Выбрать главу

У бязмежных прасторах акіяна цякло жыццё капітана Нэма, і той-жа акіян падрыхтаваў таемны прытулак, каб захаваць яго цела, калі жыццё пакіне яго.

Там, глыбока-глыбока пад вадою, ніякае марское страшыдла не зможа парушыць спакой апошняга сну насельнікаў «Наўтылуса», сяброў таемнага капітана, моцна злучаных адзін з адным у смерці і ў жыцці… Там спяць яны, недасяжныя не толькі для марскіх страшыдлаў, «але і для людзей», дадаў капітан Нэма.

Заўсёды тая нязменная, упартая недаверлівасць да людскога грамадства!

Мяне ўжо не задавальнялі гіпотэзы, якія выказваў Кансель.

Гэты добры хлапец сцвярджаў, што капітан Нэма проста вучоны, які не мог заваяваць прызнання і плаціць за гэта чалавецтву знявагай. Іншы раз ён казаў, што камандзір «Наўтылуса» — геній, якога высмеялі зямныя вучоныя, і што, стаміўшыся змагацца з тупасцю і безуважлівасцю грамадства, ён схаваўся ў гэтым, недаступным нікому асяродзішчы, каб жыць вольным. Але, на маю думку, і гэта дапушчэнне мала што казала аб капітану Нэма.

І сапраўды, загадка гэтай ночы, калі нас замкнулі ў турме і да таго яшчэ прымусілі спаць, паспешнасць, з якой капітан Нэма выхапіў з маіх рук падзорную трубу, перад чым я паспеў агледзець кругавід, смяротнае раненне аднаго з матросаў, якое з’явілася вынікам незразумелай сутычкі «Наўтылуса», — усе гэтыя факты штурхалі мяне на адну думку: не, капітан Нэма не абмежаваўся тым, што ўцёк ад людзей. Яго геніяльна задуманы падводны карабель быў патрэбен яму не толькі як прытулак, дзе нішто не стрымлівала яго волі, але мог служыць і зброяй страшэннай помсты!

Аднак, пакуль што, я не меў ніякіх доказаў гэтага. У акаляючай мяне густой цемры няведання гэтая здагадка магла быць толькі намёкам на разгадку.

Таму буду працягваць запісы, калі можна так сказаць, непасрэдна пад дыктоўку падзей…

Нас нішто не звязвае з капітанам Нэма. Ён ведае, што ўцякаць з «Наўтылуса» немагчыма. Таму ён не ўзяў з нас нават і слова — не ўцякаць. Ніякія абавязацельствы не звязваюць нас. Мы — звычайныя палоннікі, якіх толькі з-за далікатнасці лічаць гасцямі!

Аднак Нэд Лэнд не адмовіўся ад надзеі вырвацца на волю. Ён упэўнены, што здолее скарыстаць першы зручны выпадак. Магчыма, і я зраблю таксама. І, тым не менш, я не без жалю пакіну ўсе гэтыя цуды, знаёмствам з якімі я абавязаны велікадушшу капітана Нэма.

Мне і цяпер няясна, ці павінен я паважаць гэтага, чалавека, альбо ненавідзець яго. Ахвяра ён ці кат? Каб быць чэсным, прызнаюся, што перш, чым назаўсёды пакінуць «Наўтылус», я ўсё-ж хацеў-бы скончыць гэтае падводнае кругасветнае падарожжа, пачатак якога быў такім бліскучым. Я хацеў-бы ўбачыць усе сабраныя ў морах цуды, паглядзець усё тое, чаго не бачыў яшчэ ніводзін чалавек, нават, каб гэтае прагавітае жаданне ведаў каштавала мне жыцця. Што я адкрыў да гэтага часу? Нічога, або амаль нічога, бо мы прайшлі ўсяго толькі шэсць тысяч лье па Ціхаму акіяну.

Тым не менш я добра ведаю, што «Наўтылус» набліжаўся да заселенай зямлі і што, калі нам выпадзе хоць якая-небудзь магчымасць уцячы, з майго боку было-б невыбачальнай жорсткасцю здрадзіць інтарэсам маіх таварышаў дзеля свайго жадання — усё ведаць. Я павінен буду паследваць за імі, а мажліва і павесці іх. Але ці будзе калі-небудзь гэткі выпадак? Чалавек, гвалтам пазбаўлены волі, марыць аб ім, але вучоны-даследчык баіцца, што гэты выпадак нарэшце з’явіцца.

У гэты дзень, 21-га студзеня, апоўдні памочнік капітана па звычаю выйшаў на палубу, каб зрабіць назіранне. Я падняўся следам за ім і, закурыўшы цыгару, пачаў наглядаць. Я больш не сумняваўся ў тым, што гэты чалавек не гаворыць па-французску, бо часта наўмысля голасна рабіў заўвагі, якія павінны былі, каб ён разумеў мяне, вырваць у яго які-небудзь мімавольны знак увагі. Але ён заўсёды заставаўся спакойным і маўклівым.

У той час, калі ён прыставіў секстант да вачэй, вызначаючы вышыню схілення сонца над гарызонтам, на палубу выйшаў адзін з матросаў «Наўтылуса», той самы волат, які праваджаў нас на паляванне ў лясы вострава Крэспо. Ён пачаў чысціць шкло пражэктара. Я з цікавасцю разглядаў гэтую прыладу, сіла святла якой павялічвалася ў сто разоў, дзякуючы кругавому размяшчэнню чачавіцападобных шкелак, збіраючых у жмуток прамені святла. Крыніца святла была зроблена так, што яго светаносная сіла была даведзена да максімума. Электрычная дуга свяцілася ў штучна зробленым беспаветраным асяроддзі, што забяспечвала сталасць накала і ў той-жа час захоўвала графітныя свечкі, між якімі ўзнікала дуга. Гэта было асабліва важна для капітана Нэма, якому, як відаць, нялёгка было аднаўляць запасы графіта. А ў беспаветранай прасторы яны знашваліся вельмі доўга.