Міклашэвіч расказваў, што пасля таго, як Мароз забараніў чапаць гэтага Каіна, яны пасядзелі крыху ды ўзяліся за сваю задуму цішком, патаемна нават і ад настаўніка. Доўга меркавалі, прыглядваліся і ўрэшце надумалі такі план.
Я, здаецца, казаў ужо, што гэты Каін жыў з бацькам на хутары цераз поле ад Сяльца. Увогуле ўвесь час ён аціраўся ў мястэчку, але калі-нікалі прыязджаў дадому — пап'янстваваць ды пазабаўляцца з дзеўкамі. Прыязджаў рэдка адзін, а болей з такімі ж, як сам, здрайцамі, а то і з нямецкім начальствам. Тады ў туташнім краі было яшчэ ціха. Гэта пасля ўжо, з лета сорак другога загрымела, і яны не дужа паказвалі носа ў вёскі. А ў першую зіму паводзілі сябе нахабна, адчайна, нічога не баяліся. Часам гэты Каін і ўноч заставаўся на хутары, пераначуе, а назаўтра ранічкай коціць сабе ў раён. Вярхом, на санях, а то і на нямецкай машыне. Калі з начальствам. I вось хлопцы аднаго разу падпільнавалі момант.
Усё сталася нечакана, неспадзявана, як след не арга, нізавана. Вядома, хлапчукі — малыя, нявопытныя. Ды і адкуль той вопыт? Адна прага помсты, і болей нічога.
Памятаю, была вясна. З палёў сышоў снег, у лесе, праўда, на равах ды ямах яшчэ ляжаў бруднымі пластамі. У балацявінах, на пожнях было сыра і хлюпка. Ручаі беглі поўныя, мутныя. Але дарогі падсыхалі, сад ранак часам здараўся невялікі маразок. Атрад наш сабольшаў, набралася паўсотня чалавек: вайскоўцы і мясцовыя папалам. Мяне паставілі камісарам. То быў радавы, а то адразу начальства — клопату нахлынула, не дай бог. Але быў малады, энергіі хапала, стараўся, спаў па чатыры гадзіны ў суткі. У той час мы ўжо зналі, прадбачылі: увесну загрыміць, а зброі ў нас было малавата, на ўсіх не хапала. Дзе маглі — усюды здабывалі, шукалі зброю.
Пасылалі за ёй, памятаю, аж за сто кіламетраў на дзяржаўную граніцу. Аднаго разу нехта сказаў, быццам на пераездзе праз Шчару нашы мінулым летам, адступаючы, увалілі два грузавікі з боепрыпасамі. I вось Селязнёў загарэўся, рашыў выцягнуць. Сарганізаваў каманду з пятнаццаці чалавек, нарыхтаваў пару фурманак, узяўся кіраваць сам — ведама, надакучыла сядзець. у лагеры. А мяне пакінуў тут за галоўнага. Першы раз начальнікам над усімі, ноч напралёт не спаў, два разы правяраў пасты — на просецы і дальні, ля кладкі. Уранку толькі задрамаў у зямлянцы — будзяць. Ледзьве падняўся з свайго хваёвага ложка, гляджу — стаіць Віцюня, наш партызан, даўгалыгі такі саратавец, нешта талкуе, а я са сну ніяк не магу ўцяміць. Урэшце зразумеў: вартавыя затрымалі чужога. „Хто такі?“— пытаюся. Кажа: „А чорт яго ведае, але вас пытаецца. Кульгавы нейкі“.
Пачуўшы такое, я, прызнацца, спалохаўся. Адразу адчуў: Мароз. Значыць, штось сталася. Праўда, спярша чамусьці падумаў пра селязнёўскую групу — здалося: з ёй нешта, таму і прыбег Мароз. Але чаму сам Мароз? Чаму не прыслаў каго з хлопцаў? Хоць каб на цвярозы розум, дык якія Мароз меў адносіны да групы камандзіра? Яна нават і не ў той бок выправілася.
Устаў, надзеў боты, кажу: „Вядзіце сюды“. I точна, уводзяць Мароза. У кажушку, цёплай шапцы, але на нагах туфлі ледзь не на босую нагу і мокрыя да каленяў штаніны. Што здарылася — не цямлю, а што здарылася кепскае — ужо ведаю пэўна: увесь выгляд Мароза пра гэта сведчыць. Ды і яго гэтае нечаканае з'яўленне тут, дзе ён ніколі яшчэ не быў. Жарты, кіламетраў дванаццаць адмахаць па такой дарозе. Вярней — без усякай дарогі.
Мароз пастаяў крыху, затым апускаецца на нары і глядзіць на Віцюню — маўляў, ці не лішні. Я даю знак, хлопец зачыняе з другога боку дзверы, і Мароз кажа такім голасам, быццам пахаваў родную маму: „Хлопцаў пабралі“. Я не зразумеў спярша: „Якіх хлопцаў?“ — „Маіх, — кажа. — Шасцярых чалавек сёння ноччу схапілі, сам ледзь вырваўся. Адзін паліцай папярэдзіў“.
Прызнацца, тады я чакаў горшага. Я думаў, што сталася штось куды болей страшнае. А то — хлопцаў! Што яны маглі зрабіць, тыя яго хлопцы? Можа, сказалі што? Ці пасварыліся з кім? Ну, дадуць па дзесяць бізуноў і адпусцяць. Такое ўжо было. Тады я яшчэ не прадбачыў усяго, што станецца праз гэты арышт Марозавых хлопцаў.
А Мароз крыху супакоіўся, аддыхаўся, нават закурыў самасейкі (раней не курыў быццам) і мала-памалу пачаў расказваць.
Высвятляецца такая карціна.
Бародзіч усё ж дамогся свайго: хлопцы падпільнавалі Каіна. Якраз пару дзён таму паліцай гэты на нямецкай машыне з немцам-фельдфебелем, салдатам ды двума паліцаямі прыкаціў да бацькі на хутар. Як было ўжо не адзін раз, на хутары заначавалі. Перад тым заехалі ў Сяльцо, узялі парсюкоў у Хведара Бароўскага і глухога Дзянішчыка, нахапалі па хатах з дзесятак курэй — назаўтра меліся везці ў мястэчка. Ну, хлопцы ўсё выгледзелі, разведалі і, як сцямнелася, гародамі — на дарогу. А на дарозе гэтай, калі памятаеш, недалёка ад таго месца, дзе яна выходзіць на шашу, у раўку невялікі такі масток. Масток-то невялікі, але высокі, да вады метры два, мусіць, хоць вады той па калена, не болей. Да мастка крутаваты спуск, а потым пад'ём, таму машына там ці падвода, калі едуць, дык бяруць разгон, іначай на пад'ём не вылезеш. О, гэтыя падшыванцы, яны ўсё ўлічылі, тут яны былі майстры. Тут у іх усё было зроблена тонка. Дык вось як сцямнела, усе шасцёра з тапарамі і піламі — да гэтага мастка. Відаць, папацелі, але ўсё ж падпілавалі лагі, не зусім, а так, напалову, каб для відавоку трымалася і чалавек там ці конь маглі прайсці, а машына — не. Машына, вядома, пераехаць гэты масток ужо не магла. Зрабілі ўсё ўдала, ніхто ім не перашкодзіў, не застукаў, радасныя выбеглі з раўка. Але не ўсе. Як жа ўсім спаць у такі час, калі будзе ляцець дагары нагамі нямецкая машына! I двое засталіся дзеля такога моманту — Бародзіч і Смурны Яўген. Знайшлі сабе месцейка зводдаль у кустах і заселі пільнаваць. Астатніх адправілі дамоў.