Выбрать главу

Цяпер, падумаўшы, дык разумееш — на чарта яму здалася тая малатарня? Лепей бы, як спрадвек, малацілі цапамі, мелі б які-ніякі хлеб і сваё жытло. І не мелі б таго няшчасця, што, як з прорвы, абрушылася затым на яго сямейку.

Але, мусіць, тады нічога ўжо не ўратавала б, малатарня была толькі прычэпкай. Так ужо калі гружаны воз пахінецца ў калдобіне, дык, як ні хапайся рукамі, абернецца, адзін бок перасверыць другі. Тая малатарня была толькі апошнім давескам, які перасверыў яго і без таго нахілены воз жыцця. Бо яго пазначылі, як пазначаюць памаўзлівую скаціну ў статку, нейкая адзнака асаблівасці з'явілася на ягоным прозвішчы ў сельсавеце ці, можа, у раёне. Той цвёрды падатак — семдзесят пудоў збожжа ён неяк сплаціў, хоць падмёў усе хлебныя засекі ў клеці — вывез усё да першага сакавіка, як і прадпісвала абвестка. Галаднавата стала ў іх на стале, невядома, чым было засеяць яравы клін: засталося пуды два ячменю і трохі аўса. І ён не ведаў: ці прыкупіць астатняе, ці пазычыць у каго? Ён яшчэ не надумаў, як яму выкруціцца з ярыной, калі прынеслі новы, яшчэ болей цвёрды, падатак: на гэты раз восемдзесят пудоў збожжа і сто рублёў грашыма. Ён сказаў сабе: з глузду яны там з'ехалі, дзе ён гэтулькі возьме? Бегаў у сельсавет, ездзіў у раён да знаёмага сакратара Церабільнікава, які яшчэ з ягоным Міколкам разам працаваў у камсамоле, — скардзіўся, тлумачыў, прасіў. Не, не памагло нічога, сказалі: не сплоціш у срок, апішам усю гаспадарку, «в том чысле будынкі і жывёлу». Пабедаваў з тыдзень і пачаў хадзіць па радні, сваёй і жончынай, па хоць бы трошку заможных людзях у вёсках. Але ўсе нібы здранцвелі, аглухлі да чужой бяды, ніхто нічога не даў. Мусіць, кожны думаў, як выкруціцца самому, бо Роўба ўжо не першы быў абкладзены цвёрдым падаткам, чуў, такі ж падатак панакладвалі і ў іншых вёсках. Тады кінуўся прадаваць малатарню, абвясціў у вёсцы, у суседніх паселішчах. Ды ніхто не купляў, не пытаўся нават. Мусіў папрадаваць жывёлу, абедзвюх кароў, усе авечкі, дзвюх свіней. Дурны быў, не ведаў, што дарма ўсё гэта, не ўратуе і квітанцыя аб поўным разліку. Нічога, мабыць, ужо не магло ўратаваць, калі хтосьці надзяліў яго паганым з страшным словам «кулак».

Неяк тады, бегаючы па грошы, спаткаў у мястэчку Наэма, старога яўрэя, з якім калісьці меў справу, як купляў малатарню, ды заходзіў да яго і раней. Дружбы між імі вялікай не было, але Наэм мог пазычыць грошы і нават пачакаць, калі не выпадала аддаць, як дамаўляліся, ці замест рублёў мог узяць яйкі, масла ці нават пару мяхоў бульбы. Заўжды дзелавы, рухавы Наэм брыў па вуліцы, бы нічога не заўважаючы вакол. Усё ж Хведар павітаўся, і яны разгаварыліся трохі, і тады Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. Як Хведар паскардзіўся на сваю бяду, стары яўрэй узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе. «Я табе скажу: кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай. Куды? Няважна куды, — куды вочы глядзяць. Пасля позна будзе… Гэта табе кажа Наэм! Я ўсё кінуў і во з гэтым вандзэлкам іду на станцыю. Я тут не жыхар болей! Я — бежанец! Ты мяне паслухай, Хведар!»

Не, тады Хведар яго не паслухаў: як гэта ўсё кінуць? А зямля, гаспадарка? І куды падацца? Тут усе яго карані, вяскоўцы, радня — як ён можа з'ехаць куды ў непрытульны, нязнаны свет?

Ён пражыў у Нядолішчы яшчэ месяцаў дзесяць. Нярадаснае было тае жыццё, бясхлеб'е і посніца надоўга пасяліліся ў ягонай хаце. Хведар дык яшчэ неяк трываў, сцяўшы зубы, а Ганулька пачала часта плакаць, асабліва ўранку ля печы, як бралася варыць ежу і нешта трэба было ўсыпаць у чыгун, пакласці на патэльню. Для малой Волечкі хадзіла па малако ў вёску да Лёксы ці да Грачыхіных. Тыя ім спачувалі, перажывалі іхнюю бяду, бы сваю, і чым маглі памагалі. Мусіць, тады ён схадзіў і да Цыпруковага Зміцера, які трэці год быў вінен яму трыццаць рублёў грошай. Быў вінен з той малацьбы і не аддаваў, і Хведар не мог напомніць яму — было ўсё ж няёмка, бы ён дамагаўся чаго незаконнага. Дарма тады не паслухаў Ганульку, якая, калі ён сабраўся ўвечары да Зміцера, сказала: «Не ідзі! Хай яны згараць, тыя трыццаць рублёў, калі ён такі чалавек нягодны…» Мусіць, нягодны, нават напэўна так, думаў Хведар, але ж сам трапіў у нявыкрутку, як тут не пойдзеш. Пайшоў і, канечне ж, атрымаў дулю. Не меў грошы Зміцер ці не схацеў аддаць — хто яго ведае, толькі дужа нядобра пагаварылі яны, і Хведар, прыйшоўшы дамоў, зацята маўчаў да ранку. Яно, можа б, і нічога асаблівага, можа б, як і абышлося і без тых грошай, калі б гэты Зміцер не быў у актывістах камбеда. Калі пачалося самае страшнае — раскулачванне, менавіта ён і прапанаваў на пасяджэнні раскулачыць Хведара Роўбу. Як лішэнца і цвёрдападатніка. Што ж, яго паслухалі, Хведара выслалі. Правялі класавую барацьбу на вёсцы, а тая трыццатка так і засталася за Зміцерам. Хай карыстаецца на здароўе. Хведару не шкада грошай, толькі яшчэ болей сумна зрабілася ад таго на свеце.