І вось неяк увосень позненька ўвечары прыходзіць Міколка. Стомлены, згаладнелы, у гразкіх ботах, аказваецца, быў на нейкай нарадзе ў раёне. Маці хутчэй міску на стол, ён з'еў троху і кажа: «Бацька, а давай купімо малатарню. Ёсць такая магчымасць праз патрэбкааперацыю. Грошы можна не разам — у россрочку». Хведар адказаў не адразу, падумаў. Канешне, яно б дужа не блага, тая малатарня, ён ужо бачыў такую ў суседняй вёсцы Шаўцы. Летась там тры ці болш гаспадаркі склаліся і купілі, казалі, добра малоціць, дужа давольныя былі мужыкі. І лягчэй, чым цапамі, і хутчэй. Але ж… Бы чула ягонае сэрца, чым тое можа абярнуцца. Ужо ведаў прыкмету: новае і небывалае ў сялянскім жыцці — часта пахне махлярствам ці дурасцю, і трэба папярэдне прыгледзецца, каб не ашукацца. Ён так і сказаў сыну, а той толькі засмяяўся: як гэта ад малатарні можа быць кепска? Гэта ж за тыдзень з малацьбой можна ўправіцца, не тое што ўсю зіму цапамі махаць. Яно так, канешне, думаў Хведар, ды ўсё маўчаў, вагаўся. Уранку, як Міколка пабег па сваіх камсамольскіх справах, асцярожна параіўся з Гануляй і вырашыў: купім. Пакуль не перакупіў хто спрытнейшы з якой іншай вёскі.
Малатарню прыцягнулі на трэці дзень пасля пакроваў. Памог швагер Тамаш, доўга ладзілі пад павеццю прывад з драўлянымі дышламі і жалезнымі прэнтамі перадачы. Адклаўшы свае камсамольскія справы, памагаў і Міколка, усё ж ён таксама разбіраўся ў сучаснай сялянскай тэхніцы. Урэшце ўсё наладзілі і апробавалі новую машыну. Ну, канешне, ніякага параўнання з цапамі — і хутка, і якасна. Праўда, народу для абслугі трэба болей, чым на таку; развязваць перавяслы, падаваць на стол, затым адзін машаніст, самы галоўны чалавек на малатарні, двое адграбаць зерне і прыбіраць салому. І яшчэ паганяць коней у паветцы. Чалавек шэсць, не меней, патрабавала да сябе тая малатарня. Але ўсё апраўдалася. Малацілі талакой, гаспадаркамі дзвюма ці трыма адразу, як калі складвалася. Хведар нікому не адмаўляў, меркавалі як хто хацеў, а плацілі, хто колькі мог. У залежнасці ад намалоту, канешне. Усё па добрай волі, што ж ён які эксплуататар для сваіх сяльчан? Мусіць, ён бы даў малаціць і дарма, але трэба былі грошы, усё ж малатарня каштавала не дзешава, і хоць узялі ў крэдыт, але сплочваць трэба было кожны квартал. Да каляд памалацілі ўсе суседзі і некаторая яго радня. Нават прывозілі з суседніх вёсак. Усім малаціў Роўба.
Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У наступную восень прыйшоў той самы сельсавецкі старшыня Сокур, з ім яшчэ нехта вусаты з раёна і апячаталі. Аказваецца, дапусціў ён эксплуатацыю, непрацоўны даход. «А як жа цяпер? Што будзе?» — пытаўся Хведар. «Што будзе, тое і будзе», — цьмяна адказаў вусаты, зашчапляючы свой пацёрты партфельчык. Яны ўдвух, не азіраючыся, пайшлі са двара, а ён моўчкі стаяў ля варот, ужо адчуваючы, што гэта — не страта малатарні. Гэта — пачатак і яшчэ большай бяды, што чорнай варонай закружылася над яго галавой. Міколкі ў той час ужо не было дома, месяцы два, як прызвалі на вайсковую службу, адправілі на далёкаўсходнюю граніцу. Прыслаў адтуль першы ліст, апісваў, як адказна і пачотна служыць на самай баявой граніцы, «у непасрэдсцвенным сапрыкаснавенні» з японскімі самураямі, і што давер родзіны ён апраўдае. Хведар скупа яму адпісаў пра іхняе жыццё, але пра малатарню не ўставіў ні слова. Хай сын служыць спакойна, апраўдвае давер родзіны.
А ў Нядолішчы на той час заварыліся малавясёлыя справы. Знайшліся зайздроснікі, як той Зыркаш, якія напісалі на яго за малатарню ажно ў Полацк — што абірае сялян. Але ж хіба ён абіраў?.. А як сталі размяркоўваць цвёрды падатак, адразу ўспомнілі тую матараню, і Сокур сказаў, што тут будзе па справядлівасці, на малатарні Роўба нешта заробіў. Хведар не ведаў, як адказаць: коратка адказаць ён не ўмеў, а доўга тлумачыць не было як. І выйшла так, што старшыня меў рацыю: заробіў Роўба ці не, але ў вёсцы другой малатарні не было, і цвёрды падатак прыляпілі яму законна.