Выбрать главу

Гэтак мы праследвалі дзюгоня на працягу амаль гадзіны, і я пачынаў ужо траціць надзею, як раптам жывёліна захацела адпомсціць нам за праследванне і накіравалася да лодкі, каб напасці на яе ў сваю чаргу.

Гэты манеўр не застаўся па-за ўвагай канадца.

— Увага! — крыкнуў ён.

Стырнавы сказаў некалькі слоў на сваёй дзіўнай мове. Відаць, ён прапанаваў камандзе быць на варце.

Дзюгонь, наблізіўшыся на дваццаць футаў да шлюпкі, раптам спыніўся, уцягнуў праз ноздры, што знаходзіліся не ў канцы, а ў верхняй частцы морды, вялікі запас паветра ў лёгкія і рынуўся на нас.

Шлюпка не здолела ўхіліцца ад штуршка. Але дзякуючы майстэрству стырнавога, які выкруціўся ад лабавога ўдару, шлюпка толькі пахіснулася і набрала тону альбо дзве вады, якую потым прыйшлося вычэрпваць.

Нэд Лэнд, стоячы на носе, асыпаў ударамі гарпуна гіганцкую жывёліну, якая ўчапілася зубамі ў борт шлюпкі і спрабавала падняць яе ўгару, як леў падымае касулю.

Мы ўсе паваліліся адзін на аднаго, і невядома чым скончылася-б гэтая прыгода, каб канадзец, раз’юшаны нападам жывёліны, не здолеў трапіць гарпуном акурат у сэрца.

Пачуўся скрогат зубоў аб жалеза борта, і дзюгонь пайшоў на дно, цягнучы за сабою гарпун.

Але неўзабаве бочачка зноў усплыла на паверхню і следам за ёю труп дзюгоня, перавернуты на спіну. Шлюпка ўзяла яго на буксір і пацягнула да «Наўтылуса».

Каб падняць забітую жывёліну на палубу, прышлося ставіць пад’ёмны кран. Яна важыла звыш пяці тысяч кілаграмаў. Апрацоўка тушы была выканана пад непасрэдным кіраўніцтвам Нэда Лэнда, не пажадаўшага нікому перадаверыць гэтую справу. У той-жа вечар сцюард падаў мне на абед страву з мяса дзюгоня, дасканала прыгатаваную кухарам. Мне яно спадабалася больш, як ялавічына.

На другі дзень, 11 лютага, кладоўка «Наўтылуса» папоўнілася новым запасам дзічыны. Зграя ластавак села на палубу падводнага карабля. Гэта былі нільскія ластаўкі, разнавіднасць, якая сустракаецца толькі ў Егіпце, з чорнай дзюбай, востраканечнай шэрай галоўкай, з белымі крапкамі вакол вачэй, шэрай спіной, крыллямі і хвастом, белымі грудзямі, брушкам і чырвонымі лапкамі. Мы злавілі таксама некалькі дзесяткаў нільскіх качак, дзікіх птушак, з белай галавою і шыяй, усеянай чорнымі плямамі. Дзічына гэтая таксама аказалася вельмі смачнай.

«Наўтылус» ішоў у гэты дзень з сярэдняй хуткасцю; здавалася, яму не было куды спяшацца. Я заўважыў, што вада Чырвонага мора рабілася ўсё менш салёнай па меры таго, як мы набліжаліся да Суэца.

Каля пяці гадзін пасля поўдня мы ўбачылі на поўначы мыс Рас-Махамед. Гэты мыс з’яўляецца канцом камяністай Аравіі, якая ляжыць паміж Суэцкай затокай і затокай Акабы.

«Наўтылус» зайшоў у Суэцкую затоку. Я выразна ўбачыў высокую гару над мысам Рас-Махамед. Гэта была гара Арэб.

У шэсць гадзін вечара «Наўтылус», то пад вадой, то на паверхні, прайшоў каля Тора, які ляжаў у глыбіні бухты. Вада гэтай бухты, як мне казаў ужо капітан Нэма, сапраўды мела чырвонае адценне.

Ноч прыйшла раптоўна, сярод цяжкага маўчання, толькі зрэдку парушаемага крыкамі пеліканаў і нейкіх начных птушак, шумам прыбоя аб рыфы і далёкімі гудкамі параходаў.

Паміж васьмю і дзевяццю гадзінамі вечара «Наўтылус» апусціўся на некалькі метраў пад ваду. Па маіх разліках мы павінны былі быць дзесьці вельмі блізка ад Суэца. У акно салона я бачыў падставы берагавых скал, ярка асветленыя электрычным пражэктарам. У мяне стваралася ўражанне, што затока ўсё больш звужаецца.

У 9 гадзін 15 хвілін карабель зноў усплыў на паверхню. Мне не цярпелася хутчэй убачыць Аравійскі тунель капітан Нэма. Не знаходзячы сабе месца ўнізе, я падняўся на палубу.

Неўзабаве я ўбачыў на адлегласці, прыкладна, мілі ад нас аслабленае вячэрнім туманам святло.

— Гэта плывучы маяк, — вымавіў голас каля мяне.

Я здрыгануўся ад нечаканасці і, абярнуўшыся, пазнаў капітана Нэма.

— Гэта Суэцкі плывучы маяк, — паўтарыў ён. — Мы хутка падыйдзем да шчыліны тунеля.

— Трэба думаць, што ўвайсці ў яго не так і проста? — запытаўся я.

— Так, гэта даволі небяспечнае месца. Таму я ўзяў за правіла пры ўваходзе ў яго быць ля стырна і асабіста кіраваць суднам. А цяпер, спадар прафесар, калі спусціцеся ўніз, «Наўтылус» апусціцца ў ваду і зноў выйдзе на паверхню ўжо ў Міжземным моры, мінуючы Аравійскі тунель.

Я паследваў за капітанам Нэма. Люк зачыніўся, рэзервуары напоўніліся вадою, і судна апусцілася зноў на глыбіню дзесяць метраў.