Выбрать главу

Было тры гадзіны пасля поўдня. Лоцман пакінуў мосцік, шлюпка хутка даставіла яго на катэр, і «Аўраам Лінкальн», набіраючы хуткасць, паплыў удоўж берагу Лонг-Айлэнда. Да васьмі гадзін вечара зніклі і агні Файр-Айлэнда, і фрэгат на ўсіх парах панёсся па цёмных водах Атлантычнага акіяна.

Раздзел чацвёрты

Нэд Лэнд

Капітан Фарагут быў добрым мараком, вартым вялікага фрэгата, якім ён камандаваў. Карабель і ён складалі нібы адно цела, у якім капітан выконваў функцыі мозгу. У яго не было ніякіх сумненняў у існаванні нарвала, і ён не дапускаў у сваёй прысутнасці ніякіх спрэчак па гэтаму пытанню. Страшыдла існавала, і ён ад, яго вызваліць моры — ён пакляўся ў гэтым. Або капітан Фарагут заб’е нарвала, або нарвал заб’е капітана Фарагута — трэцяга выйсця, не было.

Афіцэры судна падзялілі перакананні капітана. Прыемна было чуць, як яны спрачаліся аб шансах на хуткую сустрэчу з страшыдлам, вылічалі хуткасць яго хода, шукалі яго вачыма на паверхні пустыннага акіяна. Нават тыя, хто ў звычайных умовах лічылі вахты нуднай неабходнасцю, у гэты рэйс заўсёды гатовы былі аддзяжурыць лішні раз.

Пакуль сонца абходзіла па небасхілу свой дзённы шлях, мачты былі ўсыпаны кучкамі матросаў, якія лічылі за лепшае сядзець на рэях і выглядаць страшыдла, чым стаяць гадзінамі на распаленых, апякаючых ногі дошках палубы. А між тым «Аўраам Лінкальн» быў яшчэ далёка ад падазроных вод Ціхага акіяна!

Каманда гарэла жаданнем сустрэць нарвала, загарпуніць яго, усцягнуць на борт і пасячы яго на кавалачкі. Уся вольная ад работы частка каманды з самаю пільнаю ўвагай углядалася ў марскую гладзь. Трэба сказаць, што капітан Фарагут заахвочваў гэта, паабяцаўшы прэмію ў дзве тысячы долараў, якую мог атрымаць кожны — юнга, матрос, боцман або афіцэр, — хто першы заўважыць нарвала. Няцяжка сабе ўявіць, з якой стараннасцю каманда Фрэгата ўглядалася ў мора!

Што тычыцца мяне, дык і я не адставаў ад іншых і сумленна прастойваў па цэлых днях ля бартоў. Адзін толькі Кансель быў абыякі да пытання, якое займала ўсіх, і не падзяляў агульнага захаплення.

Я ўжо казаў, што капітан Фарагут узброіў свой фрэгат усімі прыладамі для лоўлі гіганцкіх кітоў. Мабыць, ніводнае кітабойнае судна не выходзіла ў плаванне лепш узброеным.

У нас былі ўсе сучасныя кіталоўныя снасці, пачынаючы ад ручнога гарпуна і канчаючы зубчастымі стрэламі, якія выкідаліся з спецыяльных гармат. На носе стаяла скарастрэльная ўдасканаленая гармата, якая пасылала свае чатырохкілаграмныя снарады на шаснаццаць кіламетраў.

Такім чынам, «Аўрааму Лінкальну» нельга было паскардзіцца на нястачу смертаносных аруддзяў. Але гэтага мала — на барту яго знаходзіўся сам Нэд Лэнд, кароль гарпуншчыкаў!

Нэд Лэнд быў ураджэнцам Канады і спрытнейшым у свеце кіталовам, не маючым роўнага ў гэтым небяспечным рамястве. Ён быў надзелены выключным спакойствам, спрытнасцю, смеласцю і кемлівасцю. І трэба было быць дужа спрытным кітом або хітрым кашалотам, каб выкруціцца ад яго страшнага гарпуна.

Нэд Лэнду было каля сарака год. Гэта быў высокі, амаль шасці футаў росту, моцны, суровы чалавек. Ён трымаўся асобна, быў запальчывы і лёгка прыходзіў у ярасць пры самым нязначным супярэчанні.

Выгляд яго міжвольна прыкоўваў да сябе ўвагу, асабліва вочы, надзвычайная дальназоркасць якіх надавала своеасаблівы выраз усяму яго твару.

Я лічу, што капітан Фарагут зрабіў зусім правільна, прыцягнуўшы яго ў экспедыцыю: калі патрэбна будзе моцная рука і вернае вока, ён адзін будзе каштоўней за ўсю каманду. Яго можна параўнаць з магутным тэлескопам, злучаным у адно непадзельнае цэлае з заражанай, заўсёды гатовай стрэліць гарматаю.

Канадзец — гэта той-жа француз, і хоць не надта таварыскі быў Нэд, але я мушу зазначыць, што ён хутка прывязаўся да мяне, — відаць, яго прыцягнула мая нацыянальнасць. Ён быў рады выпадку пагутарыць па-французску, а мне было прыемна паслухаць старафранцузскі дыялект, захаваны некранутым з часоў Раблэ[10] ў некаторых правінцыях Канады.

Нэд Лэнд належаў да старой квебекскай сям’і, даўшай нямала адважных маракоў яшчэ ў тыя даўнія часы, калі горад гэты належаў Францыі.

Пакрысе Нэд Лэнд уваходзіў у смак гутарак са мною, і я ахвотна слухаў аб яго прыгодах у Палярных морах. Яго апавяданні пра паляванні і байкі былі такія шчырыя і паэтычныя, што часамі мне здавалася, нібы я слухаю нейкага канадскага Гамера, спяваючага Іліяду палярных краін.

Я апісваю гэтага смелага чалавека, якім я яго ведаю цяпер, — мы старыя прыяцелі, і дружба наша, народжаная ў дні страшных перажыванняў, застаецца моцнай і непарушанай.

вернуться

10

Рэблэ Франсуа (1495 (?) — 1533) — буйнейшы французскі пісьменнік эпохі Адраджэння.