Выбрать главу

Шостага лютага «Наўтылус» усплыў на паверхню мора, маючы перад сабою горад Адэн, па прыродных умовах сапраўдны аравійскі Гібралтар, захоплены ангельцамі ў 1839 годзе і цяпер ператвораны ў зусім непрыступную крэпасць. Я бачыў здалёк васьмісценныя мінарэты гэтага горада, які, па словах гісторыка Эдрыдзі, некалі быў самым жвавым і багатым гандлёвым пунктам на ўсім узбярэжжы.

Я быў упэўнены, што ад Адэна капітан Нэма паверне «Наўтылус» назад. Але я памыліўся.

На другі дзень, 7 лютага, мы ўвайшлі ў Баб-эль-Мандэбскую пратоку. Назва пратокі па-арабску азначае «Дзверы слёз». Даўжыня пратокі ўсяго пяцьдзесят два кіламетры, і «Наўтылус», які імчаўся з усёй хуткасцю, прайшоў яе менш як за гадзіну. Але мне не ўдалося нічога ўбачыць, нават берагоў вострава Перыма, захопленага ангельцамі для таго, каб узмацніць панаванне Адэна над морам. Надта многа ангельскіх і французскіх караблёў, злучаючых Суэцкі перашыек з Бамбеем, Калькутай, Мельбурнам і востравам св. Маўрыкія, баразнілі ваду пратокі, каб «Наўтылус» мог плыць па паверхні яго. Таму мы ўвесь час плылі пад вадой.

Нарэшце, а поўдні, мы ўвайшлі ў воды Чырвонага мора.

Чырвонае мора! Ніколі хмары не праліваюцца дажджом над яго паверхняй! Ніколі неба над ім не хмурыцца воблакамі! Ніводная значная рэчка не нясе ў яго сваіх вод! Распаленае сонца выклікае вялізнае выпарэнне яго верхніх пластоў, і ўзровень іх кожны год зніжаецца на паўтара метры.

Каб гэтая дзіўная затока была адрэзана ад акіяна і ператварылася ў возера, мусіць, яно ўжо высахла-б. Узровень вады ў ёй ніжэй, як у замкнутым з усіх бакоў Каспійскім моры, дзе колькасць выпараемай вады акурат замяшчаецца колькасцю ападкаў.

Чырвонае мора цягнецца на дзве тысячы шэсцьсот кіламетраў у даўжыню пры сярэдняй шырыні ў дзвесце сорак кіламетраў. У часы фараонаў Пталамеяў і Рымскай імперыі гэта была найвялікшая гандлёвая артэрыя ў свеце. Адчыненне Суэцкага канала верне гэтаму мору яго былое значэнне.

Я не спрабаваў нават зразумець, які капрыз прывёў капітана Нэма ў гэтую затоку. Але я быў бясконца рады, што «Наўтылус» апынуўся тут. Мы ішлі цяпер з сярэдняй хуткасцю, то ўсплываючы на паверхню, то апускаючыся ў ваду, каб размінуцца з сустрэчным караблём, і такім чынам я знаёміўся звонку і знутры з гэтым цікавым вадаёмам.

Восьмага лютага з першымі праменнямі дня, мы ўбачылі Мока, горад руін, выпетраныя сцены якога падаюць ад аднаго грукату гарматнага стрэлу. Між руінамі пусцілі карані і прыемна зелянеюць фінікавыя пальмы. Мока некалі быў буйным цэнтрам з шасцю базарамі, дваццацю шасцю мячэцямі і чатырнаццацю фортамі, якія абкружалі горад кальцом у тры кіламетры.

«Наўтылус» наблізіўся да берагоў Афрыкі, дзе мора было больш глыбокаводным. Апускаючыся там у ваду, мы захапіліся дзівоснымі хмызнякамі ярка чырвоных каралаў і густым зялёным дываном водарасцяў і фукусаў, засцілаўшых падводныя скалы. Якое неапісальнае відовішча прадстаўлялі сабою гэтыя падводныя рыфы і астраўкі, што далучаліся да Лівійскага ўзбярэжжа! Але асаблівага хараства і разнастайнасці падводныя пейзажы дасягалі ля ўсходніх берагоў, да якіх «Наўтылус» неўзабаве наблізіўся.

Каля Тэхамы зоафіты квітнелі не толькі пад вадою, але і высоўваліся сваімі маляўнічымі спляценнямі на некалькі метраў над паверхняй мора. Праўда, надводныя зоафіты былі больш цмяна афарбаваныя, чымся падводныя, якія заўсёды асвяжаюцца бягучай вадой.

Колькі чароўных гадзін правёў я, седзячы ля акна салона! Колькі новых узораў падводнай флоры і фауны бачыў я пры святле электрычнага пражэктара! Апендыкулярыі, сальмы, аспіднага колеру актыніі і ў тым ліку thalassianthus aster, падобныя на флейты і як быццам чакаючыя подыху бога Пана; незлічоныя чарапашкі, растучыя калоніямі, нарэшце тысячы разнавіднасцей паліпа, якога я яшчэ да гэтага часу нідзе не сустракаў, — губкі.

Клас губак — першы ў аддзеле паліпаў — цалкам складаецца з гэтых карысных і цікавых істот. Губка — не расліна, як яшчэ да гэтага часу думаюць некаторыя натуралісты, а жывёла самага ніжэйшага парадку; гэта паліп, які стаіць на больш нізкай ступені развіцця, чым нават каралы. Што губкі належаць да жывёльнага царства, гэта не выклікае ніякіх сумненняў, і, вядома, ужо не можа быць ніякай гутаркі аб тым, каб, па прыкладу старадаўніх вучоных, адносіць губкі да якога-небудзь прамежнага царства між жывёламі і раслінамі. Я павінен агаварыцца, што натуралісты да гэтага часу не ўзгаднілі пытання аб фармаванні губкі. Па думцы некаторых гэта — паліпняк, цэлая калонія дробных жывёлін, але іншыя, і ў тым ліку Мільн-Эдвардс, лічаць, што кожная губка — асобная жывёліна.