Выбрать главу

Вузенькай дарожкай паміж магіл прайшоў праз густы змрок тоўстых хвояў і выйшаў з-пад іх на вясковую вуліцу. Дахі дамоў, вяршаліны вулічных дрэў, садкоў толькі выплывалі са змроку, вуліца і двары ляжалі яшчэ ў цемрыве, ніклі ў санлявым спакоі вясковыя хаты, прызбы, платы; густаваты змрок туліўся пад абвіслымі стрэхамі хлявоў і дваравых будынкаў. Хведар ціхенька прайшоў да сярэдзіны вёскі. На нейчым плоце вецер варушыў стракатую анучу, згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. І ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам — хацелася як найбольш убачыць, заўважыць, запомніць. І раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там — ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». І ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-а-а-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова.

Падумаўшы, што зараз нехта выскачыць з хаты ці праз вокны ўбачыць яго на вуліцы, Хведар шаснуў у двор, сцежкай пабег у гарод і па росным бульбоўніку загумення падаўся ў світальнае поле. Усё ў ім калацілася ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з Любкай, з якой яны разам раслі ў вёсцы, рабілі побач на бацькоўскіх надзелах, якую ён некалі нават кахаў трохі — наіўным маладым дзецюком перад прызывам на вайсковую службу. І крыўдна было яму, і горка, але ж… Мабыць, спалохалася жанчына і ледзьве не пагубіла яго. А можа, і не пазнала. Але не дзіва — хіба пазнаў бы сябе ён сам? Што ў ім засталося ад ранейшага Хведара, ад таго жаўтаротага дзецюка? Цяпер ён здань, начны, бесцялесны прывід, ад якога жахаюцца людзі, месца якому, мабыць, побач з ваўкамі ў лесе.

Раздзел чацверты

Радасць зямлі

Пакуль развіднела, ён быў ужо ў лесе, раздумна плёўся па блытаных, пратаптаных жывёлай сцяжынках і думаў, дзе б яму прыткнуцца на дзень. Мусіць, сюды зноў прыгоняць кароў, тут месца яму няма. Тады дзе ж яно ёсць? Канечне, дзе далей ад жытла і людзей, ад поля і сенажацяў. Значыць, зноў трэба плясціся ў расцяробы ці ў той дальні змрочны ельнік, на балотныя імшарыны. Разважыўшы, усё ж вырашыў, што лепш — у расцяробы. Там, ведама, небяспечней, чым у ельніку, затое ў тым баку поле і бульбянішча, на якое яму трэба будзе схадзіць. Як заўжды, зранку пачало дужа смактаць пад грудзямі, хацелася есці. Журавіны ён амаль усе з'еў уначы, яны кепска спатольвалі голад, толькі праганялі смагу. Трэба было ісці па бульбу.

У гэтую раннюю гадзіну дня, мабыць, можна было не надта баяцца спаткаць чалавека, і ён з вярсту ці болей ішоў добра ўтаптанаю сцежкай, якая блытана выкручвалася ў маладым бярэзніку. Пасля, як сцежка павярнула да зімовых дзялянак, ён збочыў з яе ўлева, да Доўгага рова, пайшоў мешаным, з рэдкімі елкамі лесам, падняўся па некрутым схіле ўгору. У лесе ўжо настаў дзень, было відна, навакол сцішана драмалі елкі, не варушыўся ніводзін лісцік у жаўтлявым вецці бяроз. Здаецца, усталявалася добрае, без дажджу надвор'е, можа, нават пачнуцца прымаразкі. Тады ўраз пачарнее лісце алешын, золатам зажаўцее бярэзнік, дружна пацярушыць лістапад. Праз нейкі нядоўгі час лісцвяны лес стане скразны для позірку, усё жывое ў ім будзе бачна здалёк. Мусіць, тады яму будзе горш… Але ён не хацеў думаць пра тое, што будзе, ён жыў адным днём, ягоныя клопаты не ішлі далей наступнага вечара. Увечары, мабыць, будзе спакайней, а ўдзень трэба трымаць вуха востра.

Бадай, у тым самым месцы, дзе і першы раз, ён асцярожна спусціўся кустоўем у шырокую праваліну рова, напіўся там у ручаіне, памыў рукі і твар. Паднімаўся на другі схіл доўга, разоў колькі спыняючыся, адпачываў, не ўпершыню заўважаючы, як менее ў яго сілы. Яшчэ нядаўна, у дарозе, неяк не прыкмячаў вялікае слабасці, мабыць, там рухала ім вялікая сіла мэты. А тут… Мэта ўжо апынулася ззаду. Найперш за многія дні бадзяння аслаб без хлеба, ведама, ягадамі не надта пракормішся. Але што ж тады — зноў ісці ў вёску, прасіць у каго хлеба? Чым гэта можа скончыцца? Ён і так дужа баяўся за нядаўнюю сустрэчу з Любкай, як бы яна аб тым не раззваніла ў сяле. А можа, не пазнала, калі так закрычала жудасна?