Выбрать главу

— Але скажыце, — зноў пачаў Кансель, якога цікавіў больш навуковы бок пытання, чымся матэрыяльны, — ці мае якую-небудзь небяспеку лоўля перлаў?

— Не, — адказаў я жвава, — асабліва калі прыняць некаторыя меры перасцярогі.

— А якія небяспекі можа мець такое рамяство? — запытаўся Нэд Лэнд — Хіба толькі можна праглынуць лішнюю каплю вады.

— Ну, не толькі гэта, Нэд. Дарэчы, — дадаў я, стараючыся гаварыць таксама бесклапотна, як капітан Нэма, — вы не баіцёся акул, Нэд?

— Гэта я? — усклікнуў Нэд. — Мне, прафесіянальнаму гарпуншчыку, ды баяцца акул? Ды пляваў я на іх!

— Гутарка ідзе не аб гэтым, каб злавіць акулу на кручок, уцягнуць на палубу карабля, адсячы ёй тут сякерай хвост, успароць чэрава, вырваць сэрца і выкінуць яго ў мора.

— Значыцца, вы пыталіся пра…

— Вось іменна!

— У вадзе?

— У вадзе!

— Калі мець добры гарпун у руцэ!.. Ведаеце, спадар прафесар, наогул гэта досыць нязграбная жывёла. Для таго, каб схапіць вас, яна абавязкова павінна павярнуцца на спіну, а за гэты час вы заўсёды паспееце ўсадзіць ёй гарпун у сэрца.

— А ты Кансель, якой думкі аб гэтых акулах? — запытаўся я.

— Я буду зусім шчыры з гаспадаром, — пачаў Кансель.

«У добры час!» падумаў я.

— Калі гаспадар рашыў не звяртаць увагі на акул, то чаму-ж мне, яго пакорнаму слузе, баяцца сустрэчы з імі?

Раздзел трэці

Перл коштам у 10 000 000 франкаў

Надышла ноч. Я ўлёгся на ложак, але спалася мне дрэнна. Акулы ўвесь час сніліся мне, і не раз я прачынаўся, абліваючыся халодным потам.

Раніцай, а чацвёртай гадзіне, мяне разбудзіў сцюард, прыстаўлены да мяне для паслуг капітанам Нэма. Я хутка ўстаў, апрануўся і выйшаў у салон.

Капітан Нэма ўжо чакаў мяне там.

— Гатовы вы адправіцца, прафесар? — запытаўся ён.

— Зусім гатоў, капітан.

— У такім разе прашу паследваць за мною.

— А мае спадарожнікі, капітан?

— Іх ужо папярэдзілі, і яны чакаюць нас.

— Мы надзенем зараз скафандры?

— Пакуль што — не. «Наўтылус» не можа падыйсці блізка да берагу, і я спыніў яго даволі далёка ад перлавых мялін Манаарскай затокі. Таму я загадаў падрыхтаваць шлюпку, якая даставіць нас непасрэдна да самай мяліны і гэтым вызваліць нас ад залішняй стомленасці. Нашы скафандры складзены ў шлюпку, і мы надзенем іх перад самым апусканнем.

Капітан Нэма запрасіў мяне пайсці за ім. Мы падняліся на палубу. Нэд Лэнд і Кансель ужо чакалі нас там, задаволеныя перспектывай «прыемнай прагулкі». У шлюпцы, спушчанай на ваду і прывязанай да борта «Наўтылуса», на вёслах сядзелі пяць матросаў.

Світання яшчэ не было, і ноч была беспрасветна цёмнай. Рэдкія зоркі мігацелі паміж густымі воблакамі. Я паглядзеў у бок зямлі, але ўбачыў толькі невыразнае згушчэнне цемры, закрываўшае тры чвэрці кругавіда. «Наўтылус», які прасунуўся за ноч уздоўж заходняга берагу Цэйлона, знаходзіўся цяпер каля ўвахода ў затоку, альбо, пэўней, у бухту, створаную берагамі Цэйлона і вострава Манаар. Пад цёмнай паверхняй вады знаходзілася адна з буйнейшых у свеце перлавых мялін, невычарпальная скарбніца, якая цягнулася бадай на дваццаць міль.

Капітан Нэма, Нэд Лэнд, Кансель і я занялі месца на карме шлюпкі. Адзін з матросаў стаў ля стырна, астатнія чацвёра ўзяліся за вёслы, і як толькі была адпушчана прычэпка, мы крануліся ў дарогу.

Шлюпка накіроўвалася на поўдзень. Грабцы не спяшаліся. Я заўважыў, што яны з сілай апускалі вёслы ў ваду з інтэрваламі ў дзесяць секунд, як гэта практыкуецца ў вайскова-марскіх флотах. У той час, калі шлюпка ішла па інерцыі, чуваць быў лёгкі шум вадзяных капляў, спадаўшых з паднятых вёсел на паверхню хваль. Лёгкая зыб, што ішла ад берагу, ледзь калыхала шлюпку, і грэблі хваляў з плёскам разбіваліся аб яе нос.

Мы маўчалі. Аб чым думаў капітан Нэма? Можа аб гэтай зямлі, аб тым, што мы надта наблізіліся да яе? Нэд Лэнд, мусіць, таксама думаў пра зямлю, але, па яго думцы, мы ўсё-ж былі надта далёка ад яе. Што-ж датычыцца Канселя, дык ён, здаецца, ні аб чым не думаў, а толькі з нецярплівасцю чакаў абяцанай прыемнасці.

А палове шостай гадзіны першыя праменні вызначылі больш выразна лінію гор на гарызонце. Нізкі на ўсходзе востраў быў гарыстым на поўдні. Мы знаходзіліся цяпер за пяць міль ад яго.

Між востравам і нашай шлюпкай мора было пустынным. Не відаць было ніводнага судна, ніводнага ныральшчыка. У гэтым месцы сустрэчы лаўцоў перлаў панавала глыбокая цішыня. Капітан Нэма казаў праўду: мы прыбылі сюды надта рана!

У шэсць гадзін раніцы надышоў дзень з той раптоўнасцю, якая ўласціва трапічным краінам, не ведаючым ні золаку, ні вячэрняга змроку. Сонечныя праменні прарываліся праз воблачную заслону, затуліўшую кругавід, і дзённае свяціла хутка падымалася па небе. Цяпер я выразна бачыў зямлю і нават асобныя дрэвы на беразе.