Ну, наконт касцёла я, вядома, не дужа спалохаўся, — правільна робіць Мароз, калі так раіць. А вось што датычыць панібрацтва, дысцыпліны, непавагі да наркаматаўскіх праграм, гэта ўжо затрывожыла. Але хто такі гэты Мароз — паняцця не маю, у Сяльцы ні разу не быў. Дай, думаю, пры першай магчымасці махну, пагляджу, што там у яго за парадкі.
Магчымасць надарылася аднак не дужа хутка, ды праз. тыдні два ўсё ж вырваўся, узяў у гаспадара, дзе кватараваў, ягоны веласіпед, „ровар“ па-тутэйшаму, і рвануў во па гэтай шашы. Шаша, вядома, не такая як цяпер была — брук. Ехаць па ім хоць на фурманцы, хоць на ровары — кішкі вытрасеш. Але паехаў. Добра ціскануў на педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Хацеў папасці на ўрок, ды прыпазніўся — урокі ўжо скончыліся, але здалёк яшчэ бачу — поўны двор дзетвары. Думаў, гульня якая, але не гульня — ідзе праца. Аказваецца, нарыхтоўваюць дровы. Бура паваліла тое заморскае дрэва ў двары, цяпер яго пілуюць, сякуць і носяць у хлявок. Мне гэта спадабалася. Дроў тады не хапала, кожны дзень скаргі са школ наконт холаду, а транспарту ў раёне ніякага — дзе ўзяць, адкуль прывезці? А гэтыя, бач, сцямілі і не чакаюць, калі там у раёне надумаюцца забяспечыць іх палівам — самі аб сабе клапоцяцца.
Злез у двары з веласіпеда, усе на мяне глядзяць, я на іх — дзе ж загадчык? „Я загадчык“, — кажа адзін, якога я не адразу і заўважыў, бо стаяў ён за таўшчэзным паваленым камлём — пілаваў яго з хлопцам, мабыць, пераросткам, ніштаватым такім хлопцам гадоў на пятнаццаць. Ну, кідае пілу, падыходзіць. I адразу бачу: кульгае. Адна нага неяк вывернута ўбок і быццам не разгінаецца, таму ён здорава прыпадае на яе і здаецца нібы недарослы. А так на выгляд плячысты, ладны з твару, позірк смелы, упэўнены. Мусіць, здагадваецца, хто перад ім, але ніякай замінкі ці там спалоху ў паводзінах. Прадстаўляецца: Мароз Алесь Іванавіч. Руку паціскае так, што адразу зразумела: дужы хлопец. Далонь шурпатая, цвёрдая, мусіць, такая работа яму не ўпершыню. Той напарнік яго стаіць з пілой і спрабуеяе аднаруч тузаць, але нічога ў яго не выходзіць, якраз на сук трапіла, ды і таўшчыня — больш метра ўпоперак. Мароз папрасіў прабачэння, узяўся, каб скончыць зарэз, але і ўдвух справа не дужа лепшае — пілу чым далей, тым больш заціскае ў распіле. Я стаю, гляджу, кажу: трэба нешта падкласці. Але каб падкласці, трэба прыўзняць. Мароз кінуў пілу, пачаў паднімаць за камель — ды адзін не дужа паднімеш. Тут хлапчукі, каторыя большыя, тожа папрыліпалі да бервяна, а тое ні з месца. Карацей кажучы, паклаў я на траву свой ровар ды таксама за той камель узяўся. Тужыліся, тужыліся, здаецца, прыўзнялі, яшчэ б сантыметр, можна б падапхнуць палку, але гэты апошні сантыметр, як заўжды, самы трудны. I тут, як на ліха, з-за рога выплывае тая самая пані Ядзя. Убачыла ровар, мяне ля камля, ды так і аслупянела.
Пасля, калі я гаварыў з ёй, зразумець нічога не магла, усё ўспамінала матку боску ды дзівілася: што гэта за настаўнікі ў Саветаў, ці маюць яны якія паняцці аб педагагічным такце і гонары? Кажу, не бяда, пані Ядзя, гонару ад таго не ўбавіцца, а дровы ў школе будуць. У цяпле працаваць будзеце. Ну але гэта пасля. А тады ўсё ж распілавалі мы тую чортаву калоду, і я ўжо забыўся, чаго прыехаў, скінуў свой адзінюткі пінжак і разам пілаваў з Марозам, пасля секлі. Папацеў уволю. Дзеці перанеслі дровы ў хлявок, і Мароз адпусціў усіх дадому.
Вядома, у той раз заначаваў у школе. Мароз жыў у баковачцы пры класе, спаў на цудоўнай, у стылі барока, канапцы з выгнутымі накшталт ільвіных лап ножкамі. Накрываўся, вядома, палітом, коўдры не меў. На тую ноч канапка дасталася мне, накрыўся сваім пінжачком. Перад тым як легчы, паелі бульбачкі, маці аднаго вучня на такі выпадак прынесла з хутара кавалак каўбасы і гарлач прастаквашы. Вячэралі і знаёміліся. Хоць пакуль пілавалі тыя дровы, адчувалася мне, што я ведаю яго ўсё жыццё. Родам ён быў з Магілёўшчыны, ужо гадоў пяць настаўнічаў пасля педвучылішча. Нага такая з дзяцінства, доўга балела, ды так і асталася. Я асцярожненька завёў размову пра нашы звычайныя рэчы: праграмы, паспяховасць, дысцыпліну. I тады пачуў ад яго нешта такое, што спярша выклікала ў ва мне нязгоду, а пасля роздум. А пасля я пачаў думаць, што, можа, ён і правы. Як цяпер гляджу з вышкі майго пенсійнага ўзросту, дык быў ён абсалютна правы.