Ну і я пагадзіўся. Сапраўды, нашто ўсім у лес? Ды яшчэ з такою нагой. Мусіць, і нам выгадней мець свайго чалавека ў Сяльцы.
Во так мы тады пагасцявалі ў яго і са спакойнай душой развіталіся. I скажу табе, гэты Мароз стаў для нас самым дарагім памагатым з усіх нашых памагатых у вёсках. Галоўнае, як пасля аказалася, прыёмнік дастаў. Не сам, вядома, — мужыкі перадалі. Так яго паважалі ў вёсках, так лічыліся з ім, што, як і раней, не да папа ці ксяндза ішлі з чым благім ці харошым, а да яго. I калі во недзе аказаўся гэты прыёмнічак, дык найперш перадалі настаўніку свайму Алесю Іванавічу. А той паціхеньку пачаў яго пакручваць у асеці. Увечары, бывала, раскіне антэну на грушыне і слухае. А затым запіша, што чуў. Галоўнае — зводкі Саўінфармбюро, на іх быў самы вялікі попыт. У нас у атрадзе нічога не мелі, а ён во — займеў. Селязнёў, праўда, як дазнаўся, дык хацеў адабраць для сябе, але перадумаў. У нас бы тыя навіны чалавек трыццаць пяць слухала, а так уся акруга карысталася імі. I зрабілі так, што разы два ў тыдзень Мароз перадаваў зводкі ў атрад — была там каля леснічоўкі такая дуплянка на хвоі, туды ягоныя хлопцы клалі, а нашыя забіралі ўначы. Памятаю, сядзелі мы тою зімою па сваіх ямах, усё скрозь пазамяло снегам, халадэча, глухата, са жратвой тугавата, і толькі радасці, што гэтая Марозава пошта. Асабліва калі немцаў з-пад Масквы пагналі — кожны дзень тады бегалі да яліны… Стой, здаецца, хтось едзе…
З начной цемрадзі ззаду праз лёгкія павевы свежага ветру данёсся знаёмы пошчак конскіх капытоў, бразнулі цуглі. Колаў, аднак, не было чутно на гладкім, падмеценым аўтамабільным віхрам асфальце. Цёмная восеньская ноч ужо зусім ахінула зямлю, толькі наперадзе, куды імкнула шаша, разрознена ззялі электрычныя агні недалёкай прыдарожнае вёскі Будзілавічы. З-за пагорка ад яе жвава стрыглі ў небе стромкія ножніцы святла з фараў.
Мы прыпыніліся, крыху счакалі, і сапраўды з ночы, пастукваючы падковамі, вытупаў ціхі рахманы конік з адзінокім седаком у возе, які лена патузваў лейцамі. Згледзеўшы нас двух на ўзбочыне, возчык насцярожыўся, углядаючыся і чакаючы якога пытання.
— Во хто нас падвязе, — без прывітання лёгка сказаў Ткачук. — Мусіць жа, пусты, га?
— Пусты. Мяхі адвозіў,— глухавата пачулася з воза. — А вам далёка?
— Ды ў горад. Але хоць бы да Будзілавіч давёз.
— Ну, гэта можна. Якраз у Будзілавічы еду. А там на аўтобус сядзеце. У дзевяць аўтобус. Гродзенскі. Цяпер каторая?
— Без дзесяці восем, — сказаў я, так-сяк разгледзеўшы стрэлкі свайго гадзінніка.
Фурманка спынілася. Ткачук, крэкнуўшы, узлез на яе, я прыткнуўся ззаду. Сядзець тут было не надта каб зручна, нешта муляла на голых са смеццем дошках, але я ўжо не хацеў адставаць ад майго спадарожніка, які з салодкаю зморай уздыхнуў і звесіў цераз край ногі.
— А ўсё ж, знаеш, замарыўся. Што значыць — гады. Эх, гады, гады…
— А здалёк ідзяцё? — спытаў возчык. Мяркуючы па яго глухаватым голасе, быў ён таксама не маладога ўжо веку, паводзіў сябе зважліва і як бы чагось чакаў.
— З Сяльца.
— А, дык з пахавання, мусіць?
— З пахавання, — коратка пацвердзіў Ткачук.
Возчык патузваў лейцамі, конь рушыў барзджэй — дарога кіравала ўніз. Насустрач, па той бок змрочнай, без аніводнага аганька шырокай нізіны, усё джгала здалёк стромкае святло аўтамабільных фараў.
— Да, малады быў яшчэ чалавек, настаўнік гэты. Ведаю добра. Залетась у горадзе ў бальніцы разам ляжалі.
— З Міклашэвічам?
— Ну. У аднэй палаце. Яшчэ ён усё нейкую тоўстуюкніжку чытаў. Калі дык і ўслых. Вот забыўся таго пісацеля… Помню, пісалася там, што калі няма бога, дык няма і чорта, а значыцца, няма ні раю, ні пекла, значыцца, усё можна. I забіць, і памілаваць. Во як. Хаця ён казаў, што гэта гледзячы як разумець. Гледзячы на каго.
— Дастаеўскі,— кіўнуў Ткачук і сказаў возчыку: — Ну а ты, напрыклад, як разумееш?
— Ды я што! Я цёмны чалавек, тры класы абразавання. Але так мяркую, што трэба, каб нешта было ў чалавеку. Шрубка якая. А то без шрубкі дрэнь справа. Вунь у горадзе трое наскочылі на хлопца з дзеўкай, чуць шкоды не зрабілі. Віцька наш, хлопец з Будзілавіч, умяшаўся, дык сам цяпер у бальніцы трэці тыдзень ляжыць.
— Пабілі?
— Не сказаць каб набілі — усяго адзін раз ударылі кісцянём па скроні. Але і ад яго нехта дастаў. Злавілі — знатны бандзюга аказаўся.