Да, ён быў правы, бо глядзеў шырай і, можа, далей, чым гэта прынята глядзець, абмяжоўваючы свой кругагляд прафесійнымі нормамі. Нормы, яны, брат, харошая справа, калі не закасцянелі, не засохлі ад часу і не прыйшлі ў супярэчнасць з жыццём. Словам, ужываць іх, як і ўсякія догмы, трэба з розумам, гледзячы па абставінах. А ў нас як бывае? Цяпер усе прадметы за спецыялістамі, а ўсім спецыялістам трэба як мага лепшыя веды па іх спецыяльнасці. I таму, скажам, матэматычцы яе біном Ньютана ў сто разоў даражэй за ўсю паэтыку Пушкіна або чалавеказнаўства Талстога. А моваведу адасабляць ягоныя дзеяпрыслоўныя звароты — мера ўсяе годнасці вучня. За гэтыя свае коскі ён гатовы дзіця на другі год пакінуць і ў ВНУ не даць ходу. Матэматычка — таксама. I ніхто не падумае, што гэты біном таму вучню можа — і пэўна — ніколі ў жыцці і не прыгадзіцца, нават не прыгадаецца, ды і без косак пражыць можна. А вот як пражыць без Талстога? Ці можна ў наш час быць адукаваным чалавекам, не чытаўшы Талстога? Ды і наогул, ці можна быць чалавекам.
Цяпер, праўда, ужо прыгледзіліся і да Талстога, і да многага іншага, і гэта не так ужо кідаецца ў вочы. А тады ўсё тое выглядала інакш, відавочней, і Мароз гэта зразумеў, відаць, раней за мяне. Хоць я і быў старэйшы за яго год на пяць, і быў член партыі, і загадваў усім райана. I ён мне сказаў тае ноччу, калі мы ляжалі побач — я на яго канапцы, а ён на стале, — прыкладна так:
— З праграмамі ў школе сапраўды не зусім лады, паспяховасць не дужа бліскучая. Рабяты вучыліся ў польскай школе, многія, асабліва католікі, кепска спраўляюцца з беларускай граматыкай, іх пачатковыя веды не адпавядаюць курсам нашых праграм.
Але не гэта галоўнае. Галоўнае, каб яны цяпер зразумелі, што яны — людзі, не быдла, не нейкія там недалугі, якімі лічылі паны іхніх бацькоў, а самыя паўнапраўныя грамадзяне. Як і ўсе. I яны, і настаўнікі, і іх бацькі, і ўсе кіраўнікі ў раёне — усе роўныя ў сваёй краіне, нікога не трэба баяцца, трэба толькі вучыцца спасцігаць тое самае значнае, што далучае людзей да вышынь агульначалавечай і нацыянальнай культуры.
У тым ён бачыў свой самы найпершы настаўніцкі абавязак. I ён з іх рабіў не выдатнікаў вучобы, не паслухмяных зубрылак, а найперш — чалавекаў.
Сказаць такое, вядома, проста — трудней было да таго дадумацца і яшчэ трудней дамагчыся таго. Такое ў праграмах і методыках не дужа распрацавана, гадзіны на гэта на прадугледжаны. I Мароз сказаў, што найперш дамагчыся таго можна толькі ўласным прыкладам у працэсе ўзаемаадносін настаўніка з вучнямі.
Мабыць, мы ўсё ж мала ведаем і кепска вывучаем, чым было наша настаўніцтва для народа на працягу ягонай гісторыі. Духавенства — гэта вядома, тут яшчэ ёсцъ нейкі малюнак, больш або менш даставерны. Роля папа, ксяндза на кожным гістарычным этапе больш-менш вядома. А вось што зрабіла сельскае настаўніцтва ў нашых школах, што яно значыла для нашай некалі цёмнай сялянскайг краіны ў царскія: часы, пры Рэчы Паспалітай, у вайну, нарэшце, ды і пасля вайны? Гэта цяпер запытай якога падшыванца, кім ён будзе, калі вырасце, і ён скажа табе: інжынерам, урачом, лётчыкам, а то і касманаўтам. Да, цяпер ёсць такая магчымасць. I сапраўды так і бывае аж да касманаўта, уключна. А раней? Калі рос, бывала, харошы хлопчык, добра вучыўся, што пра яго казалі дарослыя? Вырасце — настаўнікам будзе. I гэта была найлепшая пахвала. Не ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лёсу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары. I правільна. I не таму, што пачотна ці легка. Ці заробкі харошыя — не дай бог настаўніцкага хлеба, ды яшчэ ў вёсцы. Ды ў тыя даўнія часы. Галеча, беднасць, чужыя куткі, вясковая глуш і ў канцы — ранняя магіла ад сухотаў… I тым не менш, скажу табе, не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве. Я так думаю: у тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, — найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў. Хай, можа, я і памыляюся, але так лічу.
I тут, як часта бывае, не абыходзіцца без сваіх энтузіястаў. Мароз быў менавіта адзін з такіх, хто ў гэтым сэнсе зрабіў для людзей найбольш. I зрабіў свядома, часам на свой страх і рызыку, праз труднасці і непрыемнасці. А непрыемнасцяў і розных канфліктаў у яго заўсёды хапала.
Памятаю, паехаў неяк у Сяльцо інспектар з вобласці — праз дзень вяртаецца ў раён абураны і гняўлівы. Аказваецца, чарговы скандал. Не паспеў таварыш інспектар увайсці ў Габрусёў палац, як на верандзе яго атакавалі сабакі. Адзін чорны, на трох лапах, а другі — ваш такі, дробны вяртлівы шчанюк (паліцаі пасля іх пастралялі). Да. Дык пакуль абаранілі інспектара, сабакі і распаласавалі яго калашыну. Ну, Мароз, канечне, прасіў прабачэння, а Ядзя зашывала пану інспектару штаніну, пакуль той сядзеў у пустым класе ў падштаніках. Аказваецца, сабакі былі школьныя. Менавіта так. Не вясковыя, не адкудь з хутара і нават не асабіста настаўнікавы, а агульныя, школьныя. Дзеці недзе знайшлі шчанят, бацькі загадалі ўтапіць, але перад тым у класе чыталі тургенеўскага „Муму“, і вось Алесь Іванавіч рашыў пасяліць шчанюкоў пры школе, каб усім па чарзе іх даглядаць. Так у Сяльцы завяліся школьныя сабакі.