А Мароз крыху супакоіўся, аддыхаўся, нават закурыў самасейкі (раней не курыў быццам) і мала-памалу пачаў расказваць.
Высвятляецца такая карціна.
Бародзіч усё ж дамогся свайго: хлопцы падпільнавалі Каіна. Якраз пару дзён таму паліцай гэты на нямецкай машыне з немцам-фельдфебелем, салдатам ды двума паліцаямі прыкаціў да бацькі на хутар. Як было ўжо не адзін раз, на хутары заначавалі. Перад тым заехалі ў Сяльцо, узялі парсюкоў у Хведара Бароўскага і глухога Дзянішчыка, нахапалі па хатах з дзесятак курэй — назаўтра меліся везці ў мястэчка. Ну, хлопцы ўсё выгледзелі, разведалі і, як сцямнелася, гародамі — на дарогу. А на дарозе гэтай, калі памятаеш, недалёка ад таго месца, дзе яна выходзіць на шашу, у раўку невялікі такі масток. Масток-то невялікі, але высокі, да вады метры два, мусіць, хоць вады той па калена, не болей. Да мастка крутаваты спуск, а потым пад'ём, таму машына там ці падвода, калі едуць, дык бяруць разгон, іначай на пад'ём не вылезеш. О, гэтыя падшыванцы, яны ўсё ўлічылі, тут яны былі майстры. Тут у іх усё было зроблена тонка. Дык вось як сцямнела, усе шасцёра з тапарамі і піламі — да гэтага мастка. Відаць, папацелі, але ўсё ж падпілавалі лагі, не зусім, а так, напалову, каб для відавоку трымалася і чалавек там ці конь маглі прайсці, а машына — не. Машына, вядома, пераехаць гэты масток ужо не магла. Зрабілі ўсё ўдала, ніхто ім не перашкодзіў, не застукаў, радасныя выбеглі з раўка. Але не ўсе. Як жа ўсім спаць у такі час, калі будзе ляцець дагары нагамі нямецкая машына! I двое засталіся дзеля такога моманту — Бародзіч і Смурны Яўген. Знайшлі сабе месцейка зводдаль у кустах і заселі пільнаваць. Астатніх адправілі дамоў.
Увогуле ўсё адбывалася так, як і было прадугледжана, апроч драбязы нейкай. Але, мусіць, гэтая драбяза іх і загубіла. Па: першае, Каін прыпазніўся, мусіць, заспаў пасля п'янкі. Развіднелася, у вёсцы паўставалі людзі, пачалася звычайная гаспадарчая цяганіна — сюды-туды. Міклашэвіч пасля казаў, што яны дома за ўсю ноч не заплюснулі вока і што далей — усё болей трывожыліся: чаму не прыбягаюць дазорныя?
А дазорныя ўпарта чакалі машыну, а машыны ўсё не было. Замест яе на дарозе ранічкай з'явілася фурманка. Дзядзька Яўмен, нічога сабе не падазраючы, коціць у равок па дровы. Давялося Бародзічу вылезці са свае сховы і страчаць дзядзьку. Кажа: „Не едзьце, пад мастом міна“. Яўмен спалохаўся, не стаў дужа цікавіцца той мінай і павярнуў у аб'езд.
Нарэшце гадзін, мабыць, у дзесяць на дарозе паказалася машына. На жаль, дарога была кепская, у выбоінах, хуткасці не было ніякай, дык яна і паўзла паціху, валюхаючы з боку на бок. Не было і разгону ў раўку. Паціху спаўзла над ухіл, на мастку шафёр яшчэ прымарудзіў, стаў пераключаць хуткасць, і тады папярэчына адна надламалася. Машына пахілілася і бокам павалілася пад мост. Як пасля аказалася, седакі і свінні з курамі проста ссунуліся ўбок, у ваду, але тут жа паўскоквалі. Не пашэнціла толькі аднаму немцу, што сядзеў ля кабіны — якраз трапіў пад борт, і яго задушыла да смерці. Выцягнулі з-пад машыны ўжо мёртвага.
А хлопцы як згледзелі, чаго дамагліся, — ашалелыя ад шчасця і хвалявання шыбанулі па кустоўі да вёскі. На радасці, мабыць, здалося, што ўсім фрыцам і паліцаям капут, машыне таксама. I няўцям было нікому з двух, што Каін ды іншыя тут жа паўскоквалі, пачалі паднімаць машыну, і нехта тады ўгледзеў, як у кустах мільганула постаць. Постаць малога, хлапчука — болей нічога не удалося ўбачыць. Але і гэтага было даволі.
У вёсцы кожная чутка лятае маланкай. Праз якую гадзіну ўжо ўсе ведалі, што здарылася на дарозе ў раўку. Каін прыбег за падводай везці труп немца ў мястэчка. Мароз як пачуў пра гэта — адразу кінуўся ў школу, паслаў па Бародзіча, але таго не аказалася дома. Затое Міклашэвіч Паўлік, бачачы, як затрывожыўся іх настаўнік, не вытрымаў і расказаў яму пра ўсё.
