.

Нэд Лэнд і Кансель стаялі побач са мной. Усім нам толькі цяпер прыйшла ў галаву думка, што наша падводная прагулка рабілася з нейкай мэтай. Агледзеўшы дно, я заўважыў, што яно ў некаторых месцах горбілася ўзгоркамі, зробленымі радамі, правільнасць якіх сведчыла, што гэта вынік чалавечай працы.

Па знаку капітана Нэма адзін з матросаў выгнаў наперад, адвязаў кірку ад пояса і пачаў вырубаць яму ў дне. Тут і я ўсё зразумеў. Гэтая палянка была могільнікам, яма, якую капаў матрос — магілай, а прадаўгаваты прадмет на плячах у матросаў — целам памёршага ўночы чалавека.

Капітан Нэма і яго матросы прышлі сюды, каб аддаць цела свайго таварыша пахаванню на гэтым брацкім могільніку, на недасяжна глыбокім дне акіяна!

Ніколі я не быў так усхваляваны. Ніколі ніводнае відовішча не ўзрушвала мяне да такой ступені. Я не хацеў бачыць тое, што рабілася перада мною, і не мог адарваць вачэй ад гэтага відовішча ні на секунду.

Тым часам яма павольна вырастала ў каралавым дне. Спалохаўшыся ад удараў кіркі, рыбы ўцякалі ва ўсе бакі. Я чуў глухі стук і бачыў іскры, калі жалеза кіркі ўдарыла па кавалку крэмня, загубленаму ў глыбіні вод. Яма выцягвалася ў даўжыню і расла ў шырыню і, нарэшце, стала досыць прасторнай, каб змясціць труп.

Тады наблізіліся насільшчыкі. Цела, ахутанае белай тканінай, слізганула ў запоўненую вадой магілу. Капітан Нэма і яго матросы сталі навакол са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Я і мае таварышы, глыбока ўзрушаныя гэтай сцэнай, адступілі на крок назад, каб не перашкаджаць іхняму гору.

Магілу засыпалі вырытымі з ямы кавалкамі карала і надалі насыпу правільны абрыс.

Калі гэта было зроблена, капітан Нэма і ўсе яго спадарожнікі апусціліся на адно калена і паднялі ўгару рукі ў знак апошняга развітання…

Потым жалобная працэсія пайшла назад, да «Наўтылуса». Мы зноў прайшлі пад скляпеннямі каралавага лесу і ўдоўж каралавага гаю, увесь час ідучы ўгару.

Нарэшце здалёк паказаліся агні «Наўтылуса». Мы пайшлі прама на іх і да гадзіны дня вярнуліся на борт.

Змяніўшы вопратку, я паспяшыў выйсці на палубу, увесь ахоплены смутнымі думкамі, навеянымі толькі што ўбачанай сумнай цырымоніяй. Капітан Нэма неўзабаве далучыўся да мяне. Я запытаў яго:

— Значыцца, як я і прадбачыў, гэты чалавек уночы памёр?

— Так, спадар прафесар, — адказаў капітан.

— І цяпер ён спіць апошнім сном, побач з шмат якімі сваімі таварышамі, на падводных каралавых могілках?

— Так, ён спіць там, забыты ўсімі, але не намі…

І, закрыўшы твар рукамі, капітан Нэма дарэмна намагаўся стрымаць рыданне.

Пасля доўгага маўчання ён сказаў:

— Там, на некалькі соцень метраў пад вадой, знаходзяцца нашы ціхія могілкі.

— І там вашы мерцвякі спяць спакойна, недасяжныя для акул?..

— Так, — глухім голасам адказаў капітан Нэма, — недасяжныя для акул і для людзей.

Частка другая

Раздзел першы

Індыйскі акіян

Тут пачынаецца справаздача аб другім этапе нашага падводнага вандравання. Першы скончыўся журботнай сцэнай па каралавым могільніку, якая зрабіла на мяне моцнае ўражанне.