I вось карціна як сёння стаіць перад вачыма, хоць мінула ўжо… Колькі ж гэта? Мусіць, трыццаць гадоў. Мы стаім на верандзе, дзеці тоўпяцца ў двары, а старшы Міклашэвіч у доўгім чырвоным кажуху вядзе па алейцы да шашы Паўліка.
Атмасфера напружаная, дзятва на нас не пазірае, міліцыянер маўчыць. Мароз проста скамянеў тварам, Тыя двое адышліся далекавата, так па алейцы, і тут, бачым, спыняюцца, бацька тузае за руку сына, той пачынае вырывацца, але, вядома, не вырвецца. Тады Міклашэвіч знімае аднарўч папругу і пачынае лупіць сына. Не дачакаўся нават, пакуль з чужых вачэй сыдуць. Паўлік ірвецца, плача, дзятва ў двары загаманіла, некаторыя павяртаюцца ў наш бок, у вачах папрок — чагось чакаюць ад свайго настаўніка. I што думаеце? Мароз рангам як сарвецца з веранды, кульгаючы, цераз двор — туды. „Стойце! — крычыць. — Спыніцеся біць!“
Міклашэвіч і праўда спыніўся, перастаў біць, сапе, зверам пазірае на настаўніка, а той падыходзіць, вырывае Паўлаву руку з бацькавых рук і кажа так з дрыготкаю ў голасе: „Вы ў мяне яго не атрымаеце! Зразумела?“ Міклашэвіч раз'ятраны — да настаўніка, але і Мароз, не глядзі што калека, таксама грудзі наперад і гатовы ў бойку. Ну, тут ужо мы падаспелі, разнялі, не далі пабіцца.
Разняць-то разнялі, а далей што? Паўлік уцёк у школу, бацька лаецца і грозіцца, я маўчу. Міліцыянер чакае. Ён што, ён выканаўчая ўлада. Ну але неяк уціхамірылі мы абодвух. Міклашэвіч пайшоў на шашу, а мы ўтрох асталіся — што рабіць? Тым болей што Мароз адразу ж аб'явіў з уласцівай яму катэгарычнасцю: такому бацьку хлопца не аддам.
Вярнуліся мы з міліцыянерам у раён ні з чым, загад пракурорскі не выканалі. Перадалі ўсю гэтую справу на выканком, назначылі камісію, а бацька тым часам падаў у суд. Да, было клопату і непрыемнасцяў яму і мне — хапіла абодвум. Але Мароз усё ж дабіўся свайго: камісія рашыла перадаць хлопца ў дзетдом. Праўда, з выкананнем гэтага саламонавага рашэння Мароз не спяшаўся і ў тым меў рацыю.
Тут яшчэ трэба ўспомніць пра адну акалічнасць. Справа ў тым, што, як я ўжо гаварыў, школы ствараліся нанова, усяго не хапала. Кожны дзень у раён прыязджалі з вёсак настаўнікі, скардзіліся на ўмовы, прасілі то парты, то дошкі, то дровы, то газу, то паперу і, вядома, падручнікі. Падручнікаў не хапала, мала было бібліятэк. А чыталі здорава, чыталі ўсе: школьнікі, настаўнікі, моладзь. Кнігі даставалі дзе толькі можна было. Мароз, калі прыязджаў у мястэчка, найбольш падступаў да мяне з просьбай: трэба кніжкі. Штокольвечы я, вядома, яму даваў, калі прывозілі, але, зразумела, не шмат. Ды, прызнацца, думаў: школка малая, нашто яму там вялікая бібліятэка? Тады ён узяўся здабываць кніжкі сам.
Кіламетры за тры ад раённага мястэчка, калі ты ведаеш, ёсць такая вёска Княжава. Вёска звычайная, нічога там княжацкага няма, але тады непадалёк быў панскі маёнтак, у вайну пры немцах згарэў. А пры паляках там жыў нейкі багаты пан, пасля яго засталася вялікая бібліятэка. Я там быў неяк, глядзеў,— здаецца, нічога здатнага. Кніг многа, новыя і старыя, але ўсе на польскай ды на французскай мовах. I вось гэты Мароз упрасіў дазволу з'ездзіць туды адабраць што-небудзь для школы.
I ведаеш, яму пашэнціла. Недзе, на гарышчы, здаецца, адкапаў сундук з рускімі кніжкамі, і сярод усяго не дужа вартаснага — розных там гадавых камплектаў „Нивы“, „Мира божьего“, „Огонька“ — аказаўся эбор твораў Талстога. Мне ён пра тэта не сказаў нічога, у першы выхадны ўзяў у Сяльцы фурманку, вучня, таго пераростка, што пілаваў з ім дрэва, — і зноў у Княжава. Але справа такая: пачалася вясна, дарога раскісла, як на тую бяду паламаўся мост, блізка пад'ехаць да сядзібы неяк. Тады ён пачаў насіць кніжкі цераз раку па лёдзе. Усё ішло добра, ды ў самым канцы, ужо ўпоцемку, праваліўся ля берага. ІІраўда, нічога страшнага тады не сталася, але намачыў ногі да каленяў і захварэў. Ды здорава захварэў — на цэлы месяц. Запаленне лёгкіх.
Мне сказаў пра тэта прыезджы дзядзька з Сяльца, і вось я ламлю галаву: як быць? Настаўнік хварэе, школу хоць закрывай. Пані Ядзя, памятаю, тады ўжо не працавала, выехала некуды, замены ніякай, во, мусіць, рабятам воля. Ведаю, трэба з'ездзіць туды, ды часу няма — сноўдаю па раёне, арганізую калгасы. I ўсё ж аднаго разу праездам завярнуў у тую алейку. Дай, думаю, праведаю Мароза, ці жывы хаця?
Заходжу у калідор — на вешалцы поўна адзення. Ну, думаю, слава богу, значыць, паправіўся, пэўна, ідуць заняткі. Адчыняю дзверы ў клас — стаяць штук дзесяць парт і — пуста. Што, думаю, за ліха, дзе ж дзеці? Прыслухаўся: недзе быццам размова, ціхая такая, складная, бы моліцца хто. Яшчэ прыслухаўся: зусім дзіва — чую маналог князя Андрэя над Аўстэрліцам. Ведаеш, гэты: „Где оно, это высокое небо, которого я не знал до сих пор и увидел нынче… И страдания этого я не знал также… Да, я ничего этого не знал до сих пор. Но где я?“