Абеліск мяняў сваё аблічча, нязменнай заставалася толькі чорная металічная шыльдачка на баку з пяццю на ёй імёнамі. Я іх ведаў на памяць, чуў пра іх вядомы ў нашай мясцовасці подзвіг у часе Айчыннай вайны. Але цяпер тут з'явілася і новае імя — Мароз А. I., якое было не дужа зграбна выведзена над іншымі белаю фарбай, і я трохі здзівіўся, убачыўшы яго тут.
На дарозе ў напрамку ад горада зноў з'явілася ад павароткі машына, на гэты раз самазвал, ён даволі шпарка прамчаў па пустой шашы міма. Узняты ім пыл аднак падняў майго спадарожніка з яго не надта прыдатнага для адпачынку месца. Ткачук выйшаў на асфальт і заклапочана паглядзеў у далячынь дарогі.
— Чорт іх дачакаецца. Давай пойдзем. Нагоніць якая, дык сядзем.
Я быў згодны ісці, тым больш што на двор'е пад вечар і яшчэ палепшала: было цёпла, ціха, ні адзін лісцік на вязах не варухнецца, а глянцаватая стужка пустой шашы так і клікала даць волю нагам. Я перайшоў канаву, і мы з прыемнасцю пакрочылі па асфальце.
— Даўно вы ведалі Міклашэвіча? — запытаў я, проста каб запытаць аб чым-небудзь і парушыць цяжкае маўчанне, якое пачынала ўжо прыгнятаць.
— Знаў? Усё жыццё. На маіх вачах вырас.
— Я дык мала і ведаў яго, — прызнаўся я. — Так, сустракаўся некалькі разоў. Чуў, што неблагі настаўнік, добра дзяцей вучыў.
— Вучыў! Вучылі і яшчэ некаторыя не горш за яго. А ён сапраўдным чалавекам быў. I такімі дзяцей выхоўваў. Рабяты за ім табуном хадзілі.
— Цяпер гэта рэдкасць.
— Цяпер рэдкасць, а даўней так часта было. I ён таксама ў табуне за Марозам хадзіў. Як пацаном быў.
— Зрэшты, а хто гэты Мароз? Ці не той, што на помніку?
— Ну. Настаўнік з гэтай жа школы. Некалі разам тут пачыналі. Я ж сюды ў лістападзе трыццаць дзевятата прыехаў. А ён у кастрычніку школу гэтую адкрыў. Тады на чатыры класы ўсяго.
— Загінуў?
— Да, загінуў,— коратка адказаў Ікачук. Са старэчай развалкай нетаропка ён крочыў поруч па навошчанай каляіне асфальткі. Пінжак яго быў распшілены, вузел гальштука з'ехаў набок пад ражок каўняра. На цяжкім, не дужа старанна паголеным твары прамільгнуў ледзь улоўны цень смутку.
— Мароз быў нашаю болькай. На сумленні ў абодвух. У мяне і ў яго. Ну але я што… Я здаўся. А ён не. I вось — перамог. Дабіўся свайго. Шкада, сам не ўтрываў.
Здаецца, я нешта пачаў разумець, аб чымсьці здагадвацца. Нейкая гісторыя з вайны. Ткачук надта скупа тлумачыў, можа трэба было б папытаць настойлівей, але я баяўся зноў разгнявіць яго І толькі каб падтрымаць размову, устаўляў свае банальныя фразы.
— Так ўжо заведзена. За ўсё добрае трэба плаціць. Часам дарагую цану.
— Ды ўжо ж. Куды даражэй. Шкада, харошая была пераемнасць. Цяпер жа столькі размоў пра пераемнасць традыцый бацькоў… Праўда, Мароз яе быў яму бацькам, але пераемнасць была. Проста на дзіва! Бывала, гляджу калі і не магу нарадавацца: ну нібыта брат гэтаму Марозу Алесю Іванавічу. Усім: і характерам, і добрасцю, і прынцыповасцю. А цяпер… Хаця не можа быць, нешта там ад яго застанецца. Не можа не застацца. Такое не прападае. Прарасце. Праз год, пяць, дзесяць, а нешта праклюнецца. Пабачыш.
— Магчыма.
— Не магчыма, а пэўна. Не можа быць, каб праца такіх двух людзей марна прапала. Тым больш пасля такіх смерцяў. Смерць — яна, брат, свой сэнс мае. Вялікі, я табе скажу, сэнс. Смерць — гэта абсалютны доказ. Саамы неабвержны аргумент. Памятаеш, як у Някрасава: „иди в огонь за честь отчизны, за убежденье, за любовь, иди и гибни безупречно, умрешь недаром, дело прочно, когда под ним струится кровь!“ Во! А тут крыві пралілося ого колькі! Не можа быць, каб дарма. Ды і Мароз даказаў гэта самым красамоўным чынам. Хаця ты ж не ведаеш…
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся я. — Некалі Міклашэвіч збіраўся расказаць…
— Памятаю. Ён гаварыў. Ён тады да каго толькі не звяртаўся. I да цябе хацеў. Ды во, не паспеў.
Гэтыя яго словы адгукнуліся ўва мне непрыемнасцю, балючым дакорам сабе. Сапраўды, чула маё сэрца, што, сам таго не жадаючы, я ўсё ж дапусціў тут памылку. Ну але хто ж ведаў! Хто мог прадбачыць, што ўсё гэта абернецца такім горкім чынам.
— Ты ж з рэдакцыі? — скоса паглядзеў на мяне Ткачук. — Ведаю. Фельетончыкі пішаш і так далей. За праўду-матку ваюеш. Вось ён тады і надумаў падключыць цябе да гэтае справы — заступіцца ў друку за Мароза. Не, Мароз не асуджаны, не палохайся. I не які там паслугач нямецкі. Тут іншая справа…