Недзе ўгары свяціла негарачае сонца, вяршаліны елак воддаль ціха гарэлі ў ягоных бліскучых промнях. На іх голлі грэліся вароны, часам пералятаючы кудысь — на суседнія елкі, ці што? Унізе ж, пад ляшчыннікам, стыў сыраваты засень, было халаднавата, і Хведар колькі разоў ужо варочаўся то адным, то другім бокам, каб не дужа застуджацца ад зямлі. Ён прыдрамаў трохі, можа, з гадзіну ці больш, пасля апроч сцюжы яму стаў дапякаць голад, і ён сеў пад кустом. Карцела пайсці ў поле па бульбу. Можа, там ужо ўсё выбралі, людзей на палетку, мабыць, няма, і ён што-нішто знойдзе. Якіх дзесятак пакінутых у зямлі бульбін — то, мабыць, не будзе кража. А калі і кража, дык не дужа вялікая. Калгаснікі яму даруюць. Усё ж яны ўзялі ад яго болей — адна сядзіба чагосьці каштуе. Дый малатарня таксама. А яму спатрэбілася ад іх якое паўвядзёрка бульбы. Не так ужо і многа.
Устаўшы, ён памалу паплёўся між кустоўя алешніку, улез з завалены хворастам малады асіннік, ледзь выбраўся з яго. Трохі затрымаўся ў зарасніку высокага, у рост чалавека, малінніку са ссохлымі, счарнелымі ягадамі ў вецці, якія тут не ўсе вядзяўбалі птушкі, збіраў па адной, еў. Наедак, аднак, быў няважны, толькі хрумсцелі на зубах насенныя костачкі, маліны ўжо страцілі ўсю ранейшую слодыч. На сконе дня вылез з узлеску недзе паблізу ад таго бульбянога палетка на занятае азімінай поле і зразумеў, што занадта ўзяў управа, цяпер трэба ісці па ўзлеску назад. Толькі ён адышоўся мо з паўвярсты, як пачуў нейчы блізкі нягучны голас. Хведар стаіўся ў кустах, крадком паглядзеў наперад. Непедалёк на ўзлеску з вяроўчынай ў руках клыпаў згорблены, у рудым армяку стары, пасвіў рахманую чорную кароўку. Тая ўсё нацягвала вяроўку, імкнучыся па траву ў кустоўе, і стары зласнавата бурчэў на яе. Хведар прыгледзеўся з зарасніку, ці не знаёмы хто? Але не, мусіць, то быў незнаёмы. Напэўна, чалавек не з ягонай вёскі, можа, з якой суседняй. Хведар мог бы яго абысці лесам, ды ў яго раптам з'явілася думка: а можа, папрасіць хлеба? Калі той пасвіць тут зранку, дык, можа, запасся хлебам, можа б, і яму даў кавалак. Дужа хацелася хлеба.
Урэшце набраўшыся адвагі, ён выйшаў з узлеску і роўна пайшоў краем азіміны, усё цікуючы за пастухом. Той ужо мог яго ўчуць, але пакуль не звяртаў увагі, і Хведар падышоў зусім блізка, стрымана павітаўся. На яго зірнулі выцвілыя вочы старога чалавека з тварам, аброслым (зрэшты, як і ў самога Хведара) сівою блытанай шчэццю. Чалавек нібы паморшчыўся, разглядаючы яго, але не адказаў нічога. Тады Хведар павітаўся зноў.
— Ды чую, чую, — сказаў стары, шамкнуўшы бяззубым ротам. — Дзень добры, ну.
— Карову пасяцё?
— Карову, анягож. Не каня. Каня ўжо не пасу. Адпусціў.
— А самі адкуль жа будзеце? — запытаўся Хведар і сцішыўся. То было важнае для яго пытанне, каб вызначыць, можа ён пазнаць Хведара ці не.
— Ды вунь, з Ушатаў, — сказаў стары і ўважліва агледзеў Хведара. Убогі выгляд яго, аднак, здаецца, не ўразіў пастуха — той сам быў апрануты не лепш. Хведар з палёгкай расслабіўся. У дальняй вёсцы Ўшатах ён ведаў мала каго, таксама як і яго там мала хто памятаў.
— Можа, закурыць маеце? — раптам сказаў Хведар і не пазнаў свайго голасу, такі той стаў слабы і жаласны. Курыць ён зусім не хацеў — даўно адвык ад курыва, але не мог адважыцца адразу папытацца пра хлеб.
— Ёсціка, — сказаў стары і палез у сваю глыбокую кішэню. — Во самасеечкі трохі маю. Толькі запаліць няма чым.
— Запаліць, можа, знойдзем, — сказаў Хведар, аднак пашкадаваўшы, што завёў тую гаворку пра курыва — трэба было ашчаджаць запалкі. Усё ж яны скруцілі з жоўтай газеціны па невялікай цыгарцы, і Хведар дрыготкімі пальцамі асцярожна церануў запалку, ашчадна прыкурыў сам, пасля ўжо смялей даў прыкурыць старому.
— У калгасе, дзед? — запытаўся Хведар, як яны зацягнуліся па адным разе. Ад тае зацяжкі ў яго адразу закруцілася ў галаве, і ён ледзь не хіснуўся. Стары другі раз падазрона паглядзеў на яго.
— У калгасе, а як жа… Цяпер усе ў калгасе. А як жа…
— Няўжо і аднаасобнікаў не засталося?
— Аднаасобнікаў? — прыжмурыў адно вока стары і спытаўся: — А ты сам адкуль будзеш? Здалёк?
— Ды я… Нетутэйшы, — схлусіў Хведар. — Да радні іду.
Чорная карова памкнулася за куст на ўзлеску, пацягнула вяроўчыну, і стары мусіў пацягнуцца за ёй. Хведар паціху пайшоў следам.