Папаліся яны па-дурному, выпадкова; тут, канешне, ні Вугор, ні хто іншы не быў вінаваты. Увечары каля невялічкай таежнай рачулкі напаткалі пакінутую паляўнічую хатку, зайшлі, думаючы чым пажывіцца, але марна, нічога здатнага ў ёй не знайшлі. Начаваць там не адважыліся, адышліся вярсты дзве і ўжо ў прыцемку, дашчэнту змораныя, не распальваючы цяпельца, паклаліся радком на мяккім моху ў хвойніку. На світанні іх і паднялі пад рулямі дзвюх стрэльбаў. Пасля аказалася, што ўчора ля тае хаткі іх згледзеў тутэйшы паляўнічы, сказаў брату і яны ўдвух дагналі ўцекачоў. Усё адбылося нечакана, знянацку; каб яны мелі трохі больш часу, дык, можа б, як выкруціліся. Але не паспелі яны апамятацца, як прыйшла фурманка, і іх адвезлі на лесаўчастак, адтуль на прыстань, у камендатуру. Браты-паляўнічыя, мабыць, атрымалі сваю ўзнагароду, а яны апынуліся ў становішчы яшчэ горшым, чым да ўцёкаў. Хведар дужа перажываў ад таго, проста счарнеў з твару ад гора і нават не ўзяў свой кавалак хлеба, які ім кінулі ў каталажцы. Вугор тады, неяк адразу страціўшы свой звычайна добразычлівы тон, буркнуў: «А табе чаго кіснуць? Табе дык радавацца трэба». — «Як?» — не зразумеў Хведар. «А так! — нядобра засмяяўся яго таварыш. — Што кабаном не стаў». — «Якім кабаном?» — усё не разумеў Хведар. «Не ведаеш якім? Во, у тым уся справа, што ўжо не ўведаеш».
Хведар тады так і не зразумеў нічога. Толькі пасля, як яго вярнулі ў яшчэ горшае пекла — на тарфянішча за Сыктыўкарам, неяк у размове з вушлымі зэкамі ён папытаўся, што значыць гэтае слова, і ў яго пацямнела ўваччу. Аказваецца, так звалі таго наіўнага дзівака, якога падбівалі на ўцёкі, каб, калі скончацца прыпасы, пахарчавацца ім у тайзе. Гэта і ёсць кабан.
А ён столькі часу быў удзячны Вугру. Ён проста яго палюбіў найперш за давер і ўвагу. Так той апекаваў свайго кабана… Ну але ж гэта Вугор — закаранелы злачынец, забойца, чаго іншага было ад яго чакаць. А як во жыццё паставілася да чалавека, бы той Вугор, — неміласэрна, жорстка і вераломна?
А можа, гэта яму пакаранне за бога? За абразы, якія ён маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты? Спярша Ганулька іх прыхавала на гарышчы за комінам, але Міколка, дазнаўшыся, дастаў адтуль і пабіў аб вугол за свірнам. Маці плакала, а ён, Хведар, не ведаў, як паставіцца да таго. Трохі было і шкада святых, з якімі мінала жыццё, але зноў жа — калі тое робіць сын ад імя ўлады… Усё ж уладзе ён верыў. Лічыў, што там недзе, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя і справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без бога народу лепш, дык, мабыць, гэтак і трэба. Чаму лепш — ён зразумець не мог. Але ці шмат ён тады разумеў наогул, маючы ўсяго дзве зімы царкоўнапрыходскай школы. Затое ягоны сын меў аж сем класаў, мабыць, ужо ён разумеў больш.
Аднак жа бог пакараў яго, а не сына. Сына ён узнагародзіў быццам… А калі пакарае і сына?
Дождж і праўда ўсчаўся. Дробнае дажджавое сяйво з парывістым ветрам хвалямі хадзіла па лесе, асыпаючы ельнік; схавацца тут ад яго не было дзе. Мусіць, трэба было перайсці пад вышэйшую яліну, але навокал ляжала такая цемра, што было боязна ўстаць, каб не выкалаць вочы. Такой ноччу добрыя людзі па лесе не ходзяць, думаў панылы Хведар. Часам дождж пераставаў, нібы сціхаў зусім, добра, аднак, намачыўшы траву, абвіслае голле ялін, Хведаравы галаву і плечы. А затым пачынаўся зноў. Хведар ужо не кранаўся з наседжанага месца і не клаўся долу — сядзеў, згорбіўшыся і раз-пораз падрыгваючы ад сцюжы. Хоць было холадна, мокра і няўтульна, але ён трошкі адхалонуў душой — усё ж ноччу можна было не баяцца. З зацятым неспакоем ён чакаў золку, бо не ведаў, куды падацца ўдзень, дзе раздабыць харчу. Ды і наогул… Адчувала ягоная душа, што дзень прынясе новыя трывогі. Хоць бы не прынёс бяды.
Мусіць, аднак, пад раніцу дождж перастаў. Вецер жа ўсё не сціхаў — трэс долу дробныя кроплі з вецця, і ў лесе здавалася, што гэта прадаўжаецца дождж. Але неба над ельнікам паяснела ўжо, хоць і было змрочнае і хмарнае, — сумнае неба непагоднага восеньскага дня. Менавіта ў той час дзесьці паблізу пачалі каркаць вароны — так заўзята, што, здавалася, чутна было ва ўсім лесе. Нейкая невыразная трывога ішла ад гэтага іх нязмоўчнага крыку, і Хведар са злосцю ўслухоўваўся, думаў — якога д'ябла яны раскаркаліся? Ён ужо хацеў быў устаць і пайсці ў той бок, прагнаць іх, ці што? Але не было сілы ўстаць, хацелася сядзець так і сядзець, можа, нават прылегчы пасля тлумнай бяссоннай начы. Памалу развіднела, і ў лесе зблізку сталі відаць яловыя галіны, натапыранае сухое суччо ля камлёў, голы, абсыпаны ігліцаю дол. І раптам на гэтым доле ў ельніку з'явіўся аднекуль заяц, сюды-туды пакруціў вушастаю галавой, прысеў на заднія лапы і пярэднімі пачаў дбайна аціраць вусатую пыску. Хведара ён не бачыў ці, можа, палічыў за пень, і той не рашыўся варухнуцца, каб не спалохаць жывёліну. Мабыць, гэта яму ўдалося. Непатрывожаны заяц паволі, бы ў роздуме, праскакаў за пяць крокаў ад яго і схаваўся недзе ў ельніку.