Найперш рашылі зайсці ў Сяльцо.
Не ў маёнтак, вядома, а ў вёску, там праз паўвярсты якіх — ты ж, мабыць, ведаеш, цераз аселіцу. У вёсцы ў пракурора быў знаёмы адзін, былы актывіст, дэпутат сельсавета, дык мы да яго і кіравалі. Але спярша, знаеш, дзеля асцярогі зайшлі ў адну хату на Грынёўскіх хутарах — во тую, што пасля вайны заўмаг з Рандуліч адкупіў ды ля сельмага паставіў. Гаспадыня ў Польшчу выехала, гады тры хата стаяла пустая, дык заўмаг і купіў. А ў вайну там жылі тры дзеўкі пры маці, нявеста — сынава жонка (сын у польска-германскую вайну прапаў, пасля аж у Андэрса аб'явіўся). Дык пакуль мы гэта анучы сушылі, дзеўкі нам усё і расказалі. I пра навіны ў Сяльцы. Аказваецца, добра зрабілі, што перш зайшлі да гэтых палячак, а то б не мінуць бяды. Справа ў тым, што гэты пракурорскі знаёмец ходзіць ужо з белай павязкай на рукаве — паліцаем стаў. Пакрактаў мой пракурор ад такой навіны, а я, прызнацца, парадаваўся: было б горш, каб мы адразу ды сунуліся ў паліцаевы рукі. Але неўзабаве прыйшла і да мяне чарга паздзіўляцца ды заклапаціцца — калі я спытаў пра Мароза. Кажа нявестка: „Мароз усё ў школе робіць“. — „Як робіць?“ — „Дзяцей, — кажа, — вучыць“. Аказваецца, тых самых сваіх пацаноў пазбіраў па вёсках, немцы далі дазвол адкрыць школу, ну і вучыць. Праўда, ужо не ў Габрусёвым палацы — там цяпер паліцэйскі засценак, — а ў адной хаце ў Сяльцы.
Вось дык метамарфоза! Ад каго другога, а ад Мароза такога я не чакаў. Каб працаваць пры немцах?! А тут і пракурор выказваецца ў тым сэнсе, што даўно трэба было гэтага Мароза рэпрэсіраваць — не наш чалавек. Я маўчу. Думаю, думаю і ніяк не магу пагадзіцца, што Мароз — нямецкі настаўнік. Сядзім ля грубкі, глядзім у агонь і маўчым. Што рабіць? Называецца, наладзілі сувязі. Адзін — паліцай, другі — нямецкі служачы, харошыя мы кадры падрыхтавалі за два гады ў раёне.
I знаеш, думаў я думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Ды я яго, калі так, гранатай узарву. Вінтоўкі не было, а граната была. Селязнёў забараніў браць з сабой зброю, але гранату я ўсё ж прыхапіў на які прыкры выпадак.
Пракурор адгаворваў, але я не здаўся. Мусіць, такі ўжо характар з маленства. Чым болей мне што даводзяць насуперак, тым болей мне хочацца па-свойму зрабіць. Не дужа гэта спрыяе ў жыцці, але што ж. Праўда, пракурор тут ні пры чым. Проста баяўся за мяне, думаў, як бы не прыйшлося аднаму вяртацца.
Дзеўкі расказалі, як знайсці Мароза. Трэцяя хата ад калодзежа, з падворка ганак. Жыве ў старой бабулі. Цераз вуліцу ў другой хаце ягоная школа.
Сцямнела — пайшлі. Дожджык цярушыць, гразнота, вецер. Нешта пачатак лістапада, а халадэча сабачая. Дамовіліся з напарнікам, што я зайду, а ён мяне пачакае ў загуменні ля кусцікаў. Чакаць будзе гадзіну. Не прыйду — значыць, справа кепская, нешта здарылася. Ну але, думаю, за гадзіну ўпраўлюся. Ужо я разгадаю душу гэтага Мароза.
Так пракурор застаўся за пунькай, а я ўзмежкам — да хаты. Цёмна. Ціха. Адно дождж большае ды шамаціць па саломе на страхах. За плотам вобмацкам дабрыў да варотцаў на падворак, паспрабаваў расчыніць, а яны дротам завязаныя. Я так і гэтак — нічога не выходзіць. Трэба цераз плот пералазіць, а плот высакаваты, слізкі. Наступіў ботам ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. I тут сабака. Так заліўся брэхам, што я ляжу ў гразі, баюся крануцца і не ведаю, што лепей: уцякаць або клікаць каго.
Але, чую, нехта выходзіць на ганак, бразнуў дзвярыма, слухае. Пасля пытаецца ціха так: „Хто тут?“ I да сабакі: „Гулька, прэч! Прэч, Гулька!“ Ну ведама, гэта ж школьны сабачка, той трохлапы, што некалі інспектара ўкусіў. А чалавек — Мароз, знаёмы голас. Але як адазвацца? Ляжу і маўчу. А сабака зноў у брэх. Тады ён саступае з ганка, кульгаючы так (чутно па гразі: чу-чвяк) ідзе да плота.
Устаю і проста кажу: „Алесь Іванавіч, гэта я. Былы твой загадчык“. Маўчыць. I я маўчу. Але што тут рабіць — назваўся дык, мусіць, трэба вылазіць. Устаю, пералажу плот. Мароз ціха так: „Тут лявей трымайся, а то карыта ляжыць“. Уціхамервае сабаку і вядзе мяне ў хату.
У хаце гарыць капцюшка, акно занавешана, на табурэтцы раскрыта кніжка. Алесь Іванавіч падстаўляе табурэт бліжэй да печы. „Сядайце. Пальто зніміце, хай сохне“. — „Нічога, — кажу, — паліто маё яшчэ высахне“. — „Есці хочаце? Бульба ёсць“. — „Не галодны, еў ужо“. Адказваю быццам спакойна, а ў самога напружанне ў нервах — да каго трапіў? А ён нішто, спакойны, быццам мы толькі ўчора разышліся: ніякіх пытанняў, ніякай няёмкасці. Хіба толькі залішні клопат у голасе. I погляд не такі адкрыты, як быў раней. Бачу, няголены, мусіць, дзён пяць — русявая бародка на твары.
Сяджу мокры, не знімаючы армяка, і ён урэшце прысеў на лаўцы. Капцюшку паставіў на табурэт. „Як жывем?“ — пытаюся. — „Ведама як. Кепска“. — „А што такое?“ — „Усё тое ж. Вайна“. — „Аднак, чуў, на табе гэта мала адбілася. Усё вучыш?“ Ён кісла, адным бокам твару, усміхнуўся, паўзіраўся ўніз на капцюшку. — „Трэба вучыць“. — „А па якіх праграмах, цікава? Па савецкіх ці па нямецкіх?“ — „Ах, во вы пра што!“ — кажа ён і ўстае. Пачынае хадзіць па хаце, а я незнарок, пільна так сачу за ім. Маўчым абодва. Пасля ён спыняецца, нядобра зырае на мяне і кажа: „Мне некалі здавалася, што вы — разумны чалавек“. — „Магчыма, і быў разумны“. — „Дык не задавайце тады неразумных пытанняў“.