Выбрать главу

— Так, дружа мой. І не спрабуй падлічыць колькасць інфузорый у такіх «палях». Табе ўсёроўна не ўдасца гэта, бо, калі я не памыляюся, некаторыя маракі паведамлялі, што яны сустракалі малочныя моры, якія цягнуліся на сорак і нават больш міль!

Але Кансель не паслухаўся маёй рады і моўчкі пачаў лічыць, колькі інфузорый змесціцца на плошчы ў сорак квадратных міль, калі кожная інфузорыя не таўсцей воласа і не даўжэй пятай часткі міліметра.

Пакінуўшы яго за гэтым заняткам, я працягваў назіранне гэтага цікавага з’явішча прыроды.

На працягу некалькіх гадзін «Наўтылус» разразаў сваім вострым носам белесаватыя воды малочнага мора, і я звярнуў увагу на тое, што ён рухаецца зусім без шуму, нібы праходзячы праз згусткі мыльнай пены.

Каля паўночы мора нечакана набыло звычайны колер наперадзе нас, але за кармой, колькі бачыла вока, неба, адбіваючы белату вод, здавалася асветленым водбліскам паўночнага ззяння.

Раздзел другі

Новая прапанова капітана Нэма

Дваццаць восьмага лютага, падняўшыся ў поўдзень на паверхню вады пад 9°4´ паўночнай шыраты, «Наўтылус» апынуўся побач з нейкай зямлёю, ляжаўшай у васьмі мілях да захаду. Мне кінулася ў вочы перш за ўсё награмаджэнне даволі высокіх гор з капрызнымі абрысамі спадаў; некаторыя з іх дасягалі вышыні больш за дзве тысячы футаў. Пасля таго, як назіранні былі зроблены, я спусціўся ў салон і ўбачыў па карце, што гэта былі берагі вострава Цэйлона — гэтага перла Індыі.

Я адправіўся ў бібліятэку, каб пашукаць кнігі аб гэтым надзвычайна ўрадлівым востраве, і знайшоў працу Х.К. Сіра пад назвай «Цэйлон і сінгалезы».

Сеўшы з кнігай у салоне, я перш за ўсё адзначыў геаграфічныя каардынаты гэтага вострава: ад 5°55´ да 9°49´ паўночнай шыраты і ад 79°42´ да 82°4´ усходняй даўгаты (ад Грынвіча); даўжыня яго — дзвесце семдзесят пяць міль; максімальная шырыня — сто пяцьдзесят міль; даўжыня берагавой лініі — дзевяцьсот міль; нарэшце яго плошча — дваццаць чатыры тысячы чатырыста сорак восем міль, г. зн. толькі крыху менш за Ірландыю.

У гэты час у салон увайшлі капітан Нэма і яго памочнік. Капітан паглядзеў на карту. Потым, абярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Востраў Цэйлон славіцца лоўляй перлаў. Ці не хочаце, спадар прафесар, пабываць на месцы гэтай лоўлі?

— З прыемнасцю, капітан.

— Добра. Гэта вельмі лёгка зрабіць. Праўда, мы ўбачым толькі месца лоўлі, а не саміх лаўцоў, бо сезон лоўлі яшчэ не пачаўся. Але гэта не мае значэння. Я загадаю зараз-жа ўзяць курс на Манаарскую затоку. Мы прыбудзем туды ноччу.

Капітан сказаў некалькі слоў на невядомай мове свайму памочніку, і той хутка выйшаў з салона. Зараз-жа «Наўтылус» апусціўся ў ваду, як паказваў манометр, на глыбіню трыццаць футаў.

Узяўшы карту, я пачаў шукаць Манаарскую затоку і знайшоў яе каля маленькага астраўка таго-ж імя, пад 9° паўночнай шыраты, на паўночна-заходнім беразе Цэйлона. Для таго, каб дасягнуць яе, нам трэба было прайсці ўздоўж усяго заходняга ўзбярэжжа вострава.

Капітан Нэма зноў загаварыў:

— Спадар прафесар, — пачаў ён, — лоўля перлаў адбываецца ў Бенгальскай затоцы, у Індыйскім моры, у Кітайскім і Японскім морах, у морах, абмываючых поўдзень Амерыкі, у Панамскай затоцы, у Каліфарнійскай затоцы. Але на Цэйлоне гэтая лоўля дае найлепшыя вынікі. На жаль, мы надта рана прышлі сюды. Лаўцы перлаў прыязджаюць у Манаарскую затоку не раней сярэдзіны сакавіка — да гэтага часу тут збіраюцца да трохсот суднаў, якія на працягу трыццаці дзён займаюцца гэтым прыбытковым промыслам. Кожнае судна мае каманду ў дзесяць грабцоў і дзесяць нырцоў. Нырцы разбіваюцца на дзве змены, па чарзе ныраючыя ў ваду. Яны спускаюцца на глыбіню дванаццаці метраў пры дапамозе цяжкога каменя, які яны заціскаюць між ног і выпускаюць тады, калі дасягаюць патрэбнай глыбіні. Потым камень гэты, прывязаны вяроўкай да карабля, выцягваецца грабцамі назад на борт.

— Значыцца, гэтыя варварскія спосабы ўсё яшчэ існуюць?

— Так, тут нічога не змянілася, — адказаў Нэма, — хоць гэтыя перлавыя багацці належаць самай індустрыяльнай у свеце краіне — Англіі, якая атрымала іх ва ўласнасць па Ам’енскаму трактату 1802 года.

— Мне ўсё-такі здаецца, што скафандр такога тыпу, як вашы, мог-бы прынесці значную карысць у гэтым промысле?

— Вядома, таму што час прабывання пад вадой гэтых няшчасных нырцоў, натуральна, вельмі абмежаваны. Ангелец Персіваль у апісанні свайго падарожжа на Цэйлон гаворыць аб адным кафры, які мог цэлых пяць хвілін заставацца пад вадою, але мне гэтае сцвярджэнне заўсёды здавалася сумніцельным. Я ведаю, што ёсць плаўцы, якія знаходзяцца пад вадой бадай хвіліну — пяцьдзесят сем секунд, а некаторыя, самыя моцныя, нават восемдзесят сем — амаль паўтары хвіліны! Але такіх дужа мала, ды і ў гэтых няшчасных, калі яны вяртаюцца на борт, з вушэй і носу выходзіць афарбаваная крывёю вада. Мне здаецца, што сярэдняя доўгасць прабывання ныральшчыка пад вадой, не перавышае трыццаці секунд, і за гэты кароткі час ён павінен знайсці, сарваць і кінуць у сетку перлавыя ракавіны. Нізальшчыкі рэдка дажываюць да сярэдніх гадоў, большасць з іх памірае маладымі; зрок іхні хутка слабне, вочы пачынаюць гнаіцца, язвы пакрываюць усё цела. Часта яны раптам паміраюць пад вадой ад разрыву сэрца.