Выбрать главу

Калі «Наўтылус» пачаў рыхтавацца да апускання, я вярнуўся ў салон. Люкі зачыніліся, і мы пайшлі прама на захад.

Цяпер мы перасякалі Індыйскі акіян, прасторную раўніну, займаючую плошчу ў пяцьсот пяцьдзесят мільёнаў гектараў. Воды гэтага акіяна да таго празрыстыя, што, гледзячы на іх з палубы карабля, у слабых людзей кружыцца галава.

«Наўтылус» плыў звычайна на глыбіні ад ста да двухсот метраў. Так працягвалася некалькі дзён. Іншы на маім месцы напэўна скардзіўся-б на нудоту і аднастайнасць гэтага падарожжа. Але штодзённыя ранішнія прагулкі па палубе, пад свежым, насычаным соллю, ветрыкам, назіранне цудаў акіяна праз вокны салона, чытанне кніг з бібліятэкі капітана Нэма, вядзенне запісаў у дзенніку — усё гэта цалкам займала мае дні, не пакідаючы для нуды альбо стомленасці ніводнае хвіліны.

І Нэд Лэнд, і Кансэль, і я сам адчувалі сябе зусім здаровымі. Харчовы рэжым «Наўтылуса» наогул задавальняў нас, і каб не боязнь пакрыўдзіць канадца, я з радасцю адмовіўся-б ад гэтых «зямных» дадаткаў да агульнага стала, якія ён ухітраўся неяк набываць. Пры той нязменнасці тэмпературы, якая была вакол нас, немагчыма было захварэць нават насмаркам, а каб гэта і здарылася, то ў аптэчцы «Наўтылуса» быў дастатковы запас парашку з мадрэпоры dendrophyles, вядомай ў Правансе пад назвай «марскога кропу», вельмі добрага лякарства супраць кашля і насмарку.

На працягу некалькіх дзён, падымаючыся раніцай на палубу, я здзіўляўся багаццю вадзяных птушак, асабліва чаек і паморнікаў. Матросы «Наўтылуса» палявалі на іх, і гэтая «вадзяная дзічына», адпаведным чынам згатаваная, выходзіла дужа смачнай стравай. Сярод буйных птушак, якія залятаюць далёка ад берагоў і адпачываюць ад зморанасці на хвалях, звярталі на сябе ўвагу сваім непрыемным крыкам, здалёк нагадваючым крык асла, прыгожыя альбатросы, належачыя да атрада трубканосаў. Сямейства весланогіх было прадстаўлена тут шпаркакрылымі фрэгатамі, лавіўшымі рыбу, якая плавае блізка ад паверхні мора, і шматлікімі фаэтонамі, велічынёю з голуба, белы плюмаж якіх, ледзь афарбаваны ў ружовы колер з бакоў, яшчэ больш падкрэслівае надзвычайную чарнату крылляў.

У сеці «Наўтылуса» траплялі кожны дзень новыя разнавіднасці марскіх чарапах; у прыватнасці адзначу цікавую чарапаху карэту, альбо бісу, з паўкруглым пукатым панцырам, які дорага каштуе ў продажы. Гэтыя чарапахі могуць вельмі доўга знаходзіцца пад вадою, зачыніўшы мясісты клапан, што знаходзіцца ля выхадной адтуліны іхняга насавога канала. Некаторыя з карэтт былі злоўлены, калі яны спалі, схаваўшыся ў свой панцыр для абароны ад марскіх жывёл. Мяса іх нясмачнае, але яйкі іхнія лічацца тонкай стравай.

Што тычыцца рыб, дык назіранне за імі праз адчыненыя вокны салона заўсёды захапляла нас. Я знайшоў тут некалькі відаў, якіх да гэтага часу не даводзілася назіраць. Раней за ўсё назаву кузаўкоў — рыб, якія жывуць выключна ў цёплых морах, асабліва ў Чырвоным моры, Індыйскім акіяне і ля берагоў Цэнтральнай Амерыкі. Гэтыя рыбы, таксама як чарапахі ды ракападобныя і марскія вожыкі, маюць панцыр, але не крамяністы ці вапенны, а моцны касцяны, які складаецца са злучаных адна з адной пласцінак. Цела кузаўкоў у гэткім панцыры мае выгляд трохсценнай, чатырохсценнай альбо пяцісценнай каробкі з цвёрдымі сценкамі, і зусім не гнуткае. Рухацца ў іх можа толькі канец хваста ды канец морды, якія пакрыты мяккай скурай, але і гэтыя рухі не надта гнуткія і могуць рабіцца не ва ўсіх напрамках. Нам трапляліся трохкутныя кузаўкі, мяса якіх вельмі далікатнае, і рагатыя кузаўкі з чатырохсценным панцырам; іх завуць рагатымі за тое, што над іхнімі вялікімі круглымі вачыма тырчаць даўгія калючкі, падобныя на рогі.

Назаву яшчэ шыпаватых скатаў, маючых дужа доўгія, падобныя на пугу, хвасты з вострымі шыпамі. Хвост гэты можа наносіць страшэнныя ўдары, небяспечныя нават для чалавека.

У запісах, якія вёў Кансель, адзначаны яшчэ некаторыя разнавіднасці рыб: іглабрухі, якіх мы ўжо сустракалі ў Ціхім акіяне; скаты даўганосыя, мяса якіх наогул нясмачнае, але чамусьці лічыцца далікатнай стравай у Англіі і знаходзіць шмат аматараў; скаты электрычныя — круглыя голыя рыбы, без лускі і калючак; мармуровыя электрычныя скаты, даўжынёю ў паўтара метры і шырынёю ў адзін метр, афарбаваныя ў рудаваты колер з больш светлымі мармуровымі плямамі на спіне, і г.д.

З прадстаўнікоў іншых відаў адзначу яйцападобных рыб, цёмна-карычневых, бадай чорных, з белымі пражылкамі, без хваста; двузубых, падобных на дзікабразаў, якія могуць надзьмувацца і прымаць выгляд шара, з усіх бакоў абкружанага калючкамі; марскіх канькоў, такіх самых, як і ў іншых акіянах; пегасавых рыб з далёка высунутым наперад рыльцам і шырокімі гарызантальна стаячымі груднымі плаўнікамі, падобнымі на крыллі і надаючымі гэтым маленькім рыбкам фантастычны выгляд; ліры-рыбы, афарбаваныя ў жоўты колер і пакрытыя сапфіра-блакітнымі праменнямі і плямамі. Мяса іхняе белае і смачнае.