Выбрать главу

— Відаць, што гэтым гісторыкам не давялося плысці на борце «Наўтылуса», — дадаў я.

— Зусім правільна, — усміхнуўся капітан Нэма. — Аднак у гэтых адносінах становішча сучасных гісторыкаў не лепшае, як старадаўніх. Патрабавалася шмат вякоў, каб знайсці механічную сілу, якая знаходзіцца ў пары. Хто ведае, ці ўбачыць свет і праз сто гадоў другі «Наўтылус»? Тэхнічны прагрэс, спадар прафесар, — гэта марудная рэч!

— Праўда, — сказаў я, — ваш карабель на цэлы век, калі не на цэлыя вякі, выперадзіў сваю эпоху. Якое няшчасце, што сакрэт яго памрэ разам з яго вынаходцам!

Капітан Нэма не адказаў мне.

Пасля некалькіх хвілін маўчання ён зноў загаварыў:

— Мы гутарылі, здаецца, аб поглядах старадаўніх гісторыкаў наконт небяспекі плавання па Чырвонаму мору.

— Але, — сказаў я, — ці не лічыце вы, што іхняя сцеражлівасць была крыху перавялічанай?

— І так і не так, спадар прафесар, — адказаў мне капітан Нэма, які, відаць, добра вывучыў Чырвонае мора. — Тое, што не з’яўляецца небяспекай для сучаснага карабля, грунтоўна пабудаванага, маючага добрыя прылады, вольна выбіраючага свой шлях, дзякуючы паслухмянай пары, — усё гэта пагражала ўсялякімі нечаканасцямі караблям старадаўніх мораплаўцаў. Трэба ўявіць сабе гэтыя дашчатыя судзёнцы, шытыя пальмавымі вяроўкамі, праканапачаныя смалой і дэльфінавай тлустасцю! У іх не было ніякіх прылад для азначэння кірунку, і яны плылі наўздагад сярод невядомых цячэнняў. У гэтых умовах крушэнні былі — не маглі не быць — звычайным з’явішчам. Але ў нашы дні параходам, выконваючым рэйсы паміж Суэцкім перашыйкам і морамі паўднёвага паўшар’я, няма чаго баяцца бур Чырвонага мора, ні сустрэчных мусонаў. Капітанам, камандзе і пасажырам гэтых караблёў не трэба прыносіць перад адплыццём ніякіх адкупных ахвяр, і вярнуўшыся, яны не павінны з гірляндамі кветак ісці ў бліжэйшы храм дзякаваць багоў за ласку…

— Так, пара сцерла падзяку ў сэрцах маракоў, — жартаўліва сказаў я. — Дарэчы, капітан, вы так грунтоўна вывучылі гісторыю гэтага мора, што, мажліва, вы растлумачыце мне, чаму, уласна кажучы, яго называюць Чырвоным?

— Калісьці далі яму гэтае імя за дзіўную афарбоўку вады ў некаторых яго частках, — адказаў капітан Нэма.

— Аднак, да гэтага часу мы бачылі толькі зусім празрыстую, ніяк не афарбаваную ваду.

— Правільна, але калі мы пройдзем далей, да канца затокі, вы ўбачыце, што там вада мае чырвонае адценне. Я ўспамінаю, што аднойчы бачыў у бухце Тор зусім чырвоную ваду, як быццам цэлае возера крыві.

— Чым тлумачыцца гэтая афарбоўка? Якімі-небудзь макраскапічнымі водарасцямі?

— Так. Гэта слізістыя вылучэнні мікраскапічных раслінак, трыхадэсмій, сорак тысяч якіх змяшчаюцца на плошчы ў адзін квадратны міліметр. Магчыма, вам таксама ўдасца назіраць гэты феномен, калі мы наведаем бухту Тор.

— Значыцца, вы не першы раз наведваеце Чырвонае мора на «Наўтылусе», капітан?

— Не ўпершыню. Я быў тут, калі толькі што пачалася работа па пракапанню Суэцкага канала.

— Гэты канал зусім бескарысны для такога судна, як «Наўтылус», — сказаў я.

— Але затое ён карысны ўсяму свету, — адказаў капітан Нэма. — Старадаўнія людзі добра разумелі, якую вялізную выгоду для гандлю даў-бы прамы шлях з Міжземнага мора ў Чырвонае. Але яны не падумалі аб тым, што можна проста пракапаць канал ад мора да мора, і выбралі больш доўгі шлях: злучылі цячэнне Ніла з Чырвоным морам. Пабудова гэтага Нільскага канала, мяркуючы па некаторых звестках, была пачата пры фараоне Сезострысе. У кожным разе пэўна тое, што ўжо ў 615 годзе да нашай эры фараон Нэхо распачаў працу па правядзенню канала ад Ніла цераз тую частку егіпецкай нізіны, якая накірована да Аравіі. Шлях па гэтаму каналу ад Ніла да Чырвонага мора павінен быў адняць у суднаў чатыры дні, а шырыня яго павінна была дазволіць двум трырэмам плысці па ім побач. Будаўніцтва канала працягвалася пры Дарыі, сыне Гістаспа, скончылася, відаць, пры Пталамее другім. Страбон бачыў яго ўжо ў дзейнасці; але недастатковая глыбіня канала дазваляла плаваць па ім толькі на працягу вясенніх месяцаў, калі вада высока стаяла ў Ніле. Канал нёс сваю службу да века Антанінаў; пасля гэтага ён абмялеў, заняпаў і зрабіўся несуднаходным. Па загаду халіфа Омара ён быў адноўлены, але ў 761 ці 762 годзе нашай эры канчаткова быў засыпаны халіфам Аль-Манзорам, які хацеў затрымаць дастаўку прыпасаў паўстаўшаму супраць яго Махамед-бею Абдулаху. У часе егіпецкага паходу генерал Банапарт знайшоў сляды гэтага канала ў пустыні каля Суэца і ледзь не загінуў, нечакана захоплены прылівам.