Прытуліла нас на тым часе простая такая цётка — трое дзяцей малых, старэйшы хлопчык глуханямы, муж у войску. Як даведалаея, што паранены (перад тым мы да другой сям'і ў крайнюю хату зайшлі), як дазналася, хто такая, — забрала ўсіх да сябе, бедалагу Крупеню абмыла, накарміла курыным булёнчыкам ды схавала пад снапамі ў пуньцы. I ўсё памятаю вохкала: можа ж і мой дзе, бедненькі, так мучыцца! Бо — любіла свайго бедненъкага, а, гэта, браце, заўжды нешта значыць. Ну, а Крупеня праз тыдзень памёр, не памог і курыны булёнчык: заражэнне пачалося. Цішком закапалі ноччу на краі могілак. Што рабіць далей? Пасядзелі яшчэ тыдзень у цёткі Ядвігі, і я пачаў намацваць сякіх-такіх партызан. Мусіць, думаю, павінны быць дзе нашыя. Не ўсе ж на ўсход паўцякалі. Без партызан ні адна вайна ў нас не абыходзілася — колькі аб тым кніжак напісана.
А знаеш, натрапіў-такі на групу акружэнцаў, чалавек трыццаць. Камандзір над усімі маёр Селязнёў, з кавалерыстаў, рашучы такі мужык, родам кубанскі, майстра вылаяцца ў сем паверхаў, накрычаць, нават прыстрэліць пад гарачую руку мог. А ўвогуле справядлівы. I што цікава: ніколі не ўгадаеш, як ён да цябе паставіцца, якім бокам. Толькі што гразіўся кулю ў лабаціну загнаць за ржавы затвор вінтоўкі, а праз гадзіну ўжо аб'яўляе табе падзяку за тое, што на пераходзе першы хату ўбачыў, дзе была магчымасць падсілкавацца. А пра затвор ён ужо і забыўся. Такі быў чалавек. Спярша ён мяне здзіўляў, пасля — нішто, прывык да гэтага яго кавалерыйскага нораву. У сорак другім пад Дзятлавам ішоў першым па сцежцы, за ім ад'ютант Сёма Царыкаў ды астатнія. I трэба ж— нейкі паліцай са страху пальнуў раз ад моста і прама камандзіру ў сэрца. Во табе і лес. У колькіх страшных баях удзельнічаў — і нічога. А тут адна за ўсю ноч куля і — у камандэіра.
Да, Селязнёў быў мужык асаблівы, але, знаеш, не без галавы. На ражон не пёр, як некаторыя. Заядлы болей на словах, а так нішто — думаў. Першыя пару месяцаў пасядзелі ў лесе, на Воўчых ямах — так мясціна тая называецца за Якімаўскай леснічоўкай. Пасля ўжо, у сорак трэцім, як мы перайшлі ў пушчу, там атабарылася Кіраўская брыгада. А тады, на пачатку, гэтыя ямы мы абжывалі. Здатнае, скажу табе месца: лес, балота, а там то пагоркі, то ямы, увалы — чорт нагу зломіць. Ну, пагрэліся крыху ў зямлянках, абвыкліся з лясным жыццём. Не ведаю, ці падказаў хто, ці маёр сам дайшоў, што вайна не на некалькі месяцаў — мабыць, наболей прадоўжыцца — і што без мясцовых яму не абысціся. Таму і прыняў у свае кадравае войска мяне і яшчэ некаторых: начальніка міліцыі з Пружан, студэнта аднаго, старшыню сельсавета з сакратаром. А на Кастрычніцкія святы і пракурор наш, таварыш Сівак, заяўляецца, таксама да фронту не дайшоў, вярнуўся. Спярша радавым быў, а пасля начальнікам асобаддзела паставлі. Ну але гэта пасля ўжо, пад восень, як Селязнёва не стала. А тады рашылі, што пакуль ціха, трэба агледзецца ды наладзіць сякія-такія сувязі з вёскамі, аднавіць знаёмства з надзейнымі людзьмі, памацаць на хутарах акружэнцаў, каторыя да маладзіц паўладкоўваліся. Перш-наперш разаслаў маёр усіх мясцовых, тутэйшых, — а такіх чалавек з дванаццаць тады ўжо назбіралася, — каго куды. Мяне з пракурорам, вядома, у былы наш раён. Рызыка тут нам, ведама, была большая, чым дзе ў другім месцы, — усё ж многа людзей тут нас ведалі, маглі апазнаць. Але затое і мы ведалі болей і трохі арыентаваліся ўжо, каму даверыцца, а каму не. Ды і выгляд наш быў не ранейшы, не адразу пазнаеш — абраслі бародамі, абадраліся. Пракурор у чорным чыгуначным шынялі, я ў армяку і ботах. У абодвух хатулі за плячыма. Як жабракі якія.