Выбрать главу

— Відаць, сартаванне перлаў па велічыні — гэта доўгая і даволі цяжкая праца? — запытаўся канадзец.

— Не, мой любы, гэта вельмі простая справа. Гэтая праца выконваецца пры дапамозе адзінаццаці сіт, альбо рэшат. Перлы, якія не прайшлі праз рэшата з колькасцю дзір ад дваццаці да васьмідзесяці, належаць да першага гатунку; не прайшоўшыя скрозь рэшата з колькасцю дзір ад ста да васьмісот — гэта другі гатунак; нарэшце, перлы, для якіх патрэбна рэшата з васьмюстамі тысячаў дзірак, адносяцца да трэцяга гатунку.

— Гэта дасціпна, — сказаў Кансель. — Я бачу, што праца сартоўшчыка механізавана… Ці не можа сказаць, гаспадар, які прыбытак прыносіць эксплуатацыя перлавых промыслаў?

— Калі верыць звесткам, якія дае Сір, — адказаў я, — дык цэйлонскія перлавыя мяліны аддаюцца на водкуп за гадавую плату ў тры мільёны акул.

— Франкаў! — паправіў мяне Кансель.

— Вядома, франкаў! Тры мільёны франкаў, — паўтарыў я. — Але мне здаецца, што цяпер гэтыя мелі не прыносяць ужо такога прыбытку, як раней. Тое-ж самае з амерыканскімі мелямі. Пры Карле пятым яны давалі кожны год перлаў на чатыры мільёны франкаў, а цяпер гэтая прадукцыя знізілася на дзве трэці. Наогул усе перлавыя промыслы свету даюць у год перлаў прыкладна на дзевяць мільёнаў франкаў.

— Але я чуў, што ёсць асобныя перлы, якія прадаюцца за вялікія грошы? — сказаў Кансель.

— Так, мой дружа. Гісторыя гаворыць, што Юлій Цэзар падарыў Сэрвіліі перл коштам сто дваццаць тысяч франкаў на нашыя грошы.

— А я чуў, — сказаў канадзец, — што нейкая старадаўняя дама распускала перлы ў воцату і піла яго.

— Гэта Клеапатра! — крыкнуў Кансель.

— Напэўна гэта было не смачна! — заўважыў Нэд Лэнд.

— Гэта было агідна, Нэд, — адказаў Кансель, — але падумайце, што такая шкляначка воцату каштавала паўтараста тысяч франкаў!

— Шкада, што гэтая дама не была маёй жонкай, — сказаў канадзец, пазіраючы на свае моцныя кулакі.

— Нэд Лэнд — супруг Клеапатры! — зарагатаў Кансель.

— Я збіраўся жаніцца, Кансель, — не міргнуўшы вокам, адказаў канадзец, — і не мая віна, калі справа не выгарэла. Я нават купіў перлавыя каралы Кэт Тэндэр, сваёй нявесце, але яна чамусьці выйшла замуж за другога. Але гэтыя каралы каштавалі мне ўсяго паўтара даляры. Хоць — паверце майму слову, спадар прафесар, — ніводзін з камянёў гэтых каралаў не прайшоў-бы нават праз дваццацідзірнае рэшата.

— Любы мой Нэд! — рассмяяўся я. — Гэта былі каралы са штучных перлаў — звычайных шкляных шарыкаў, напоўненых перлавай эсенцыяй.

— Усё-ж, — адказаў канадзец, — гэтая эсенцыя павінна каштаваць не танна.

— Яна нічога не каштуе. Гэта луска дробнай рыбы — уклейкі, раствораная ў азотнай кіслаце. Эсенцыя гэтая каштуе глупства.

— Цяпер я разумею, чаму Кэт Тэндэр выйшла замуж за другога, — з філасофскім спакойствам сказаў Нэд Лэнд.

— Але вернемся да гутаркі аб каштоўных перлах, — сказаў я. — Я не думаю, каб у каго-небудзь з земных манархаў быў перл больш каштоўны за той, што належыць капітану Нэма.

— Вось гэты? — запытаўся Кансель, паказваючы на каштоўнасць, якая ляжала пад шклом вітрыны.

— Гэты самы. Думаю, што не памылюся, вызначыўшы яго кошт у два мільёны…

— Франкаў! — хуценька падказаў мне Кансель.

— Зусім правільна, два мільёны франкаў. І для таго, каб здабыць яго, капітану Нэма варта было толькі нахіліцца…

— Вось бачыце, — ускрыкнуў Нэд Лэнд, — хто ведае, можа ў часе заўтрашняй пагулянкі і мы знойдзем такі самы?

— Гм! — буркнуў Кансель.

— А чаму-б і не?

— Навошта нам на борце «Наўтылуса» мільёны?

— На борце яны, вядома, не патрэбны, але ў іншых месцах…

— У іншых месцах! — Кансель толькі паківаў галавою.

— Нэд Лэнд мае рацыю, — сказаў я, — каб мы прывезлі ў Еўропу ці Амерыку перл, коштам некалькі мільёнаў франкаў, гэта надало-б большую вартасць расказам пра нашы падводныя прыгоды, выклікала-б да іх большае давер’е.

— Зразумела! — згадзіўся канадзец.