І тут пад вясну выпадкам камсамольскі сакратар дазнаўся, што ў Шуркі застаўся адзін абраз, вісіць на покуці. Міколка сабраў камісію з трох чалавек, і яны пайшлі ў хату да Шуркі абследаваць. Аказалася, што так яно і ёсць, як казалі: абраз архангела Гаўрыіла вісіць сабе, дзе і вісеў, Міхаліна, Шуркава маці, плача, нізашто не дае знімаць, і Шурка нічора зрабіць з ёй не можа, такі аказаўся мяккацельны камсамолец. Міколка тут паставіўся крута. Думалі, ён скіне абраз, а ён абраз не чапаў, а сабраў камсамольскі сход і, не зважаючы на даўняе сяброўства, дамогся, што Шурку выключылі з камсамола. Хведар трохі падзівіўся з таго і неяк увечары мякка папракнуў сына. Сказаў, ці не занадта сурова яны паставіліся да свайго ж вясковага хлопца, як Міколка яму адказаў з нечуванаю раней строгасцю ў голасе: «Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок!» — «Ну-ну!» — зважліва сказаў сабе бацька і пайшоў па сваіх хатніх справах. На тыя сынавы клопаты ён глядзеў тады, бы на дзівацтва малых. Малое — дурное, падрасце — паразумнее.
Мабыць, аднак, паразумнеў па-свойму.
Разважыўшы, Хведар пачаў спакайнець, думаць інакш: а можа, цяпер так і трэба. І ў ссылцы ён даволі нагледзеўся на ўсялякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую строгасць і жорсткасць без мэты, ці якія мелі адну мэту — здзек. Але дабрыня, мусіць, там, дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэйшых да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня! Мусіць, навек адышла дабрыня з мінулым часам, на змену ёй паявілася нешта новае — жорсткае і няшчаднае. Ягоны разумны Міколка, мабыць, хутка засвоіў тое. Калі ён цяпер стаў такі, значыць, такім стаць было трэба. Асабліва калі ён не па сваёй злосці, а з дзяржаўнай патрэбы. Значыць, іначай нельга. А што выракся бацькі… Крыўдна, канешне, і балюча, ды што зробіш? Можа, ён адрокся таму, што бацька быццам памёр і ніколі не дазнаецца пра тое. Прынамсі, для яго, сына, сапраўды памёр, калі за шмат год ад таго — ні ліста, ні якой выпадковай весткі. Можа, так сыну лепей. Зноў жа — кулак!.. Мабыць, бацьку ўжо тым не нашкодзіць, а сын пажыве, можа.
І ўсё ж было крыўдна, балюча было Хведару, хоць плач.
Калі пачало вечарэць, ён падняўся з папараці, агледзеўся. Скрозь у целе была вялікая слабасць, ногі зрабіліся тоўстыя, бы кулі (ці не пачалі пухнуць?), і неяк цягнулі ўніз. Ён зноў памалу пайшоў праз гушчар на ўзлесак і па-над рунню патупаў у бок бульбянога палетка.
Сонца тым часам ужо сышло з небасхілу, схавалася за вяршаліны лесу, але неба над полем яшчэ поўнілася ягоным нізкім святлом, у якім вольна плылі кудысь пульхныя аблокі. Як Хведар і прадбачыў, бульбу на палетку ўжо ўсю выбралі, ні жанчын, ні коней нідзе не было відаць, толькі воддаль бугрыўся адзіны, накрыты саломай бурт. Ну але бурт яму не патрэбны. Трохі адышоўшыся ад канца загона, Хведар разгроб рукамі ўзараную баразну, калупаўся ў зямлі. Не, тут не было нічога, мабыць, усё падабралі. Тады ён адышоўся далей, перагарнуў у двух-трох месцах зямлю, знайшоў перарэзаную лемяхом палавіну бульбіны. Падняў галаву, агледзеўся — быццам нідзе нікога. Ён прайшоў трохі ўбок па загоне, дзе валялася ў барознах раскіданае каліўе бульбоўніку, падумаў, што, можа, што-нішто засталося. Капаў у некалькіх месцах, а знайшоў усяго чатыры бульбіны. Канешне, можна б дайсці да недалёкага ўжо бурта, набраць там у кішэні, але ён не хацеў надта аддаляцца ад ягонага выратоўцы-лесу. Дый зноў жа — красці калгаснае? Красці ён не хацеў, ён мог толькі ўзяць пакінутае, нічыё, што спрадвеку людзі не лічылі за грэх. Цяпер тым болей. Таропка пакапаўшыся ў зямлі, знайшоў яшчэ тры невялічкія бульбіны і спалохана азірнуўся. Ад узлеску ў напрамку да яго шырока сігалі па бульбянішчы дзве мужчынскія постаці. Сцяміўшы ўсё адразу, ён выпусціў з рук толькі што знойдзеныя бульбіны і таропка падаўся ўбок — наўкось цераз палетак, да лесу. Тыя таксама збочылі яму наперарэз — адзін пажылы, у ватоўцы і ботах, а другі, маладзейшы і цыбаты, у кепцы на галаве з даўгім насунутым на лоб казырком. Хведар ужо зразумеў, што справа яго — дрэнь, што тыя ловяць яго. І ён, што было сілы, пабег да ўзлеску, але не наўпрост, а беручы ўбок, усё ж трохі наперадзе яго даганятых. Ягоныя пасталы чапляліся за раскіданае каліўе бульбоўніку, ён ледзьве трымаўся на аслабелых нагах; чатыры бульбіны нялоўка боўталіся ў кішэні. Крокі яго, мусіць, былі куды карацейшыя, чым тых двух, што шырока сігалі яму напярэймы ад лесу. І ён спалохаўся, што не ўцячэ — дагоняць. Але няўжо яны сапраўды будуць яго лавіць, не адстануць? У нейкі момант яму ўдалося іх трохі апярэдзіць, ён амаль дасягаў бярозавага мыска на ўзлессі, з'явілася выратоўчая надзея — а раптам? Яны ўжо нібы заставаліся ззаду, як той першы пагрозліва закрычаў здаля: