Выбрать главу

Якраз набліжалася вясна, на пагорках ужо раставаў снег, хаця ў той нізінцы за пасёлкам яшчэ ляжаў тоўстым, зацвярдзелым пластом. Хведар гадзіну шкрабаў яго рыдлёўкай, пасля дзёўб кайлом мёрзлую глебу. Выкапаў неглыбока, можа, да паясніцы, не болей, але капаць далей не ставала сілы, а найбольш — не было часу, ён дужа баяўся спазніцца, не паспець да паўдня. Кінуўшы ўсё на могілках, пабег майстраваць якую-небудзь труну. Майстраваць ён збольшага ўмеў, рукі змалку былі прывучаны да няхітрага цяслярскага інструменту, але трэба былі дошкі. Загадчык гаспадаркі, да якога ён сунуўся ў прыбудоўку са сваёй патрэбай, корпаўся над паперамі ў доўга маўчаў; у парозе маўчаў Хведар, цярпліва чакаючы ягонага слова. Урэшце загадчык устаў, натаропка закурыў і з вялікаю неахвотай пасунуўся на задворкі, дзе былі складзены дошкі. Тут іх, прысыпаных снегам, ляжала багата штабялёў — тоўстых і тонкіх, дваццатак і сараковак, іншага пілавання таксама. Але гэты змрочны чалавек паказаў яму на канцы гарбылёў, што тырчэлі з-пад снегу, і сказаў праз зубы: «Во цягні. Пяць штук, не болей».

І Хведар пачаў выбіраць што-нішто лепшае з тых сырых, умерзлых у снег гарбылёў. Выцягнуў пяць штук, сукаватых і неашкораных, і, сашчапіўшы зубы, павалок іх да барака, дзе як-колечы збіў труну. Плакаць хацелася ад крыўды, зірнуўшы на тую труну, у якой наканаваў бог Ганульцы знайсці свой апошні спачын.

Хавалі ўдваіх з Банадысіхай, іншых браць з працы не дазвалялася. Удваіх паклалі цяжкую намёрзлую труну на вадавозныя сані, Банадысіха з Волечкай умасціліся абапал, а ён памалу павёў за аброць старую падслепаватую кабылу на ваколіцу. Лацвей, везці было недалёка. Банадысіха ззаду ціха бубніла малітву, а ён, спакутаваны і знясілены, думаў, што трэба і яму следам. Жыць так, як яны жылі тут, было нельга, лепей памерці. І, мусіць, памёр бы, калі б не Волечка. Дзяўчынцы ішоў дзесяты гадок, удалася яна не па-дзіцячы разумная, сур'ёзная, ніколі не ўсміхнецца, бывала, і ён думаў: мо хоць яна дажыве да чаго лепшага. Вельмі хацеў, каб яна дажыла. Ды не збылося тое і ў Волечкі…

Але што было рабіць далей, ён не мог даўмецца. Ён збіўся з панталыку ў гэты вечар на сваім котлішчы і стаяў, бы аглушаны, раптам страціўшы ўсе жаданні. Галоўнае — страціў мэту, якая вяла яго праз доўгія тыдні праз усе нягоды і пакуты сюды, на родныя гоні, у свой кут. Што яго чакае тут, ён, бадай, не думаў, усё былое стала для яго няважным. Нядаўна яшчэ галоўным было — дайсці, хоць дапаўзці, каб хоць адным вокам зірнуць і памерці. О, памерці тут, знайсці вечны прыстанак у родным кутку было б найвялікшым шчасцем, пра якое ён не адважваўся і марыць…

Але што рабіць, пакуль ён жывы, куды падацца? Пайсці да каго ў вёску ён не меў права, каб не наклікаць на людзей бяды ды і сябе не выдаць міліцыі. Пакуль яго ніхто з вёскі не згледзеў, ён мог разлічваць на нейкую тут волю, якая адна яго і натхняла, давала жыць. А калі ўбачаць, пазнаюць, мусіць, тады ўсё і скончыцца. Тады зноў тое, што горш за пагібель. Тады ўжо хай смерць. Але цяпер ужо ў сваім кутку. Ужо да смерці яго адгэтуль не вытураць.

Тым часам зусім сцямнелася, усчаўся настырны вецер, і Хведар стаў зябнуць, аж скаланацца ад сцюжы. Дзе было затуліцца ад ветру? Хоць бы пакінулі якую пуньку, паветку, хоць бы сабачую будку, дзе жыў іхні Лабацік, ласкавы малады сабачка, прыдбаны на хутар незадоўга да іх высылкі. Дык не, не пакінулі нічога. Спрэс пустка і разарэнне. Але і ісці яму адгэтуль не было куды, і ён не ішоў. Доўга непрыкаяна тупаў сюды-туды ў быльніку, азіраў цёмныя зараснікі дзядоўніку і крапівы. Узлез на печышча, пастаяў і сеў, бо стаяць ужо не ставала моцы, балелі ногі. Сядзеў, думаў. Пра былыя гады і былыя клопаты. Пра дурныя, няспраўджаныя надзеі. Пра жонку Ганульку. Як закладвалі зруб хаты, пад чырвоны вугол паклалі царскі рубель і повязь — яе і яго матузы. На багацце і каб жылі добра, не сварыліся і не разлучаліся. Яны і не разлучыліся да самай яе смерці. Добрая была жанчына: і працавітая і зважлівая. Хведар не памятаў нават, ці пасварыліся калі. А шчасця было так мала. Але ці па іхняй віне? Такое выдалася жыццё. Толькі дражнілася шчасцем, а ўволю надзяліла работай, турботамі і бядою. Думаў: хай, яны стрываюць усё, можа, хоць дзецям будзе лягчэй. Усё ж займелі зямлю, батракамі не будуць, як некалі батрачыў ён, Хведар. І праўда, сынок Міколка надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам. Ажно люба было глядзець, як ён гнаў баразну новенькім сінім плугам ці на касьбе ішоў у радзе дарослых мужчын. Ды неўзнарок неяк улёг у навуку — спярша ў школе, затым — як уступіў у камсамол. І ўсё — сходы, мітынгі, спрэчкі. Стварылі ячэйку і прызначылі яго сакратаром. Стала не да гаспадаркі… Але бацька ўсё думаў: хай! Можа, выйдзе ў людзі, а ён ужо як-небудзь пераб'ецца і без памагатага. Ведама, лягчэй не стала. Асабліва калі той перабраўся ў раён і зусім забыўся на дарогу ў Нядолішча.