Але усё ж успомніу, што я — начальства, загадчык райана і адказны за педпрацэс у раёне. Гэта добра — чытаць Талстога, але ж і праграму выконваць трэба. А калі ты ўжо можаш чытаць „Вайну і мір“, дык, мусіць, і вучыць можаш? А то чаго ж вучням брысці за столькі кіламетраў у гэта Сяльцо?
Прыкладна так я і сказаў яму, калі мы адправілі вучняў і засталіся адны. А ён кажа, што ўсе тыя праграмы, усе тыя веды, што ён прапусціў з вучнямі за месяц хваробы, не варты дзвюх старонак Талстога. Я дазволіў сабе не пагадзіцца, і мы паспрачаліся.
Тую вясну Мароз вывучаў Талстога, сам перачытаў наскрозь усяго, многае прачытаў вучням. То была навука! Гэта цяпер, знаеш, любы студэнт ці нават старшакласнік, толькі завядзі з ім гаворку пра Талстога ці там Дастаеўскага, адразу табе выпаліць усе іх хібы, памылкі і абмежаванасці. Пра вартасці і значэнне трэба яшчэ дачытацца, а недахопы найперш у кожнага па палічках раскладзены. Наўрад ці хто ведае, на якой гары ляжаў паранены пад Аўстэрліцам князь Андрэй, а заблуджэнні Талстога ў кожнага напералік. А Мароз вось не раскладваў нічога па палічках — проста чытаў вучням і сам убіраў у сябе ўсё спрэс, душой убіраў. Чулая душа — яна выдатна сама разбярэцца, дзе добрае, а дзе так сабе. Добрае ўвойдзе ў яе, як свае, а так сабе — хутка забудзецца. Усё раздзеліцца, як на ветры зерне з мякінаю.
Цяпер я гэта зразумеў выдатна, а тады што ж… Быў малады ды яшчэ начальнік.
Звычайна ў хлапечай кампаніі знаходзіцца нехта адзін, старэйшы ці там разумнейшы, які сваім характерам ці аўтарытэтам хутка падначальвае сабе астатніх. У той школе, у Сяльцы, як мне пасля гаварыў і Міклашэвіч, такім хлопцам стаў іменна Коля Бародзіч. Калі ты памятаеш, яго прозвішча ішло першым на помніку, а цяпер стала другім пасля Мароза. I гэта правільна. Ва ўсёй гэтай гісторыі з мостам іменна Коля сыграў першую скрыпку. Трагічную, вядома, скрыпку. Але што ж…
Я бачыў яго некалькі разоў, заўжды ён быў поруч з Марозам. Плячысты такі, прыкметны юнак, упартага маўклівага характару. Мяркуючы па ўсім, вельмі любіў настаўніка. Проста быў адданы яму бязмежна. Праўда, я ніколі не чуў ад яго ніводнага слова — заўжды пазірае з-пад ілба і маўчыць, быццам злуецца за што. Было яму ў той час, мабыць, гадоў шаснаццаць, пры паляках, вядома, не дужа вучыўся, у Мароза хадзіў у чацвёрты клас. Да, яшчэ адна дэталь: у саракавым скончыў гэты чацвёрты, далей трэба было падавацца ў НСШ за шэсць кіламетраў у Будзілавічы. Дык ён не пайшоў. Папрасіўся ў Мароза хадзіць другі год у чацвёрты. Абы ў Сяльцо.
Мароз, апроч таго, што вучыў па праграме і наладжваў чыткі кніжак без праграмы, яшчэ займаўся і самадзейнасцю. Мастацкай, вядома. Ставілі, помню, „Паўлінку“, нейкія п'ескі, дэкламавалі, спявалі, ну як звычайна. Ну і, вядома, былі ў іх антырэлігійныя нумары, байкі там пра папа і ксяндза. I вось гэтыя нумары, пэўна, камусь не спадабаліся, аб тым уведаў ксёндз у Скрылёве, які ў часе службы на нейкае свята зняважліва сказаў пра настаўніка з Сяльцоўскай школы. Як высветлілася потым, даволі подла абразіў яго за кульгавасць, быццам ён быў у тым вінен. Зрэшты, пра гэта даведаліся пасля. А перш: здарылася вось што.
Неяк аднаго разу сустракае мяне ў сталоўцы пракурор, усё той жа Сівак, кажа, каб зайшоў у пракуратуру. Я ўжо казаў, што страх як не любіў гэтых візітаў, але што ж, не адмовішся, мусіш ісці… I вось, аказваецца, у пракуратуру паступіла скарга ад скрылёўскага ксяндза на злодзея, які ўлез у святы храм і асквярніў алтар, ці як там у іх, католікаў, называецца гэта штуковіна. Нешта напісаў там.
Служкі аднак злавілі асквярніцеля, і ім аказаўся сяльцоўскі вучань Мікалай Бародзіч. Цяпер ксёндз і група прыхаджан звяртаюцца да ўлады з просьбай пакараць зламысніка і яго настаўнікаў.
Што тут рабіць — зноў разбірацца? Праз тыдзень у Сяльцо выязджае следчы, участковы, нехта з ксяндзоўскага начальства з Гродні. Бародзіч не адмаўляецца: так, хацеў адпомсціць ксяндзу. Але за каго і за што — не гаворыць. Яму кажуць: не прызнаешся па шчырасці — засудзяць, не паглядзяць, што малалетак. „Ну і хай, — кажа, — засудзяць“.
