Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара — без порткаў? А адных падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках — зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як — трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо дзяўчаты, усе з рогатам ці ўтрапёна пазіралі на яго, і ён гатовы быў завыць ад сораму і крыўды. Ён ледзь дачакаўся вечара таго бясконцага доўгага дня і, прыбіўшыся ў свой катух, без вячэры шаснуў пад коўдру. Якое гэта было неспазнанае шчасце — адчуць сваё цела прыкрытым ад чужых вачэй! Усё ж яму ішоў тады трыццаць першы год, ён быў жанаты і думаў, што горшага здзеку прыдумаць ужо немагчыма, гэты — самы вялікі. Але мінуў час, пасыпаліся іншыя здзекі, у параўнанні з якімі адмысловая выдумка таго баўэра здавалася недарэчным жартам — не болей.
Голадна глытаючы слінкі, Хведар скорчыўся пад кустамі на дробнай траве, увабраў галаву ў шырокі, злямцаваны каўнер свае світкі, засунуў рукі запазуху і ляжаў так. Вочы часам заплюшчваў, нічога не бачачы наўкола, ды адсюль няшмат можна было і згледзець. Затое ягоны слых быў, як заўжды, абвострана-чуйны. Здаецца, і ў сне. Хведар прыслухоўваўся да наваколля, бо чым жа яшчэ мог ён засцерагчыся ў ягоным становішчы? Лес пачаў трошкі шумець, але ўвогуле скрозь стаяла лясная ціша; часам пырхала ў кустоўі птушыная драбяза, ды тое не парушала Хведаравага спакою. І памалу, неўпрыкмет ён быццам бы адасобіўся ад гэтага лесу і гэтага часу, бы засынаючы, убачыў сябе здаля і мо ўпершыню зразумеў усю гароту свайго становішча. Тое відовішча самога сябе прымусіла яго схамянуцца ад нейкага здзіўлення, ці што. Сапраўды, чаму ён непрытульна ляжаў тут, праз дзве вярсты ад тае мясціны, дзе ўпершыню ўбачыў свет, дзе ён пражыў сталае сваё жыццё, дзе нарадзіліся яго дзеці? Чаму ён стаў тут для ўсіх жахлівым чужынцам, хто ў тым вінаваты? Можа, адзін сам? Ці і яшчэ хто іншы? А можа, і ніхто? Але ж як тады ўсё тое стала магчыма? Увогуле гэта ж трэба так вось страціць усё, зрабіцца выгнаннікам, беглым катаржнікам, чалавекам без права і закону. І як усё пачалося? Колькі ён думаў пра тое, як і з чаго пачалося, — выразнага адказу знайсці не мог. Бо пачалося ўсё неяк няўзнак, недаўменна і неспадзявана, а абярнулася менавіта тым, чым абярнулася. Ці мог ён прадбачыць усё ў той завірушны вечар, як яны сядзелі ў сельскай хаце і старшыня Сокур вынес на абмеркаванне загадкавае пытанне: на каго размеркаваць тры цвёрдыя заданні, якія ён прывёз з райвыканкома? Нялёгкая была гэта справа для членаў сельскага Савета, якім з'яўляўся тады і Хведар Роўба. Тыя гады ён лічыўся серадняком — па колькасці сваіх дванаццаці гектараў зямлі. Было некалькі гаспадарак, багацейшых за яго, мелі па чатырнаццаць і пятнаццаць гектараў. Але што то былі за гектары? Змітрок Бядута, напрыклад, меў іх шаснаццаць, але жыў бедняком, бо рабіць на зямлі не было каму, два сыны не вярнуліся з вайны, сам быў стары і нямоглы. Ягоны надзел — дальняя прырэчная балацявіна за час вайны, рэвалюцыі і польскай вайны спрэс зарасла кустоўем і толькі што на паперы лічылася ворывам. Але недзе лічылася, і Змітрок самы першы атрымаў позву на цвёрдае заданне. Ён жа, Хведар, дык і не думаў ніколі, што яго можа напаткаць такі самы лёс, хоць і жыў збольшага спраўна, але ж які ён кулак? Адзін конь, дзве каровы, авечкі, свінчо — бадай як і ва ўсіх астатніх у Нядолішчы. Што былі гусі, дык сажалка ж у канцы гародаў. Цёк ручай з балацявінкі, неяк увесну яны з сынам запрудзілі яго ля мастка, нацякла ладная сажалка ды так і засталася. Але, мусіць, не тое вызначыла яго кулаком, а малатарня.
Хай яна спрахне, тая малатарня, навошта ён з ёю звязаўся! Малаціў бы, як і раней, цапамі, ужо не так шмат было таго збожжа, каб яго за зіму не абабіць на таку ў тры цапы. Дык не, захацелася, каб культурна, каб малатарняй…
Як цяпер помніцца, думку пра тое падаў сын Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і лічыўся сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Нядолішчы. Як ён стаў сакратарыць, у хаце паявіліся газеты і брашуры, некаторыя цікавыя часопісы, як «Бязбожнік», напрыклад. Звычайна сын быў дужа заняты дзень і чытаў толькі ноччу пры лямпе, а назаўтра што цікавейшае падсоўваў бацьку — то артыкул у «Беларускай вёсцы» пра падаткі і самааблажэнне, то выступленне таварыша Сталіна пра апазіцыю, а то брашуру наркома Прышчэпава пра культуру сельскай гаспадаркі. Хведар чытаў збольшага, не дужа ўсё разумеючы, але галоўнае ён цяміў спраўна: жылі сапраўды кепска, бедна, малакультурна, гаспадарку вялі няправільна. Гэта — вядома, на кепскае ён даволі нагледзеўся. Але як гаспадарыць правільна? Мусіць, каб правільна весці гаспадарку, аднаго ведання мала, патрэбны грошы, інвентар, угнаенні. Каб было больш угнаення на яго гектары, завялі другую кароўку, выгадавалі цялушачку, хоць малака для іхняй сямейкі хапала і ад адной галавы. Гады чатыры перад тым Хведар, можа, самы першы ў вёсцы, купіў у Полацку плуг — новенькі, фабрычны, афарбаваны ў сіні колер, з роўненька вытачанымі дубовымі ручкамі. Спрытны аказаўся плужок, адна радасць была араць ім, нават прыходзілі паспрабаваць суседзі. Пасля купілі плугі і яшчэ некалькі мужыкоў. Плугі ўсім падабаліся.