Выбрать главу

— Ну што-ж, капітан, тое, што не ўдалося старадаўнім — злучэнне двух мораў, якое скароціць на дзевяць тысяч кіламетраў дарогу з Кадыкса ў Індыю, — тое зробіць Лесепс! У самым хуткім часе ён зробіць Афрыку вялікім востравам, адрэзаўшы яе Суэцкім каналам ад Азіі.

— Так, спадар Аранакс, вы маеце права ганарыцца сваім земляком. Гэты чалавек прыносіць больш гонару сваёй радзіме, як самы славуты ваенны начальнік! Ён перасіліў на сваім шляху незлічоныя перашкоды і дабіўся перамогі, бо ў яго геніяльнасць злучаецца з моцнай воляй! Прыкра падумаць, што гэтае стварэнне, якое павінна было стаць міжнароднай справай, сустрэла шалёнае супраціўленне і ўзяло верх толькі дзякуючы велізарнай энергіі аднаго чалавека. Гонар і слава Фердынанду Лесепсу! — Так, гонар і слава гэтаму вялікаму грамадзяніну! — крыкнуў я, цішком здзіўляючыся нечаканаму запалу капітана Нэма.

— Шкада, вядома, што я не здолею паказаць вам Суэцкі канал, — казаў далей капітан Нэма, — але вы ўбачыце даўгія ўзбярэжжы Порт Саіда паслязаўтра, калі мы выйдзем у Міжземнае мора.

— У Міжземнае мора?! — ускрыкнуў я.

— Так, спадар прафесар. Чаму вы так здзівіліся?

— Мяне здзівілі вашы словы, што мы будзем там паслязаўтра.

— Сапраўды?

— Так, капітан, хоць я даўно ўжо павінен быў-бы адвыкнуць здзіўляцца, пакуль знаходжуся на «Наўтылусе»!

— Але ўсё-ткі, што вас так здзіўляе?

— Велізарная хуткасць, якую павінен будзе развіць «Наўтылус», каб даставіць нас да паслязаўтрашняга дня ў Міжземнае мора! Яму-ж прыйдзецца апісаць поўны круг вакол берагоў усёй Афрыкі, каля мыса Добрай Надзеі!

— Але хто вам сказаў, што «Наўтылус» будзе агінаць усю Афрыку? Хто сказаў, што ён пройдзе каля мыса Добрай Надзеі?

— Аднак… калі «Наўтылус» не паплыве па сухазем’і альбо не перанясецца па паветры над Суэцкім перашыйкам…

— А чаму-б не прайсці пад ім, спадар прафесар?

— Пад перашыйкам?

— Вядома! — спакойна адказаў капітан Нэма. — Прырода даўно ўжо зрабіла пад гэтай вузкай палоскай зямлі тое, што людзі з такой цяжкасцю робяць на паверхні яе.

— Як? Там ёсць праход?

— Але, падводны праход, названы мною Аравійскім тунелем. Ён пачынаецца пад Суэцам і канчаецца каля Пелузіума.

— Але-ж Суэцкі перашыек складаецца з сыпучага пяску?

— Толькі да пэўнай мяжы. Але на глыбіні пяцьдзесят метраў пачынаецца ўжо нерухомая гранітная сцяна.

— Значыцца, вы выпадкова знайшлі гэты тунель? — запытаў я, усё болей і болей здзіўлены.

— Выпадкова і ў той-жа час невыпадкова. Частка разважання была ў гэтым вынаходстве большая, чымсь удзел выпадку.

— Я слухаю вас, капітан, з напружанай увагай, але мой розум адмаўляецца верыць вушам.

— Ах, спадар прафесар, мець вушы, каб не чуць, — гэта ўласціва ўсім часам! Гэты праход не толькі рэальна існуе, але я ўжо карыстаўся ім не раз. Каб яго не было, я не стаў-бы забірацца ў гэты тупік — Чырвонае мора!

— Ці не будзе гэта няскромнасцю, калі я запытаю вас, якім чынам вы знайшлі гэты тунэль?

— Якія могуць быць сакрэты адзін ад аднаго ў людзей, якім суджана ніколі не разлучацца? — адказаў капітан Нэма.

Я зрабіў выгляд, быццам не звяртаю ўвагі на падвойны сэнс гэтай фразы, і нарыхтаваўся слухаць тлумачэнні капітана Нэма.

— На думку аб існаванні тунеля, аб якім я адзін толькі ведаю, мяне штурхнула простая логіка, разважанне дапытлівага натураліста. Я звярнуў увагу на тое, што ў Чырвоным і Міжземным марах сустракаецца некаторая колькасць зусім аднолькавых відаў рыб — лятучай сельдзі, акунёў, паласатых шчаціназубаў і іншых. Пераканаўшыся ў гэтым, я задаў сабе пытанне, ці не сведчыць гэта аб тым, што гэтыя моры злучаюцца? Калі такое злучэнне сапраўды існуе, дык падземнае цячэнне павінна абавязкова трымаць кірунак ад Чырвонага мора да Міжземнага, з той прычыны, што ўзровень вады ў першым вышэй, як у апошнім. Для высвятлення гэтага пытання я налавіў многа рыбы ў ваколіцах Суэца, надзеў кожнай з іх па меднаму пярсцёнку на хвост і зноў кінуў у ваду. Праз многа месяцаў каля берагоў Сірыі невад прынёс мне некалькі рыбак з маімі пазнавальнымі пярсцёнкамі. Такім чынам для мяне зрабілася пэўным існаванне падземнага злучэння двух мораў. Я пачаў шукаць гэты праход на сваім «Наўтылусе», знайшоў яго, рызыкнуў зайсці ў яго, і вось праз дзень-два, спадар прафесар, і вы таксама праедзеце праз Аравійскі тунель.