Так падышлі да ляска з тым мастком. Мароз усё маўчаў, а тут ціха так пытаецца ў Паўліка: «Бегчы можаш?» Той не зразумеў спярша, паглядзеў на настаўніка: пра што гэта ён? А той зноў: «Бегчы можаш? Як крыкну, бяжы па кустах». Павел здагадаўся. Наогул, бегацьто ён быў вялікі мастак, але за гэтыя тры дні ў свірне без ежы, у пакутах і катаваннях умельства яго, мусіць, убавілася. Але ўсё ж гэтыя словы Алеся Іванавіча далі надзею. Паўлік захваляваўся, казаў, аж ногі задрыжэлі. Здалося тады, што Мароз нешта знае. Калі так кажа, дык пэўна ж можна ўратавацца.
I хлопец пачаў чакаць.
А лясок — ужо во ён, побач. За дарогай адразу кусцікі, хвойкі, ядловец. Праўда, не дужа густа, але ўсё ж схоўна. Паўлік тут ведаў кожны кусток, кожную сцяжынку, паваротку, кожны пянёк. Толькі б паболей сілы. Такое напружанне ўзяло хлопца, што, казаў, здавалася, сэрца лопне ад хвалявання. Да першага кусціка заставалася ўжо крокаў з дваццаць, пасля дзесяць, пяць. Во ўжо і кусток. Але Мароз чамусьці маўчыць. Во ўжо і лясок абапал — алешнік, елачкі. Направа нізінка, тут, вядома, бегчы лягчэй. Тады Паўлік здагадаўся, што, мусіць, менавіта гэтую мясціну і меў на ўвазе Мароз. Дарога вузенькая, на фурманку, не болей, два паліцаі ідуць спераду, па два абапал. У полі яны трымаліся крыху далей, за канавай, а тут ідуць поруч, рукой ухапіць можна. I, ведама, усё чуюць. Мусіць, таму Мароз нічога не сказаў болей. Маўчаў, маўчаў ды як крыкне ўбок: «Во ён, во — глядзіце!» I сам улева ад дарогі зыркае, плячом ды галавой паказвае, быццам там убачыў каго. Вядома, хітрасць не бог ведае якая, але так гэта натуральна ў яго атрымалася, што нават і Паўлік туды зірнуў. Але зірнуў толькі раз, ды як скочыць, бы заяц, у другі бок, у кусты да нізінкі, праз голле, цераз карчы — у лес.
Некалькі секунд ён усё ж урваў для сябе, паліцаі празявалі той самы першы, самы галоўны міг. Але секунды праз тры нехта ўжо бухнуў з вінтоўкі, затым яшчэ. Двое кінуліся ў кусты наўздагон, пачалі біць раз за разам.
Бедны, няшчасны Паўлік! Казаў, ён не адразу і сцяміў, што папалі. Ён толькі здзівіўся ад неразумення, што гэтак пякотна ўдарыла яго ззаду паміж лапатак. I чаго так не ў пару падламаліся ногі. Гэта найбольш яго ўразіла, падумаў: можа спатыкнуўся. Але ўстаць ужо не мог, ды так і выцягнуўся на леташняй калючай траве ў малінніку.
Пасля ўжо расказвалі людзі — чулі, мусіць, ад паліцаяў, бо ніхто болей нічога не бачыў, а тыя, што бачылі, ужо не раскажуць. Даганятыя прывалаклі хлопчыка на дарогу. З-пад кашулі з грудзей лілася кроў, хлопец не варушыўся і быў як мёртвы. Кінулі яго ў гразь і ўзяліся за Мароза, Павалілі, білі нагамі, прыкладамі. Пабілі так, што і Алесь Іванавіч ужо не падняўся. Але на смерць забіць яго было нельга — настаўніка трэба было даставіць жывым. Двое ўзяліся яго цягнуць у мястэчка. I тады Каін падышоў да Паўліка, ботам перавярнуў яго тварам угору, бачыць — мярцвяк. Для пэўнасці яшчэ стукнуў прыкладам па галаве і спіхнуў у канаву з вадой.
Там яго і падабралі ўночы. Кажуць, тая самая бабка, у якой Мароз жыў. I што ёй там трэба было? У прыцемках знайшла, вывалакла на сухое, думала, нежывы і нават рукі на грудзях склала, па-хрысціянску каб. Ды чуе, сэрца нібыта стукае. Ціхенька так, ледзь-ледзь. Ну, бабка ў вёску да суседа, Антона Аднавокага. Той нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. I тут, скажу табе, бацька аказаўся малайцом, не глядзі, што біў некалі. Прывёз доктара з горада, лячыў, хаваў, сам колькі нацярпеўся, а сына выняньчыў. Апошнім часам на хутары ў далёкай радні хавалі. Уратаваў ад пагібелі.
А тых шасцярых давялі да мястэчка і патрымалі яшчэ дзён пяць. Скатавалі ўсіх — не пазнаць. У нядзелю, якраз на вялікадня, вешалі. На тэлефонным слупе ля пошты прымацавалі перакладзіну — тоўсты такі брус, атрымалася накшталт крыжа, і па трое з кожнага боку. Спярша, вядома, Мароза і Бародзіча. Пасля іншых — то з таго, то з другога боку. Дзеля раўнавагі. Так і стаяла гэта карамысла некалькі дзён. Як знялі — закапалі ў кар'еры за цагельняй. Пасля ўжо, мусіць, у сорак шостым, калі вайна скончылася, перахавалі бліжэй да Сяльца.
З сямёх гэткім вось цудам уцалеў адзін Міклашэвіч. Толькі здароўя так і не было ў чалавека. Малады быў — усё хварэў, пасталеў — хварэў. Прыкінуліся сухоты. Ведама, мала што такая рана ў грудзях, дык яшчэ столькі ў вясновай вадзе праляжаць. Амаль кожны год у бальніцах лячыўся, усе курорты аб'ездзіў. Але што тыя курорты! Калі свайго здароўя няма, дык ніхто ўжо не дасць. Праўда, апошнім часам яму стала лепей, здаецца, няблага сябе адчуваў. Ды во знянацку стукнула. З таго боку, адкуль не чакаў. Сэрца! Пакуль лячылі лёгкія, сэрца і падпала. Як ні ратаваўся ад праклятай, а праз дваццаць год усё ж дагнала. Даканала нашага Паўла Іванавіча.