Выбрать главу

А вароны ўсё надрываліся — нападалі на каго ці проста сварыліся ў сваёй варонняй зграі, — мусіць, таксама нейкія ў іх непаладкі, падумаў Хведар. Як у людзей. Але, мабыць, такіх, як у людзей, не бывае ні ў якіх істотаў. Тыя калі дзяруць каго, дык каб з'есці, а гэтая — хіба каб задзерці і кінуць. І ўзяцца за наступнага. Усё ж лютая істота чалавек!

Можа, ён так і сядзеў бы ў тым ельніку, дзе было хоць і мала ўтульна, але ціха і спакойна, калі б не голад. Голад падцінаў ягоны жывот, аж балюча было пад грудзямі, і ён усё думаў-думаў: ну што б знайсці з'есці? У лесе, мабыць, ужо нічога знайсці было нельга, хіба што грыбы. Грыбоў ён мог бы тут назбіраць, асабліва на імшарыне каля балота, ды сырыя іх не з'ясі, а ўдзень паліць касцярок ён асцерагаўся. І тады ягоныя думкі ўсё часцей пачалі туліцца да вёскі, да той ігрушыны на ўзлеску, ля якой ён ужо частаваўся. Грушкі былі нічога сабе, мо з гэтай начы нападала болей, мабыць, варта туды схадзіць.

Ён добра намок, пакуль выбраўся з ельніку, — кожная яліна сыпала на яго жменю сцюдзёных кропляў, нізкае вецце выцірала сваю дажджлівую вільгаць аб яго і без таго змакрэлую вопратку. Ну але што зробіш — трэба было трываць. Макрэдзь і сцюжу трываць было звыкла, каб яшчэ навучыцца гэтак жа трываць голад. Ды голад, мабыць, не можа стрываць ніхто. Ні чалавек, ні жывёліна. Голад — гаспадар над усімі.

Хведар памалу ішоў па лесе, выбіраючы болей адкрытыя, без падлеску мясціны, усё ж каб меней мокнуць ад вецця. Чамусьці ён падумаў з цікаўнасцю: які сёння дзень? Зусім згубіў лік дням і не мог адрозніць святое нядзелі ад будняў. З сённяшняй ночы пасялілася ў яго адчуванні нейкая загадкавая туга. Ён не ведаў, чаму так — ці ўчора надта засмуціла нядобрая вестка пра сына, ці ўсур'ёз растрывожылі тыя пярэймы на бульбянішчы? Ці яшчэ што. А мо во гэты варонні гвалт, які і цяпер чуваць быў адсюль, з старога лесу. Мабыць, не падзяліла чаго вараннё, думаў Хведар.

Усё ж ягоны слых за гэтае бадзянне па лясах стаў дужа чуйны, ён выручаў не раз, не падвёў слых і цяпер. Яшчэ не дайшоўшы да ўзлеску з грушай, Хведар заўважыў якійсь неспакой на ўзлессі, а затым і спыніўся. З-за кустоўя ўжо віднеліся слупы на дарозе, зялёныя лапікі руні, шэры восеньскі ўзмежак. Якраз на гэтым узмежку непадалёк ад ігрушыны стаялі два чалавекі — адзін у шэрым будзённым пінжаку, а другі ў такой жа рудой, як і ў яго, саматканай паддзёўцы, — адзін другому даваў прыкурыць. Як той, што прыкурваў, падняў ад запалкі галаву, Хведар адразу пазнаў Міхалінінага Шурку, маладога хлопца, Міколкавага дружбака, якога некалі выключылі з камсамола. Другі стаяў да лесу спіной, і Хведар не мог разгледзець яго. Пасля, закурыўшы, абодва яны ўставіліся позіркамі некуды ўбок, адкуль данеслася некалькі слоў нягучнай размовы, і Хведар таксама пасунуўся за кустом. Яму адкрыўся наўкось добры прасцяг узлесся і на ім чалавек шэсць, што пасталі ў рад крокаў праз дваццаць адзін ад аднаго — чагось чакалі. То былі ягоныя аднасяльчане, маладзейшыя і двое старэйшых. У бліжэйшым з гэтага раду Хведар пазнаў Міхася Майстронка, што жыў якраз насупроць ягонае сажалкі, і Хведаравы гусі часам рабілі на ягоным гародзе шкоду; тады між імі былі дзве ці тры малапрыемныя сутычкі, а так жылі між сабой някепска. За ім таптаўся па ўзмежку схуднелы і пастарэлы, з сівымі скронямі пад чорным картузом Лёкса Саўчык — у даўгім армяку, з пугаўём у руках. Божа, во і сустрэўся, пабачыўся, паныла падумаў Хведар. Але чаму яны тут пасталі, каго чакаюць? І тады яму бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны — па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне. Як зімой палююць на воўка з сцяжкамі. Толькі гэтыя цяпер без сцяжкоў. Бо ён не воўк — ён чалавек, з ім можна і прасцей.

На дрыготкіх нагах Хведар паціху патрухаў у глыб лесу. Усё ў ім калацілася ад крыўды, ад прадчування хуткай бяды. І нічога не зробіш, нічога не скажаш, нічым не апраўдаешся. Ён мог толькі бегчы, уцякаць, як звер. Але не як чалавек. Чалавек бы не ўцякаў ад людзей, ён бы нешта сказаў, і яго б паслухалі. Значыць, ён ужо не чалавек. Ён дашчэнту расчалавечыўся.

На пагорачку ў змяшаным рэдкалессі ён павярнуў управа — убок да бальшака і поплаву, туды, адкуль ён прыйшоў тры дні назад. Мабыць, пакуль была такая магчымасць, трэба ўцякаць з гэтага лесу, лес для яго ўжо не прытулак. Лес цяпер іхні. У ім яны хочуць злавіць яго — і тады… Не, усё ж ён не дасца. Пакуль ёсць сілы, ён іх апярэдзіць. Ён не дасць вярнуць сябе туды, адкуль з такім намаганнем вырваўся. Туды ён не вернецца.