Выбрать главу

— А там, адкуль ідзеш, хіба асталіся аднаасобнікі?

— Ды не, знаеце…

— І ў нас не асталося. Каторыя ў калгас не хацелі — вывезлі. Каторыя пасля і захацелі, тожа раскулачылі і выслалі. Кулакі, падкулачнікі, — мармытаў стары, з вяроўчынай у руках усё кіруючы за каровай.

— Ну а як жа ў калгасе? Ці багата?

— Багата! — сказаў адразу стары. — З вялікадня да Іллі траўку елі. З Іллі пачалі патроху бульбачку капаць. Ды што — на Іллю, якая там бульбачка! Арэхі…

— Во як?

— Ну. А што ж ты не ведаеш? Ці ў вас там не было голаду? — стары ўтаропіўся ў яго дакорлівым позіркам.

— Дык як вам сказаць? Было…

— Ну, аднаго і паратунку, што кароўка. Малачко! Ды і тое здаць трэба. Дзвесця літраў. І мяса, і яйкі. І воўну. Зімой асмалілі падсвінка, дык штрафу далі пяцьдзесят рублёў.

— За падсвінка?

— Анягож. За скуру. Скуру ж трэба здаваць. А ў вас хіба не такія парадкі?

— У нас? Ды як вам сказаць? Строга, але, можа, не так, — трохі збянтэжыўся Хведар — ён не ведаў, як адказаць старому. Ці ўсюды было так, як тут? Ці, можа, у іншых мясцінах было трохі інакш. Мусіць, стары гэта зразумеў па-свойму.

— Я і казаў: нідзе няма так пагана, як у нашым раёне. Нягоднае кіраўніцтва нягодныя людзі. Ці ж можна так: за якую нядоімку — апошнюю карову. А малыя? Як ім без малака? Памруць. Ці мала іх памерла ўлетку. І малых і старых. Во бадзяюся па лясах з гэтай, — ён тузануў вяроўчынай. — Каб не адабралі. Бо плаціць жа падатак няма чым.

— Бяда, бяда, — раздумна паспачуваў старому збянтэжаны Хведар, якому яшчэ ні з кім не давялося гутарыць аб тутэйшых парадках, даведацца, як жывуць гэтым часам ягоныя землякі. Стары быў першы, і яму хацелася шмат пра што папытацца ў яго, хоць ён і баяўся выклікаць якое падазрэнне да сябе — усё ж чужы чалавек.

— Бяда, анягож.

— Можа, трэба было паскардзіцца? Жалабу куды напісаць? — асцярожна параіў Хведар.

Стары зласнавата ўхмыльнуўся ўсім сваім касмылявым тварам.

— Каму жалабу? Начальству? Дык яны ж самі ў нас як звяры. Прыедзе каторы… Вунь гэны Роўба: усё мацюгом ды пагрозай, Сібірру палохае…

Хведар знянацку адчуў, як закалыхалася пад ім зямля і коса паплыло кудысь поле.

— Роўба?

— Ну, Роўба. Цяпер жа ён парцейны сакратар. Малады, а нібы той цівун! Ад бацькі адмовіўся. Бацька ж яго раскулачаны ў Нядолішчы, дык адмовіўся. Казалі, і прозвішча меўся мяняць, каб анізвання…

Хведар, здалося, уязджаў у зямлю, якая ўсё плыла, гойдалася навакол. Ён ужо кепска чуў, што яшчэ казаў стары, які гаварыў і гаварыў — скардзіўся, мабыць, на парадкі ў раёне. Хведар яго не слухаў. Ён так нечакана ўчуў тое пра сына, з такім нутраным болем уразіла яго тая навіна, што ён анямеў на хвіліну. Болей не мог ні пра што пытацца, толькі самотна паглядзеў на шырокі абсяг руні, за якой на пагорку віднеліся стрэхі недалёкай вёскі, і моўчкі пайшоў па ўзлеску. Пра хлеб так і не папытаўся… Ён ужо не мог нічога прасіць, пайшоў прэч, як пабіты сабака. Ішоў і думаў: нашто прыйшоў сюды, зачапіў гэтага старога! Лепш бы ён не ведаў нічога ні пра тутэйшае жыццё, ні пра сына. Жыў бы, як раней, аднымі сваімі бедамі, што гадамі насіў у сабе. Нашто яшчэ да іх дадаваць і гэтыя? Як з імі жыць у сваёй спарахнелай душы?

Хаця якое ўжо там жыццё…

Зусім няўцямны да наваколля, ён далёка адышоўся па ўзлеску ад старога з каровай, ні разу не азірнуўшыся на яго; пасля зайшоў глыбей у лясцвяны лес і апусціўся ў высокую папараць. Тое, што ён чуў пра сына Міколку, напачатку бянтэжыла, збівала з тропу. Ну хай адмовіўся ад раскулачанага бацькі, навошта ж так да людзей? І яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага? Як тады жыць у будучым? Што ён скажа сваім дзецям, калі тыя будуць у яго? Дужа яму няпроста было зразумець сына, якога ён не бачуў сем год, і тое, што ён пачуў пра яго, адно бянтэжыла і абурала.

Малы Міколка быў жаласлівы да жывёлы, неяк усю зіму трымаў у клетцы пад ложкам бедалагу-курачку, якая зламала нагу. Дужа шкадаваў маці, як тая хварэла на рожу. А як вырас, мусіць жа, гэтак аддана палюбіў камсамол. Можа, і не сам камсамол, як тую гарластую мітусню, якой з захапленнем займаліся маладыя — ад суму і самоты, — седзячы зімой у цёмных, завеяных снегам вёсках. Усё нешта выдумвалі, выконвалі, засядалі, абмяркоўвалі і прымалі рэзалюцыі. З усёй іх ячэйкі асабліва актыўнічалі Міколка і ягоны аднагодак Шурка, адзіны сынок у бяднячкі-ўдавы Міхаліны. Аднойчы яны прынялі рэзалюцыю, каб зняць абразы. Канешне, дамагчыся таго ва ўсёй вёсцы, як ім хацелася, хлопцы не мелі сілы, тады пастанавілі зняць хоць бы ў сваіх бацькоў. Тое было прасцей, але, мусіць, таксама не надта, бацькі іх не дужа слухаліся. Хведар глядзеў на хлапечую задуму даволі памяркоўна — што тыя абразы! Праўда, вісяць у куце, нікому не замінаюць, але і карысці з іх таксама няма ніякай. А Гануля заўпарцілася, і Міколка яе ўгаворваў ад каляд да самага вялікага посту. Усё ж дамогся, аднойчы пазнімаў і абразы, і ручнікі з іх, замест павесіў партрэт Карла Маркса; ручнікоў, аднак, вешаць не стаў. З таго часу вісеў у куце барадаты чалавек, таксама ні карысці з яго, ні шкоды. Міколка ж быў задаволены, ну і добра.