Во якая, браце, гісторыя.
— Да, невясёлая гісторыя, — сказаў я.
— Невясёлая — што! Гераічная гісторыя, во! А ты думаў?
— Можа быць.
— Не можа быць, а пэўна. Ці ты не згодзен? — утаропіў у мяне позірк Ткачук. Ён нечакана загаварыў гучна, расчырванелы твар яго стаў гняўлівы, як там, у Сяльцы за сталом. Буфетчыца з пагардлівай падазронасцю паглядзела на нас цераз галовы двух падлеткаў з транзістарам, што куплялі там цыгарэты. Тыя таксама азірнуліся. Ткачук заўважыў на сабе чужую ўвагу і нахмурыўся.
— Ладна, пайшлі адсюль.
Мы выйшлі на ганак. Ноч, здаецца, яшчэ пацямнела, ці толькі здалося так пасля светлага. Рыжы лапавухі сабачка дапытлівым позіркам акінуў нашыя твары і асцярожна прынюхаўся да Ткачуковых ботаў. Той спыніўся і з нечаканай для яго ціхай добрасцю загаварыў да сабакі:
— Што, есці? Нічога няма. Няма, брат. Пашукай дзе яшчэ.
I па тым, як ён хістка і грузна сышоў з прыступкаў, таксама як і па яго нечаканай злосці на мяне, я здагадаўся, што ўсё ж, мабыць, ён перабольшваў свае сілы. Не трэба было нам заходзіць у гэтую чайную. Тым болей па такім часе. Цяпер ужо была палова дзесятай, аўтобус, пэўна, даўно прайшоў, чым дабірацца ўначы да горада — было невядома. Але гэты клопат толькі слізгануў паціху ў вяршках свядомасці, ледзь крануўшы яе, — думкамі ж цалкам валодала тое даўняе здарэнне ў Сяльцы, да якога сёння далучыўся і я. Так многа і рознага пераплялося тут у адзін зблытаны клубок узаемаадносін, што цяжка было адразу правільна вызначыць да яго свае ў многім супярэчлівыя адносіны. Тым не менш логіка гэтага здарэння вымушала на нейкую пэўнасць у адносінах да яго прычын і вынікаў, хацелася ўсё абдумаць і дакапацца да ўсіх тонкасцяў, дайсці розумам да іх складанае сутнасці. Што ж да пачуццяў, дык яны незалежна ад розуму былі нагатове прыняць сэнс гэтай гісторыі з усёй яе супярэчлівасцю — мусіць, пачуцці падрыхтаваў за вечар і падначаліў сваім расказам гэты чалавек, мой неспадзяваны сённяшні спадарожнік.
Здаецца, ён зноў закрыўдаваў на мяне і ціха ішоў, як і там, па алеі ў Сяльцы, наперадзе, і я моўчкі цягнуўся ўслед. Мы сышлі з асветленага месца каля чайнай, па чорным гладкім асфальце пайшлі краем вуліцы. Я не ведаў, дзе быў аўтобусны прыпынак і ці можна было яшчэ чакаць якога аўтобуса, але цяпер гэта не здавалася мне важным. Пашанцуе — пад'едзем, а не — дык будзем тупаць да горада, засталося нямнога.
Але мы не прайшлі, мусіць, і палавіны вуліцы, як ззаду з'явілася машына. Шырокія плечы Ткачука засвяціліся ў змроку ад яе далёкіх яшчэ фараў. Неўзабаве два нашы цені стромна пабеглі ўдалячынь па зашарэлым асфальце. Машына хутка набліжалася, пасоўваючы гэтыя цені ўбок і ломячы іх у канаве, на платах, шалёваных сценах і шыферных, бляшаных паддашках дамоў.
— Мо прагаласуем? — сказаў я, беручы ўбок з асфальту.
Ткачук азірнуўся і я ўбачыў яго незадаволены, як бы нават засмучаны твар, на якім нечакана штосьці бліснула пад электрычнай яркасцю промняў. Праўда, ён тут жа спахапіўся і рукой выцер вочы, і мяне працяло новае пачуццё да яго, якое з'явілася ўпершыню за сённяшні вечар. А я, дурань, думаў, што справа толькі ў чырвоным моцным.
Я разгубіўся на момант і не падняў рукі, машына з ветрам прамільгнула поруч, і нас зноў ахінула цемра. На фоне хісткага пука святла, які яна несла перад сабой, стала відаць, што гэта быў «газік». I раптам ён спыніўся, ледзь падаўшыся да краю дарогі, нейкае адчуванне падказала — гэта па нас.
I сапраўды, спераду адтуль пачуўся голас, ён, безумоўна, адносіўся да Ткачука:
— Цімох Цітавіч!
Ткачук прабурчэў нешта, але не набавіў кроку, і я аббег яго, баючыся ўпусціць гэтую нечаканую магчымасць паехаць. Нейкі чалавек вылез з кабіны і, прытрымліваючы адчыненымі дзверцы, сказаў:
— Залазьце ўглыб. Там свабодна.
Я аднак памарудзіў, чакаючы Ткачука, які нетаропка і валюхаста падыходзіў ужо да машыны.
— Што ж вы так запазнелі? — сказаў да яго гаспадар «газіка», і я толькі цяпер пазнаў у ім загадчыка райана Ксяндзова. — А я думаў, даўно ўжо ў горадзе.
— Паспеем у горад, — буркнуў Ткачук.
— Ну дык залазьце, я падвязу. А то аўтобус прайшоў, сёння болей не будзе.
Я ўлез у цёмную прасмярдзелую бензінам сярэдзіну кузава, намацаў лаўку і сеў за нерухомай спіной шафёра. Здалося, Ткачук не адразу рашыўся лезці за мной, але ўрэшце, нязграбна хапаючыся за спінкі сядзенняў, увапхнуўся і ён. Загадчык райана лязгнуў дзверцамі і гукнуў да шафёра: