Выбрать главу

У той-жа дзень я перадаў Канселю і Нэду Лэнду тую частку сваёй гутаркі з капітанам Нэма, якая іх непасрэдна цікавіла. Калі я сказаў ім, што праз два дні мы будзем баразніць воды Міжземнага мора, Кансель запляскаў далонямі, а Нэд Лэнд паціснуў плячыма.

— Падводны тунэль? — ускрыкнуў ён. — Злучэнне паміж двума морамі? Хто пра гэта калі-небудзь чуў?

— Дружа Нэд, — адказаў яму Кансель. — Ці чулі вы калі-небудзь пра «Наўтылус»? Не. І тым не менш ён існуе. Таму не паціскайце недаверліва плячыма і не адмаўляйце фактаў з таго поваду, што вы нічога пра іх не чулі!

— Паглядзім, на чыім баку будзе праўда, — сказаў Нэд Лэнд, паківаўшы галавой. — Але нарэшце я толькі рад быў-бы паверыць у існаванне гэтага тунэля, каб хутчэй апынуцца ў Міжземным моры.

Раздзел пяты

Аравійскі тунэль

У гэты-ж вечар «Наўтылус», плывучы па паверхні мора, наблізіўся пад 21°30´ паўночнай шыраты да аравійскага берагу. Я ўбачыў Джэду, важны гандлёвы пункт, які вядзе жвавы абмен з Егіптам, Сірыяй, Турцыяй і Індыяй. З той адлегласці, на якой мы знаходзіліся, я досыць выразна распазнаваў гарадскія будынкі, караблі, прышвартаваныя да узбярэжжа і стаячыя на рэйдзе, таму што нізкая асадка не дазваляла ім падыйсці да берагу. Перадвячорнае сонца залівала святлом белыя гарадскія будынкі, і яны асляпляюча блішчэлі. У баку ад горада размясціліся драўляныя і трысцёвыя халупы, вёскі аселых бедуінаў.

Але неўзабаве Джэда знікла ў начной цемры, і «Наўтылус» паспяшыў апусціцца ў крыху фасфарасцыруючую ваду.

Назаўтра, 10 лютага, усплыўшы на паверхню, мы ўбачылі недалёка многа караблёў, і «Наўтылус» паспяшыў зноў апусціцца ў ваду. Але ў поўдзень, у час звычайных назіранняў, мора было пустынным, і «Наўтылус» зноў мог падняцца на паверхню мора.

Я выйшаў на палубу ў суправаджэнні Нэда Лэнда і Канселя. На ўсходзе, у туманным марыве ледзь віднеўся контур нізкага берагу.

Абапёршыся аб дно шлюпкі, мы размаўлялі аб усякіх драбніцах, як раптам Нэд Лэнд выцягнуў руку і, паказваючы на нейкі пункт у моры, запытаў мяне:

— Ці бачыце вы там што-небудзь, спадар прафесар?

— Не, Нэд, — адказаў я. — Вы-ж ведаеце, што ў мяне няма вашай вастрыні зроку.

— Глядзіце ўважліва, — настойваў Нэд, — там па штырборту, наперадзе, няўжо вы не бачыце нейкай рухаючайся масы?

— Сапраўды, — сказаў я, прыгледзеўшыся ўважлівей, — я бачу нейкае даўгое чарнаватае цела на паверхні мора.

— Яшчэ адзін «Наўтылус»? — запытаўся Кансель.

— Не, — адказаў канадзец, — але я наўрад ці памылюся, калі скажу, што гэта марская жывёла.

— Хіба ў Чырвоным моры водзяцца кіты? — спытаў Кансель.

— Калі сустрэнем, значыцца, водзяцца, — адказаў я жартуючы.

Прадаўгаватае чорнае цела знаходзілася не больш як за мілю ад нас. Здалёк яно рабіла ўражанне выступаючай з мора вялікай скалы. Але што гэта было, я пакуль не мог вызначыць.

— Не, гэта не кіт, — заўважыў Нэд Лэнд, не спускаючы вачэй з жывёлы. — Кіты — мае старыя знаёмыя, і я добра ведаю ўсе іхнія рухі.

— Пачакаем, — сказаў Кансель. — «Наўтылус» накіроўваецца ў той бок, і праз некалькі хвілін мы даведаемся, што гэта такое.

— Ага! Яно рухаецца!.. Яно нырае! — ускрыкнуў Нэд Лэнд. — Тысяча чарцей! Што-б гэта магло быць? У яго няма раздвоенага хваста, як у кітоў альбо кашалотаў, а яго плаўнікі нібы паадсяканыя…

— Але… — пачаў я.

— Глядзіце, — перапыніў мяне канадзец, — яно паварочваецца на спіну, грудзямі ўгару.

— Ды гэта проста сірэна-спакушальніца, — засмяяўся Кансель.

Гэтыя словы Канселя адразу навялі мяне на правільны шлях. Я зразумеў, што мы бачылі перад сабою прадстаўніка атрада сірэн, альбо марскіх кароў, пра якіх склалася легенда, што яны напалову жанчыны, напалову рыбы.

— Не, — сказаў я Канселю, — гэта не сірэна, а іншая рэдкая жывёліна з таго-ж атрада. Гэта дзюгоні.

— Дзюгонь, сямейства дзюгоней, падатрад марскіх кароў, атрад капытных, падклас аднаўтробных, клас сысуноў, аддзел хрыбетных, — зараз-жа адбарабаніў Кансель.

Калі Кансель класіфікаваў, заставалася толькі маўчаць і згаджацца з ім.

Тым часам Нэд Лэнд усё глядзеў. Яго вочы блішчэлі ад прагнасці, гледзячы на жывёлу. Можна было падумаць, што ён чакае толькі выпадку кінуцца ў мора, каб папасці на дзюгоня ў яго роднай стыхіі.

— Ах, спадар прафесар! — усклікнуў ён дрыжачым ад хвалявання голасам. — Мне ніколі яшчэ не даводзілася паляваць на гэткага!