Мароз не мог знайсці сабе месца, але заняткі ў школе не адмяніў, пачаў толькі з малым спазненнем. Хлопцы, што вучыліся, таксама ўсе папрыходзілі. Не было аднаго Бародзіча, хаця Бародзіч у той час ужо ў школу не хадзіў. Мароз усё паглядваў у акно, казаў, усе ўрокі правёў ля акна, каб убачыць, калі хто чужы паявіцца на вуліцы. Але ў той дзень ніхто не паявіўся. Як скончыліся заняткі, Мароз другі раз паслаў Смурнага за Бародзічам, а сам стаў чакаць. Як ён сам мне прызнаўся, становішча яго было да дзікасці недарэчнае. Ведама, хлопцы больш-менш паклапаціліся пра тое, што датычыла самой дыверсіі, але як быць далей, калі дыверсія ўдасца, яны проста аб тым не думалі. І настаўнік таксама не ведаў, што рабіць. Вядома, ён разумеў, што немцы гэтую справу так не пакінуць, пачнецца вэрхал. Магчыма, западозраць і хлопцаў, і яго таксама. Але ж у вёсцы тры дзесяткі мужыкоў, думаў, не так проста між іх знайсці менавіта таго, каго трэба. Калі б ён загадзя ведаў, што рыхтавалі гэтыя падшыванцы, дык, мабыць, нешта б прыдумаў. А цяпер усё абрынулася на яго так знянацку, што ён не ведаў, як ратавацца. Ды і якая пагражае ім небяспека, таксама было невядома. I каму яна пагражае найперш. Мусіць, трэба было ў першую чаргу пабачыць Бародзіча, усё ж той старэйшы, разумнейшы. Зноў жа, з суседняе вёскі можа быў сэнс да часу перахаваць у яго хлопцаў. А можа наадварот, найперш яго трэба было недзе схаваць.
Пакуль ён сядзеў у тую ноч у свае бабулі і чакаў Смурнага з Бародзічам, перадумаў, ведама, рознае. I вось недзе пад поўнач чуе: стук-стук у дзверы. Ды стук не дзіцячай рукі — гэта ён зразумеў пэўна. Адчыніў і аслупянеў: на парозе стаяў паліцай, той іх Лаўчэня, пра якога я ўжо казаў. Але чамусьці адзін. Не паспеў Мароз што прыдумаць, як той яму і выпаліў: „Уцякай, настаўнік, хлопцаў пабралі, за табой ідуць“. I назад, не павітаўшыся, не развітаўшыся. Мароз расказваў, спярша яму падумалася: правакацыя. Але не. Выгляд, тон і ўсё такое гэтага Лаўчэні не пакідалі сумнення: кажа праўду. Тады Мароз за шапку, кажушок, за сваю палку і гародамі — у лясок на выгане. Ноч там пераседзеў пад хваінай, а пад ранак не вытрымаў, пастукаў да аднаго дзядзькі, якому верыў, дазнацца каб, што ўсё ж такі здарылася. А дзядзька як убачыў настаўніка, аж задрыжэў. Кажа: „Уцякай, Алесь Іванавіч, ператрэслі ўсю вёску, цябе шукаюць“. — „А хлопцы?“ — „Хлопцаў пабралі, запёрлі ў стараставым свірне, адзін ты астаўся“.
Цяпер ужо пэўна вядома, як усё атрымалася. Аказваецца, Бародзіч даўно быў на падазрэнні ў гэтага Каіна, да таго ж нехта з паліцаяў убачыў тады яго ў раўку. Не пазнаў, але ўбачыў, што пабег падлетак, юнак — не мужчына. Ну, мусіць, пагаварылі там, у раёне, успомнілі Бародзіча і вырашылі ўзяць. Ноччу прыкацілі пад яго хату. А той, дурань, якраз абувае чуні. Цэлы дзень бадзяўся па лесе, а пад ноч прытаміўся, згаладнеў, ну і вярнуўся ў бацькаву хату. Спярша ў кагось запытаў на вуліцы, сказалі: усё, маўляў, ціха, спакойна. Рашучы быў хлопец, смелы, а засцярожлівасці не хапала. Мусіць, падумаў: усё шыта-крыта, ніхто нічога не ведае, яго не шукаюць. А ўвечары якраз прыбягае Смурны: так і так, Алесь Іванавіч кліча. Толькі хлопцы пачалі збірацца ў Сяльцо да Мароза, як тут машына. Так і схапілі абодвух. Нават з хаты не паспелі выскачыць.
А схапіўшы двух, няцяжка было пабраць і астатніх. Часам так думаецца толькі: як гэта следчы знайшоў злачынцу, калі ніхто нічога не бачыў, нічога не ведаў? Можа гэта і сапраўды нялёгка, асабліва калі трымацца нейкіх там правілаў юрыспрудэнцыі. Толькі немцы ў такіх выпадках чхалі на юрыспрудэнцыю. Каін ды іншыя разважалі іначай. Калі дзе што здаралася, яны прыкідвалі паводле верагоднасці: хто можа? Выходзіла: той або той. Тады і хапалі ўсіх разам з іх сваякамі ды дружбакамі. Маўляў, адна шайка. I, знаеш, рэдка памыляліся, халеры. Так і было. А калі і памыляліся — усё роўна не перайначвалі, назад нікога не выпускали. Каралі ўсіх — і вінаватых і невіноўных.
Дагэтуль невядома дакладна, як таму Лаўчэню ўдалося папярэдзіць Мароза. Мусіць, спярша яны там не планавалі хапаць настаўніка, а зрабілі гэта імправізавана, па ходзе справы. Мусіць, Каін гэта дапетрыў, што калі хлопцы, дык і настаўнік таксама. I вось гэты Лаўчэня, якога мы лічылі падлюгам, выбраў момант, літаральна якіх дзесяць хвілін, і забег, папярэдзіў. Уратаваў Мароза.
Во як яно атрымалася.