Выбрать главу

Затым ён спыніўся і пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, ці не падасць дзе голас сабака. Але сабакі пакуль што маўчалі ці іх зусім не было ў вёсцы. Іх не было і раней, успомніў Хведар, хіба што на хутарах, у мястэчку. Вяскоўцы ж па сваёй беднасці лічылі за лепшае карміць лішняга свінёнка, чым трымаць сабаку. Мабыць, і цяпер так. Не забагацелі яго вяскоўцы. За рэдкім вішаннікам ля садка ўрасла ў зямлю нехуцавая будыніна з голымі рабрынамі крокваў — зусім без страхі. Відаць, тут ужо не жылі. Але дзе ж тады мнагадзетная сям'я Івана Пагарэльца, то ж была ягоная хата, падумаў Хведар. І яшчэ адну хату з чорным праваллем пустых вокнаў згледзеў ён за парканам, — напэўна, пакінутае жытло. Другая ж поруч утульнай завалінкай выпнулася на самую вуліцу, дзе колісь любілі пасядзець мужчыны, але цяпер пад яе скасабочанай сцяной пахіла тырчэў рад колляў-падпорак, каб не ўпала. Тут некалі жыў адзін самы гарласты актывіст камбеда, худы і вялізны, бы жардзіна, Зміцер Цыпрукоў. Ужо ён, напэўна, заслужыў лепшае хаты пры Савецкай уладзе, бо быў, мабыць, самы бедны ў вёсцы. Ды, мусіць, не заслужыў, калі дажыўся да такой во — коллем падпёртай хаціны.

Улезшы ў свежыя каровіны лепяхі, Хведар сышоў трохі ўбок, бліжэй да плота. Усё ж ён баяўся, каб з кім не сустрэцца, каб хто не пачуў яго тайную хаду злодзея. Але на начной вуліцы не было нікога, мусіць, вёска добра заснула. Толькі за сценамі бліжніх хлявоў часам уздыхалі-варушыліся сонныя каровы, ды раз у падворку на тым баку ціха стукнулі дзверы, — мусіць, нехта выходзіў па патрэбе. Ціхенька ступаючы па мяккай зямлі, Хведар мінуў знаёмую вуліцу і дайшоў да могілак.

Як і заўжды, тут панавалі ціш і спакой, хвоі сумна гулі ўгары. Зблізку бялелі свежыя крыжы ля дарогі — два большых і некалькі нізенькіх, дзіцячых. Ён трохі пастаяў ля штыкетнічка-агароджы і, знайшоўшы праход, не без хвалявання ступіў у гэтае паселішча мёртвых. Ведаў, ад праходу трэба падняцца на пагорачак, дзе хавалі даўней і дзе ён памятаў кожную магілку. Ад вуліцы ж (трохі відаць было ў змроку) магілкі занялі ўсю нізінку, далёка выйшаўшы з-пад хваёвых шатаў. Гэтых ён не ведаў ніводнай. А там, на выспачцы, колькі ён памятаў, стаялі чорныя дубовыя крыжы Шулякоў — бацькі і трох сыноў, род якіх быў, можа, самы стары ў Нялолішчы. Расказвалі некалі, што гэты сямы першы Шуляк, прыйшоў сюды з літоўскай зямлі і быў знакаміты сілаю. Праз тую сілу ён спаткаўся і з маладзенькай дзяўчынкаю, пакаёўкаю тутэйшай паненкі, да бацькі якой чагось прыязджаў той літоўскі пан, кучарам у якога служыў Шуляк. Аднаго разу, як ён запрагаў коней у брычку, з-за рога стайні выскачыў панскі бык, раззлаваны чырвонаю спаднічкаю пакаёўкі, і прыезджы фурман паказаў сваю сілу, скруціўшы таму быку рогі. Мабыць, тады ён і паклаў вока на маладую служанку. Яе паненка, адзіная панская дачушка, відаць, так даражыла ёю, што ўгаварыла бацьку аддаць тры прыгонныя сям'і за аднаго кучара, каб толькі не разлучацца з пакаёўкаю. Затым, пажаніўшыся, яны доўга жылі ў маёнтку, нажылі шэсць сыноў, тры з каторых ужо другое стагоддзе ляжалі цяпер поруч з бацькам пад смалянымі камлямі таўшчэзных хвояў. А насупраць ад іх трошкі ніжэй высіўся металічны буданчык з прыгожымі чыгуннымі слупкамі, павітымі таксама чыгунным лісцем вінаграду. Там ляжала мармуровая пліта на магіле маладога пана-паручніка, які, дужа паранены на вайне з германцамі, сканаў у сваім маёнтку. Цяпер, вядома, нікога з паноў не засталося, занядбаная магілка абрасла пустазеллем, а ў паржавелым буданчыку часам поркаліся пастушкі ці вясковыя падшыванцы, хаваліся ад дажджу прахожыя. Па другі бок ад яе, між дзвюма сукаватымі хвоямі, быў невялічкі пляц іхняга роду Роўбаў — і дзяды, і яго, Хведара, старыя, малодшая сястра Тэкля, двое малых, што яшчэ перад вайной памерлі ад дыфтэрыту. Крайняй была магілка ягонага брата Пракопкі, годам маладзейшага за Хведара, добрага, ласкавага мужчыны, які так і не ажаніўся і нікога не пакінуў пасля сябе. Сканаў у васемнаццатым ад тыфусу, калі Хведар буў у германскім палоне. Так і не пабачыліся браткі аж з чатырнаццатага, як абодвух узялі на вайну. Было б добра і яму прымасціцца побач, месца было, калі што, можна б трохі пацясніць суседнюю магілу, мабыць, той не пакрыўдзіцца. Гэта было б проста здорава! Можа, не заўжды прызнаючыся сабе, ён найбольш за тым і імкнуўся сюды — за тысячу кіламетраў, праз пяць гадоў выгнання.