Выбрать главу

У гэтых словах вызначыўся ўвесь характар Нэда Лэнда.

На палубу выйшаў капітан Нэма. Ён убачыў дзюгоня і, кінуўшы позірк на канадца, зразумеў прагнае яго жаданне.

Ён звярнуўся да Нэда Лэнда:

— Каб у вас зараз быў гарпун, містэр Лэнд, відаць ён пёк-бы вам руку. Праўда?

— Зусім правільна, капітан.

— Вы не адмовіліся-б на дзянёк вярнуцца да сваёй прафесіі гарпуншчыка і павялічыць яшчэ адной Перамогай спіс сваіх паляўнічых поспехаў?

— З прыемнасцю зрабіў-бы гэта!

— Што-ж, дзейнічайце!

— Дзякую, капітан, — сказаў Нэд Лэнд. Вочы ў яго загарэліся.

— Толькі адна ўмова: біць без промаху! Папераджаю, што гэта ў вашых-жа інтарэсах.

— Хіба дзюгонь такая небяспечная жывёла? — запытаў я. Канадзец пагардліва махнуў рукою.

— Так, бывае, — адказаў капітан. — Здараецца, што гэтая жывёла кідаецца на паляўнічых і перакульвае іхнія лодкі. Але для містэра Лэнда гэтая небяспека не страшная. У яго трапнае вока і верная рука. Я рэкамендаваў-бы яму не прамінуцца не столькі з-за небяспекі, колькі таму, што мяса дзюгоня смачная страва, а містэр Лэнд, паколькі мне вядома, любіць паласавацца.

— Ага! — крыкнуў канадзец. — Гэтая жывёла, акрамя ўсяго, яшчэ смачная дзічына?

— Так, містэр Лэнд. Яго мяса па смаку нічым не адрозніваецца ад ялавічнага мяса і ў Меланезіі заўсёды аздабляе сабою царскія сталы. На дзюгоня ў апошні час так шалёна палююць, што разам са сваім родзічам, ламантынам ён хутка знікае з зямлі.

— У такім выпадку, капітан, — сур’ёзна сказаў Кансель, — можа не варта паляваць на гэтага дзюгоня? Што, калі гэта апошні экзэмпляр у свеце? Тады яго трэба захаваць у інтарэсах навукі.

— Магчыма, што гэта і так, — адказаў канадзец, — але ў інтарэсах кухарства неабходна папаляваць на яго.

— Пачынайце-ж, містэр Лэнд — сказаў капітан Нэма.

Сем чалавек з каманды «Наўтылуса» падняліся ў гэтую хвіліну на палубу. Яны, як звычайна, маўчалі і былі спакойнымі. Адзін з іх нёс гарпун з вяроўкай, якія ўжываюцца на кітабойных суднах. Шлюпку спусцілі на ваду, шэсць грабцоў занялі ў ёй месцы, і стырнавы ўзяўся за стырно. Нэд Лэнд, Кансель і я ўселіся на карме шлюпкі.

— Хіба вы не паедзеце з намі, капітан? — запытаў я.

— Не, прафесар. Жадаю вам поспеху.

Шлюпка адплыла ад борта і хутка пайшла да дзюгоня, які плыў за дзве мілі ад «Наўтылуса».

Наблізіўшыся да яго на некалькі кабельтоваў, грабцы затрымалі бег шлюпкі і зусім ціха апускалі вёслы ў ваду. Узброіўшыся гарпуном, Нэд Лэнд стаў на насу. Кітабойны гарпун звычайна прывязваюць да доўгай і трывалай вяроўкі, якая лёгка раскручваецца, як толькі параненая жывёла нацягвае яе. Але на гэты раз вяроўка была зусім кароткая — ледзь дваццаць метраў даўжыні, і другі канец яе быў прывязаны да пустой бочачкі, якая павінна была паказваць, у якім кірунку плыве пад вадой параненая жывёла.

Я таксама ўстаў на ногі і разглядаў канадцава супраціўніка. Дзюгонь быў вельмі падобны на ламантына. Яго прадаўгаватае цела канчалася доўгім хвастом, а бакавыя плаўнікі — сапраўднымі пальцамі. Розніца паміж дзюгонем і ламантынам у тым, што яго верхняя сківіца ўзброена двума клыкамі — доўгімі і вострымі — сапраўднымі біўнямі.

Дзюгонь, на якога паляваў Нэд Лэнд, быў велізарнай жывёлінай, прынамсі метраў сем даўжынёю. Ён не варушыўся і, здавалася, заснуў на паверхні вады. Гэта акалічнасць спрыяла канадцу і рабіла яго задачу больш лёгкай.

Шлюпка асцярожна наблізілася да жывёлы на адлегласць у пяць-шэсць метраў. Матросы засушылі вёслы. Я ад хвалявання нават устаў на ногі.

Нэд Лэнд адкінуўся назад і, падняўшы руку, кінуў гарпун.

Раптам пачуўся свіст, і дзюгонь знік. Відаць, кінуты з сілай гарпун закрануў толькі ваду.

— Тысяча чарцей! — ускрыкнуў раз’юшаны канадзец. — Я прамінуўся!

— Не, — адказаў я. — Жывёла паранена. Вось сляды крыві. Але гарпун не застаўся ў яго целе.

— Мой гарпун! — крыкнуў Нэд Лэнд. — Мой гарпун!

Матросы зноў апусцілі вёслы ў ваду, і стырнавы накіраваў шлюпку да ўсплыўшай на паверхню бочачкі. Вылавіўшы гарпун, шлюпка кінулася ў дагон за параненай жывёлай. Яна час ад часу вярталася на паверхню, каб падыхаць. Рана, як відаць, не знясіліла яе, таму што яна плыла з вялікай хуткасцю. Шлюпка, якую прыводзілі ў рух дванаццаць жылістых рук, не ішла, а ляцела за ёю. Шмат разоў яна амаль наганяла дзюгоня і канадзец ужо рыхтаваўся нанесці другі ўдар, але жывёліна кожны раз хутка нырала ў ваду і выратоўвалася ад небяспекі.

Можна сабе ўявіць гнеў і нецярплівасць Нэда Лэнда. Ён праклінаў няшчасную жывёліну ўсімі вядомымі яму англійскімі праклёнамі. Што датычыцца мяне, то і мне крыўдна было, што дзюгонь разбурае ўсе нашы хітрыя планы.