I што ты думаеш, чым скончылася? Мароз усю віну ўзяў на сябе, давёў начальству, бьццам усё гэта вынік яго не зусім прадуманага выхавання. Ездзіў некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. I ксяндзы адвязаліся. Ну ці трэба казаць, што пасля гэтага не толькі школьнікі з Сяльца, але і сяляне з усяе акругі сталі глядзець на Мароза, як на якога заступніка. Што ў каго было цяжкага ці незразумелага — усе да ято цягнуліся ў школу. Цэлы кансультацыйны пункт адкрыў па розных пытаннях. Але не толькі тлумачыў ці даваў парады, яшчэ і клопату хапала самаму. Кожную вольную хвіліну — то ў раён, то ў Гродна. Во па гэтай самай шашы — на фурманках ці выпадковых, не частых тады машынах, а то і пешкі. I гэта кульгавы чалавек з кійком. I не за грошы, не па абавязку — так проста. Па прызванню вясковага настаўніка.
Знайдзі цяпер такога настаўніка.
Відаць, мы пратупалі па гэтай шашы гадзіну, калі не больш. Стала зусім ужо цёмна. Зямля асела ў змрок, туман заснаваў нізіны, хвойны лес непадалёк ад дарогі зачарнеўся няроўным зубчастым грабянём на светлаватым закрайку неба, на якім адна за другой запальваліся нанач зоркі. Было ціха, не сцюдзёна, хутчэй свежавата і дужа прывольна на апусцелай увосень зямлі, трошкі пахла свежай раллёй з палёў, таксама пылам, нафтай і асфальтам. Я слухаў Ткачука і падсвядома ўбіраў у сябе ўрачыстую веліч ночы, неба, дзе над соннай зямлёй пачыналася сваё, незразумелае, вечнае і недасяжнае начное жыццё. На небасхіле збоч ад дарогі ўжо выразна і спакойна гарэлі сем зор Вялікай Мядзведзіцы, над імі мільгаў коўшык Малой з Палярнай у хвасце, а наперадзе, якраз над шашой, тоненька і востра бліскала зорка Рыгеля, нібыта штэмпель на ражку срабрыстага канверціка Арыёна. I мне міжвольна падумалася: якія ўсё ж нікчэмныя ў сваім ненатуральным прыгостве грэчаскія міфы, хоць бы во і пра гэтага прыгажуна Арыёна, каханага багіні Эос, якога забіла ад рэўнасці другая багіня, Арцяміда. Тым не менш оперна-балетная смерць гэта ўражвае і чаруе чалавецтва на працягу тысяч гадоў ягонай гісторыі. Мусіць бы, і ў наш час кожны згадзіўся на яго месцы на такую ягоную смерць і асабліва на яго касмічнае бяссмерце ў выглядзе гэтага туманістага сузор'я на краі зіхоткага начнога неба. На жаль, гэта недаступна нікому. Міфалагічныя смерці так мала падобны на нашы зямныя, як опера на само жыццё, хоць бы вось і ў тым самым Сяльцы, аб якім цяпер, нанова перажываючы ўсё, расказваў побач Ткачук.
— I тут — вайна.
Знаеш, колькі мы да яе ні рыхтаваліся, як ні мацавалі абарону, колькі ні чыталі і ні думалі пра яе, а абрушылася яна нечакана, як бура ў ясны дзень. Праз тры дні ад пачатку, якраз у сераду, тут ужо былі немцы. Мясцовыя каторыя, тутэйшыя сяляне — тыя ўжо, знаеш, прывыклі за свой век да частых мінтрэг: як-ніяк, пры адным пакаленні трэцяя змена ўлады. Прывыклі, нібы так і павінна быць. А мы — усходнікі. Гэта было такое няшчасце — ці ж мы думалі калі, што на трэці дзень акажамся пад немцам! Памятаю, прыйшоў загад арганізаваць знішчальны атрад, каб лавіць нямецкіх дыверсантаў і парашутыстаў. Я кінуўся збіраць настаўнікаў, аб'ездзіў шэсць школ, у абед на ровары прыкаціў у раён, а там пуста. Кажуць, толькі што пакідалі ў палутарку свае бэбахі і пакацілі на Мінск, шашу, маўляў, ужо перарэзалі немцы. Я спярша не паверыў. Калі немцы, дык павінны ж недзе адступаць нашы, ці што. А то нашых з пачатку вайны тут ніхто ніводнага салдата не бачыў. Але тыя, што казалі так, не падманвалі — пад вечар у мястэчка напраўду ўкаціла штук шэсць вяздзеходаў на гусеніцах, і ў іх паўнютка самых сапраўдных фрыцаў.
Я ды яшчэ тры хлопцы — двое настаўнікаў і інструктар з райкома — гародамі шмыганулі ў жыта, праз яго ў лес і падаліся на ўсход. Тры дні ішлі — без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі — каюк. Настаўніка аднаго, Сашу Крупеню, параніла ў жывот — што рабіць? А дзе фронт — чорт ведае, не дагоніш, відаць. Ужо, кажуць, і Мінск пад немцам. Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Заставацца — а дзе? У чужых людзей не дужа спадручна, ды і як папросішся? Рашылі вяртацца назад, усё ж у сваім раёне хоць людзі знаёмыя. За паўтара года пёразнаёміліся з рознымі.